«Казалі, каб я вяртаўся дадому». Былога басіста The Toobes збілі ў Варшаве
Музыка Антось Жыванаў жыве ў Варшаве дзевяць гадоў. Ён былы басіст гурта The Toobes. Нядаўна ён быў збіты ў цэнтры горада за расейскую мову.
Фота: сацыяльныя сеткі
Здарэнне адбылося 1 ліпеня.
«Мы былі са знаёмымі ў парку, размаўлялі пра вайну ва Украіне, рабілі гэта па-руску. Побач ішлі два палякі. Яны сталі глядзець на нас, што мы робім. Селі на суседнюю лаўку і пачалі з намі размаўляць па-руску, у іх быў акцэнт.
Яны запыталіся, чаму мы не ў войску і не баронім Украіну. Таксама яны расказалі, што такіх, як мы, тут не чакаюць, нам трэба вяртацца ва Украіну. Я так зразумеў, што ўкраінцаў яны таксама не любяць», — расказвае Антось.
Пасля хлопец патлумачыў, што яны беларусы.
«Гэтыя два палякі адразу пачалі гаварыць, што мы краіна-агрэсар, сталі выганяць нас з парка. Крычалі, што ў Польшчы такія людзі не патрэбныя. Я бы ацаніў гэта ўсё як нейкі нацыяналістычны настрой з іх боку.
Мы са знаёмымі сталі адходзіць, яны за намі. Я яшчэ тлумачыў, што жыву ў Польшчы ўжо дзевяць гадоў. «Вяртайся дадому», — адказалі гэтыя мужчыны», — згадвае ён.
Пасля гэтага адзін з іх ударыў Антося па галаве. Музыка ўпаў, страціў прытомнасць і пашкодзіў нагу.
«Сябры мае, канечне, былі ў шоку, — кажа ён. —
Сярод іх былі музыкі, якія ў Польшчу прыехалі на рэабілітацыю пасля таго, як іх збілі амапаўцы.
Перад тым, як я атрымаў па галаве, мы размаўлялі пра тое, што беларусаў цяпер ніхто не любіць: ні расіяне, ні ўкраінцы. І цяпер, атрымліваецца, і палякі».
Фота: сацыяльныя сеткі
Потым Антось убачыў, што ў яго ідзе кроў. Ударылі яго маленькім кастэтам.
«Выглядалі гэтыя два мужчыны гадоў на 40. Наконт іх не ведаю, але мы ў стане алкагольнага ап'янення не былі.
Спачатку мы пайшлі купляць лёд, спынялі кроў. У гэты самы дзень я пайшоў у паліцыю і падаў заяву. На наступны дзень яны паехалі на месца, каб паглядзець камеры відэаназірання. Сказалі, што калі знойдуць мужчын, то мне трэба будзе прыехаць і спраўдзіць, што гэта тыя. Гаварылі, што ў такім выпадку будзе суд. Наконт таго, наколькі верагодна іх знайсці, нічога не сказалі», — дзеліцца хлопец.
Цяпер Антось адчувае сябе нармальна. У бальніцу ён не звяртаўся.
«Саму сітуацыю ўспрымаю нармальна. Сярод палякаў ёсць людзі, якія любяць Лукашэнку, ходзяць на 9 мая да расійскай амбасады. Цяпер СМІ ў Еўропе пішуць пра Беларусь, як краіну-агрэсара. Тут мала людзей ведае аб пратэстах, палітвязнях. Атрымліваецца, што ніхто не ведае пра 2020 год, але ўсе ў курсе, што Беларусь замяшаная ў вайну».
Чытайце таксама:
Польшча пачне прымаць заявы беларусаў на гуманітарныя дазволы на жыхарства з 8 ліпеня
Ад 20 да 100 адсоткаў у плюс. Як змяніліся цэны на тэхніку ў параўнанні з лютым





