Знайсці
05.07.2022 / 12:101РусŁacБел

У Егіпце акулы нападаюць на турыстаў. Эксперт называе верагодныя прычыны

Дзве жанчыны загінулі ў выніку нападаў акул у Хургадзе, у Егіпце. Атакі адбыліся на адлегласці ў некалькі сотняў метраў. Акулы звычайна не палююць на чалавека, таму выпадкі нападу марскіх драпежнікаў на людзей рэдкія. У інтэрвʼю Onet эксперт прыводзіць тры магчымыя сцэнарыі, чаму гэта магло адбыцца.

Скрын відэа

Абодва напады адбыліся ля ўзбярэжжа заліва Сахль Хашыш. Першай пацярпелай стала 68-гадовая грамадзянка Аўстрыі. У выніку нападу жанчына страціла руку і нагу. Неўзабаве пасля шпіталізацыі яна памерла. Цела другой ахвяры вылавілі з вады праз некалькі гадзін. Турыстцы з Румыніі было каля 40 гадоў. Яе траўмы сведчылі аб нападзе драпежніка.

Паводле Якуба Кордаса, кіраўніка афрыкарыюма Уроцлаўскага заапарка, абодва напады мог здзейсніць адзін і той жа драпежнік.

— Я думаю, што мы даведаемся больш праз некалькі тыдняў, таму што трэба, сярод іншага, сабраць як мага больш даных, уключаючы ідэнтыфікацыю выгляду акулы, якая напала. Для гэтага неабходныя спецыяльныя даследаванні. Спецыялісты ў гэтым тыпе падзей здольныя вызначыць від, які напаў, напрыклад, па слядах ад зубоў, — тлумачыць ён.

Напады рэдкія, але здараюцца

У апошнія гады напады акул былі адносна рэдкімі ў прыбярэжным рэгіёне Чырвонага мора Егіпта.

У 2020 годзе ўкраінскі хлопчык страціў руку, а егіпецкі экскурсавод — нагу. Чаму дзве жанчыны загінулі ў адзін дзень? Эксперт называе тры магчымыя прычыны.

Першая гіпотэза заключаецца ў тым, што ахвяры несвядома трапілі на тэрыторыю акул. Падазраю, што ў абодвух выпадках напад здзейсніла адна і тая ж акула. Здарэнні раздзяляла невялікая адлегласць, таму першапачаткова можна зрабіць такую выснову.

Акула магла адчуць нейкую пагрозу, і таму напала. Варта памятаць, што акулы нападаюць на людзей у большасці выпадкаў не таму, што хочуць нас забіць, а таму, што ім у нейкай ступені цікава ці яны загнаныя ў кут нашай прысутнасцю. Акула не нападае, каб забіць і зжэрці чалавека. Смерць вельмі часта наступае ў выніку крывацёку, таму што раны — па зразумелых прычынах — могуць быць значынымі, — кажа эксперт.

Людзі рэдка бываюць ежай для акул

Хоць напады акул на людзей дзеля ежы надзвычай рэдкія, цалкам выключаць такую сітуацыю нельга. У 2010 годзе на курорце Чырвонага мора ў Егіпце адбылося некалькі жудасных здарэнняў. Адзін чалавек загінуў і чацвёра атрымалі раненні ў выніку нападаў акул.

Тады эксперты прыйшлі да высновы, што атакі былі выкліканыя празмерным вылавам рыбы, у выніку чаго для драпежнікаў было занадта мала натуральнай ежы.

— Варты ўвагі той аргумент, што моры і акіяны пусцеюць. Неабходна памятаць, што натуральная харчовая база акул скарачаецца з пагрозлівай хуткасцю. Запасы рыбы і бесхрыбтовых скарачаюцца на працягу многіх гадоў, а навакольнае асяроддзе акіянаў пагаршаецца. Калі ў гэтай мясцовасці прыродныя месцы кармлення былі знішчаныя, акула магла б атакаваць людзей у пошуках ежы. Аднак верагоднасць такога сцэнарыя, на маю думку, вельмі малая, — адзначае Кордас.

Магчыма, акул завабілі спецыяльна

— Ёсць і трэці варыянт, хоць Егіпет даўно абвясціў барацьбу з падобнай практыкай, — дадае эксперт. — У свой час было вельмі папулярна завабліваць розныя драпежныя віды, кідаючы ў ваду дохлую рыбу. Усё гэта для таго, каб забяспечыць турыстаў дадатковымі атракцыёнамі. Такім чынам прыцягнулі і акул, якія зʼяўляюцца вельмі разумнымі жывёламі і хутка засвойваюць, што ежа зʼяўляецца ў вадзе разам з людзьмі. Улады гадамі змагаюцца з такой практыкай, і штрафы вельмі высокія. Аднак існуе верагоднасць таго, што нехта незаконна спрабаваў павялічыць прывабнасць гэтага месца, што скончылася трагічна.

У суботу ўлады Егіпта вырашылі закрыць некалькі пляжаў на гэтым участку ўзбярэжжа Чырвонага мора. Таксама была створаная спецыяльная камісія для вывучэння абставінаў абодвух нападаў.

— Магчыма, спецыялісты знойдуць адказ, чаму так адбылося. Гэта вельмі непрыемная сітуацыя і вялікая трагедыя. Варта памятаць, што калі мы заходзім у ваду ў месцах, дзе сустракаюцца акулы, такая верагоднасць ёсць заўсёды, але верагоднасць нападу акулы на чалавека мінімальная! — кажа эксперт.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
05.07.2022
Ахвяры маглі мець нейкія нязначныя і незаўважныя мікрапашкоджаньні скуры, пра якія ня ведалі. Большасьці акулаў дастаткова некалькіх малекулаў-складнікаў крыві, каб іхны стан прыйшоў да бешанай агрэсіўнасці. У такім стане акула будзе атакаваць чалавека не зважаючы ні на якія іншыя акалічнасьці сваёй прыроды.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031