Знайсці
05.07.2022 / 17:56РусŁacБел

«Перад сном Каця зверху спускала да мяне руку, мы трымаліся «за лапку». Сукамерніца напісала цёплыя ўспаміны пра Кацярыну Андрэеву, якую судзяць паўторна

Ала Шарко ў сябе ў Фэйсбуку падзялілася ўспамінамі пра журналістку Кацярыну Андрэеву, з якой давялося перасекчыся ў СІЗА на Валадарскага. Цяпер над Кацярынай, якая адбывае тэрмін за стрым з развітання з Раманам Бандарэнкам, адбываецца чарговы суд, ёй пагражае да 15 гадоў.

«Цяжка вяртацца думкамі ў СІЗА, але цяпер трэба. Пра сваіх сукамерніц, сяброў і калег там, думаю штодня, хоць спецыялісты і кажуць, што варта не пагружацца ў траўму, а жыць далей.

Сёння мае «сувеніры» пра Кацю Бахвалаву, прыгожую інтэлігентную журналістку, з якой давялося сядзець падчас яе першага суда. Ідзе другі суд.

З Жодзіна на суды прывезлі «спецкантынгент» (так нас звалі), і ўвечары ў нашу камеру закінулі Кацю Бахвалаву (Андрэеву). Пасля начных этапаў людзі вельмі стомленыя: без сну, холад, сабакі, цяжкія сумкі, не хачу жаргону, але менавіта кешары, бо слова «сумка» з нармальнага жыцця, дзе не хочацца турэмных асацыяцый.

Самыя цяжкія кешары ў палітзэкаў — з лістамі. Бо нейкі час лісты аддавалі, а Каці яны ішлі сотнямі. Мы паказвалі адна адной малюначкі ад незнаёмых, дзіцячыя лісты, паштоўкі, наш скарб. Некалькі паштовак Каця падарыла мне, каб я магла маляваць «з натуры».

Мы стаялі першыя хвіліны, абдымаліся, радаваліся знаёмым тварам, смяяліся як малыя. Мы з Кацяй раней бачыліся ўсяго пару разоў. Так яна пасялілася на шконцы нада мной, мы грэлі ногі адна адной, было халодна. Я заплятала яе валасы раніцай, і прыгожыя хвалі на яе першы суд мы зрабілі коскамі на ноч.

У Каці былі свае кнігі — паэзія Срэбранага веку, яна прыгожа дэкламавала вершы на памяць, яе любімы Салжаніцын, якога яна перачытвала некалькі разоў…

На Валадарцы напісала вельмі пранізлівы верш і яшчэ сумнявалася, ці варта дасылаць у лісце. Яшчэ ў Каці была свая хатняя навалачка для падушкі, раніцай яна яе здымала і мяняла на казённую. Гэта было важна — мець кавалачак нармальнага жыцця там. Перад сном Каця зверху спускала да мяне руку, мы трымаліся «за лапку» і жадалі добрых сноў, пад гукі сірэны адбоя, непрыемныя гукі. А калі Каціна суседка гучна храпла, Каця інтэлігентна казала: «Лена, я вас вельмі прашу, не храпіце, я сур’ёзна». Гэта было невыносна міла. А Лена храпла кожную ноч, ды й не адна яна.

Добры занятак — піць каву-гарбату. Каб не апячы вусны, Каця піла сваю любімую зялёную гарбатку з пластыкавай банкі ад жодзінскага салата з «атаваркі», а мы з вядомага алюмініевага кубка, гуляючы ў гульню «паспець піць гарачую каву і не апячыся».

У камеры мы з дзяўчатамі часта выдурняліся, гумар нас ратаваў. Давалі імёны прарошчанай цыбульнай сямейцы, глядзелі на мышак, што пад’ядалі нашы грушы-яблыкі, гулялі ў «мафію». На прагулках мы танчылі, было страшна марозна, а танцы сагравалі і давалі настрой. Нейкія з парных танцаў танчыла разам з Кацяй, яна хутка навучылася і стала часткай нашага «камернага ансамбля».

Голасна пелі прыпеўкі пра Сямёнаўну, перайначваючы словы пад нашу рэчаіснасць. На Валадарцы троху інакш, чым у Жодзіне, і Каця радавалася і нашай кампаніі, і аднаразовай брытве, і масачкам-крэмам.

На суд апранулася ў белае. Яна прачытала нам сваё апошняе слова. Яе голас і інтанацыю магу лёгка дастаць з памяці. Каця разумее сваю ролю і місію, думаю, гэта ёй дапамагае цяпер. Калі яна вярнулася з прысуду ў камеру, нібыта наша агульная надзея на хуткую норму памерла.

Мы так спадзяваліся, што яе выпусцяць.

Пелі ёй песні «Дамоў», «Дэмабілізацыя», калі яе выводзілі з камеры на пасяджэнні, але цуда не здарылася. Потым мы доўгі час не пелі ўвогуле, настрою не было.

Вельмі чакаю Кацю. Бо ў нас былі планы — піць гарбату і віно з прыгожага посуду ва ўтульнай бібліятэцы. Размаўляць.

Каця расказвала пра дзядулю і бабулю, пра бацькоў, пра каханага мужа Ігара Ільяша. У любой перадачы і лісце лавіла промні кахання з дому, як і кожная з нас.

Доля блізкіх вязняў, хто іх чакае кожную хвіліну кожнага дня і ночы, якая яна цяжкая. Думкамі і сэрцам з вамі».

Журналістку Кацярыну Андрэеву зноў судзяць. Ёй пагражае да 15 гадоў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031