Знайсці
05.07.2022 / 21:14РусŁacБел

У Расіі таксама ёсць «рэйкавыя партызаны». Яны ладзяць дыверсіі на чыгунцы і падпальваюць ваенкаматы

З канца лютага ў СМІ і сацсетках з'явіліся паведамленні пра як мінімум 23 атакі на ваенкаматы ў розных рэгіёнах Расіі, падлічыла выданне The Insider. З гэтых 23 нападаў 20 былі падпаламі — у асноўным, з ужываннем «кактэйляў Молатава». Некаторыя з нападаў былі знятыя на відэа самімі ж падпальшчыкамі. У мінулым годзе такіх выпадкаў не было. Таксама пасля пачатку вайны з Украінай у Расіі пачасціліся аварыі на чыгунцы.

Дыверсія на чыгуначнай ветцы, якая вядзе да вайсковай часці. Рэйкі замкнёныя провадам для таго, каб сігнальны ток не дэтэктаваў размыкання. Фота: БААК

The Insider падлічыў, што, па паведамленнях у СМІ, з сакавіка па чэрвень у розных рэгіёнах сышлі з рэек 63 таварныя цягнікі. Гэта амаль у паўтара раза больш, чым за той жа перыяд мінулага года.

Аварыі здараліся ў асноўным на захадзе і паўднёвым захадзе Расіі, часам побач з вайсковымі часцямі. Адзін з такіх выпадкаў — пашкоджанне чыгуначнага моста ў памежным раёне Белгарадскай вобласці ў красавіку.

У чэрвені часопіс «РЖД-партнёр» пісаў са спасылкай на Дзяржчыгуннагляд, што больш за 55% аварый таварных цягнікоў у апошнія чатыры месяцы былі звязаныя са станам чыгуначных шляхоў. Але пры гэтым расійская ФСБ як мінімум аднойчы адсправаздачылася аб затрыманні людзей, якія нібыта рыхтавалі дыверсіі на «аб'екце транспартнай інфраструктуры» ў Белгарадскай вобласці.

У маі телеграм-канал «Осторожно, новости» без спасылак на крыніцы напісаў, што ФСБ шукае сябраў нейкай «баявой арганізацыі анарха-камуністаў», якая распавяла ў тэлеграме пра дыверсію на чыгунцы ў Падмаскоўі. Сілавікі выехалі на месца і высветлілі, што хтосьці часткова развёў рэйкі на ўчастку, які вядзе да вучэбна-тактычнага цэнтра 12-га Галоўнага ўпраўлення Мінабароны, якое адказвае за ядзерную зброю.

The Insider высветліў, што пасля пачатку вайны людзі, якія называлі сябе ўдзельнікамі «баявой арганізацыі анарха-камуністаў» (БААК), сталі публікаваць у тэлеграме інструкцыі аб тым, як ладзіць аварыі на чыгунцы, і расказвалі пра ўласныя паспяховыя «аперацыі». Яны ўзялі на сябе адказнасць не толькі за дыверсіі з цягнікамі, але і за падпалы ваенкаматаў, вежаў сотавай сувязі ды аўтамабіляў праўладных актывістаў.

The Insider піша, што БААК стала «найбольш актыўнай падрыўной «сілай» у Расіі пасля пачатку вайны.

Чальцы БААК, з якімі звязаўся карэспандэнт выдання, распавялі, што арганізацыя існуе ўжо некалькі гадоў, але заявіла пра сябе публічна толькі пасля пачатку вайны.

Ідэя з дыверсіямі на чыгунцы ўзнікла пасля пачатку «рэйкавай вайны» ў Беларусі, заявілі суразмоўцы The Insider. «Сабатаж на чыгунцы — гэта адносна просты ў выкананні і вельмі эфектыўны спосаб нанесці страты арміі праціўніка. Прычым з мінімальнай рызыкай для цывільных асоб, пры правільным выкананні. <…> Усё гэта можа сур'ёзна аслабіць узброеныя сілы Расіі і аказаць уплыў на тое, як хутка вайна спыніцца», — заявілі ў БААК.

Удзельнік арганізацыі па імені Іван расказаў, што анархісцкі партызанскі рух у Расіі дэцэнтралізаваны. Па звестках на красавік, па ўсёй краіне дзейнічалі ад 20 да 40 яго ячэек, сцвярджае Іван.

Удзельнікам «рэйкавай вайны» не патрэбная спецыяльная падрыхтоўка — дастаткова метадычак ад БААК, сцвярджаюць у арганізацыі.

Пасля пачатку вайны яна спрабуе збіраць данаты ў інтэрнэце і запусціла телеграм-бот для прыцягнення новых удзельнікаў.

У дыверсіях удзельнічаюць людзі з рознай ідэалогіяй, расказаў The Insider прадстаўнік ячэйкі, якая ўзяла на сябе адказнасць за падпал машыны ніжагародскай актывісткі, што збірае ахвяраванні для расійскага войска.

«Сярод нас ёсць як анархісты, так і нацыяналісты (але апошніх менш). У кожнага свая гісторыя. Мы — антысістэмная арганізацыя, у тонкасцях палітычнага кіравання будзем разбірацца пасля таго, як рэжым рухне або хоць бы аслабне», — заявіў ён.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера