Знайсці
06.07.2022 / 14:02РусŁacБел

Параўналі цэны на базары на выхадных і ў будні

Ці праўда, што прадаўцы падымаюць цэны на рынках на выхадных? Гэта вырашылі праверыць журналісты Onliner і адправіліся на Камароўскі рынак у Мінску. 

Журналісты паглядзелі цэны ў сераду і на выхадных.

Субота, поўдзень

Цыбуля і буракі каштуюць тыя ж 3,99 рубля. Перац патаннеў: быў 8 рублёў, стаў 6,5.

У фруктовай краме з'явіўся інжырны персік на 2 рублі даражэй. Падпісаны «Грэцыя», як і ў сераду, але цэннік іншы. І знік надпіс «Мора соку». Быццам са знікненнем соку персікі трэба цаніць вышэй. У астатніх коштах розніцы не бачым.

Чарніцы і лісічкі каштуюць тыя ж 5 рублёў за шклянку і 18 за кіло.

На 5-50 капеек у суботу падаражэлі памідоры і перцы ў прадаўца з шырокім асартыментам.

Бульба «Каралева Ганна» так і каштуе 4 рублі, даражэй за зялёныя бананы. Кошт — за маладосць.

Відавочна, што ніякага «парадку» у скоках цэн няма. У асноўным усё тое ж самае. Але асобны рост сустракаецца, гэта таксама нельга адмаўляць. Ці выкліканы ён днём тыдня?

Ідзём на крыты рынак, у мясны аддзел.

Змен нуль. Відаць, што цэннікі не перапісваліся. Пры гэтым тут вынік якраз нечаканы, бо раней у асабістых гутарках прадаўцы прама казалі: свіная шыя ў будні дні каштуе танней, бо шашлычнікі звяртаюцца ў пятніцу і суботу, а свіння не гумавая.

Нядзеля, 18:30

Не атрымаўшы чаканага выніку ў суботу, ідзём ва-банк. Логіка такая: «Не паспелі прадаць? Ці будзеце выкідваць? Окей, бяру за капейкі».

На рынку засталася прыкладна чвэрць прадаўцоў — усе актыўна збіраюцца, перакладваючы прадукты назад у скрыні.

 

Ніякіх шыльдаў «Фінальны распродаж» ці «Усё па рублі» не бачым.

— Куды вы складваеце свае памідоры (па 8 рублёў), — удакладняе журналіст у прадавачкі. Яна нешта адказвае і атрымлівае прапанову. — Па 5 рублёў прадасце?

— Не, вядома, — хутка завяршаецца спрэчка.

Хаця невялікую скідку даць можа, але так можна пагандлявацца і ўдзень.

Паразмаўлялі журналісты яшчэ з адным прадаўцом, які гандлюе зелянінай. Нядзельным вечарам ён вяртаецца дадому з некалькімі скрынямі прадукцыі, з якой атрымаецца карысны перагной. Чаму не распрадаўся за капейкі?

Вось яго адказ:

— Я з цаной не люблю гуляць: няма сэнсу. Мая прадукцыя каштуе столькі, колькі павінна каштаваць. Не паднімаю цэны і не апускаю. Калі трэба з'ехаць раней, я акругляю: узважылі на 13 рублёў — давайце 10.

Але не для ўсіх.

— Ёсць шкодныя людзі, якія ходзяць пасля абеду па нядзелях. Падыходзяць і ўсім выглядам робяць табе ласку: а што так дорага, выкінеце ж!

Я такім кажу, што пучок за рубель каштуе два. Лепш выкіну, мне ад тваіх двух рублёў саладзей жыць не стане. А калі чалавек добры, то на пяць рублёў накладу хоць пяць кілаграмаў — на здароўе, не шкада, калі застаецца.

Калектыўны прадавец: няма ніякіх сакрэтных дзён

Прадаўцы, з якімі паразмаўлялі журналісты, адмаўляюць дынаміку коштаў на працягу тыдня. Вось іх аргументы:

— Галоўны фактар — закупка. Яна расце — і ў нас расце, падае — мы таксама зніжаем.

— Цэны растуць, калі на рынку ёсць дэфіцыт чагосьці. Напрыклад, не хапае шпінату — можна паднімаць кошт.

— Усе бяруць столькі тавару, колькі могуць прадаць. Прамых паставак на Камароўку даўно няма, каб прывезлі фуру і яе трэба было тэрмінова распрадаць. Свае партыі ўсё захоўваюць у халадзільных камерах. Што не прадалося ў нядзелю, спакойна паляжыць да аўторка.

— Часам па нядзелях некаторыя «фірмы» (гэта тыя, хто наймае прадаўцоў — такіх большасць на рынку) на самой справе перапісваюць кошты. Але гэта не распродажы за бясцэнак, вядома.

— Страты ў гандлі — звычайная справа, усе прызвычаіліся. Частка тавару псуецца — выкідваем. Калі тавар свежы, ніхто цану апускаць не будзе.

— Калі вы хочаце верыць у тое, што кошты змяняюцца на працягу тыдня, то глядзіце шырэй. На рынку можна назіраць яшчэ два ўсплёскі: гэта пачатак і канец месяца, калі людзі атрымліваюць заробак.

— Па буднях, вядома, людзей менш. Але і прадаўцоў прыкладна на трэць менш: многія працуюць толькі па выхадных. Так што дэфіцыт попыту кампенсуецца дэфіцытам прапановы.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031