Знайсці
07.07.2022 / 12:36РусŁacБел

Што з опэн-эйрамі? Падборка летніх культурных падзей на свежым паветры

Сённяшнія афішы ў параўнанні з тым, якімі яны былі да 2020 года, выглядаюць куды бяднейшымі. Той жа «Рок за Баброў» пераносіцца ўжо трэці раз і сёлета зноў не адбудзецца «ў сувязі з геапалітычным становішчам».

Летнія опэн-эйры, якія дапамогуць хоць ненадоўга адцягнуцца ад дрэнных навін, у аглядзе «Нашай Нівы».

Купалле ў Суле

 

Фота: relax.by

На гэтых выходных, 9 і 10 ліпеня, пройдзе апошні купальскі ўікэнд у Суле. Усё, як мае быць, у адпаведнасці з паганскімі традыцыямі продкаў: карагоды, сустрэча з персанажамі беларускай міфалогіі, варажба, ну і, канечне, скокі праз вогнішча.

На дэсерт абяцаюць этнадыскатэку.

Кошт квіткоў: ад 15 да 25 рублёў.

Vulitsa Ezha ў Батанічным садзе

Фота: фэйсбук мерапрыемства

Сёмы сезон гарадскога пікніка Vulitsa Ezha у самым разгары. Новая частка фэсту ў Батанічным садзезапланаваная на 23-24 ліпеня. Акрамя зоны з фудкортам, таварамі ад фермераў і беларускіх дызайнераў, плануецца вялікая (ажно на 15 тысяч квадратных метраў) дзіцячая зона «Мамзлёт», вулічны кінатэатр і выступы музыкаў з дыджэямі (канкрэтныя імёны арганізатары назавуць бліжэй да падзеі).

Кошт квіткоў: 15 рублёў (дзецям бясплатна).

«Наш Грунвальд» у Дудутках

«Наш Грунвальд» у 2021 годзе. Фота: старонка мерапрыемства ва «Укантакце» 

У гэтыя ж даты, 23-24 ліпеня, анансаваны адзін з самых маштабных фестываляў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд». Па традыцыі не абыдзецца без дэманстрацыі бугуртаў (масавых бітваў), конных турніраў і турніраў лучнікаў, алебардыстаў, капейшчыкаў. Музычны інгрэдыент у стылі фолк-рок-метал дададуць Pawa, «Рокаш», «Зямля легенд» і іншыя калектывы.

Кульмінацыяй мерапрыемства стане непасрэдная рэканструкцыя самой Грунвальдскай бітвы. 

Viva Braslav

 

Фота: knews.by

29-30 ліпеня чакаецца спартыўна-музычны фестываль Viva Braslav. На тэрыторыі маляўнічага Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» можна будзе размясціцца з намётам, харчавацца — у зоне фудкортаў.

Праграма фестываля яшчэ дапаўняецца, але ўжо вядома, што там выступяць дыджэі Swanky Tunes & Rompasso, GAYAZOV$ BROTHER$, артысты з Расіі і Украіны — Mari Ferrari, Мары Краймбреры, Jony, Shapov, Dabro, Антон Токараў, мінскі рок-дуэт TEMRA і іншыя.

Viva Braslav праходзіць з 2013 года, і ў мінулым годзе, па адзнаках арганізатараў, яго наведала каля 30 тысяч чалавек, так што сумна і самотна на паўночным захадзе краіны дакладна не будзе.

Кошт квіткоў: ад 45 да 990 рублёў (у залежнасці ад абранага набору прывілігей і бонусаў).

Музычныя вечары на плошчы Свабоды кожную суботу

Ілюстратыўны здымак. Фота: trakt.by

У свой час мінчукі і госці сталіцы вельмі палюбілі джазавыя вечары ля Ратушы, якія праходзілі пры падтрымцы банка «БелВЭБ». А пасля — і класіку ля ратушы з А1. Цяпер музычныя вечары таксама працягваюцца. Праўда, ужо без еўрапейскіх і амерыканскіх запрошаных джаз-бэндаў.

Новы фармат мае выключна беларускае начынне. Так, 9 ліпеня на плошчы Свабоды выступіць, напрыклад, харэаграфічны калектыў «Харошкі», 16-га — Беларускі музычны тэатр, 23-га — нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча і дзяржаўны камерны хор.

Усю праграму на лета можна глянуць на сайце Мінгарвыканкама.

SPRAVA

Фота: travel.by

Доўгачаканы фестываль SPRAVA вяртаецца пасля зацішша з 2019 года. У 2020-м ён не змог адбыцца ў поўнамаштабным выглядзе, але ўсе набытыя тады квіткі актуальныя для 2022 года.

Ехаць на «Справу» можна толькі дзеля лакацыі: прырода паўвострава каля вёскі Белая Царква ў Віцебскай вобласці нікога не пакідае абыякавым. Самы кайф — выбрацца на прыроду з намётамі адразу на два дні, слухаць музыку з ранку да ночы, займацца ёгай і есці смачнае на палявой кухні ці ў кропках на фудкорце.

З ужо вядомых удзельнікаў праграмы — Аркестр «ОКО», электронны дарк-этна-праект DAH і музыка-шаман з Гародні tochka K.

Актуальная інфармацыя наконт фэста будзе з’яўляцца ў тэлеграм-канале арганізатараў.

Кошт квіткоў: 30-70 рублёў

Чытайце таксама:

Тур па Расіі і ўзнагароды ад міліцыі. Што адбываецца ў жыцці праўладных беларускіх зорак?

Мастак стварыў пяціметровую «дошку гонару» з «пакаяннымі» відэа беларусаў — убачанае ўражвае

Індыйскае кіно, расійскія агіткі, але ёсць і рэдкія залацінкі. Якая сітуацыя цяпер у кінатэатрах 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031