Знайсці
07.07.2022 / 12:245РусŁacБел

Беларусы катэгарычна супраць удзелу Беларусі ў вайне, ухваляюць адмову беларускіх вайскоўцаў ваяваць, а саму вайну называюць бессэнсоўнай — даследаванне

Большасць беларусаў не падтрымлівае дзеянняў расійскай арміі. Ад вайны чакаюць негатыўных наступстваў як для Беларусі ў цэлым, так і для сябе асабіста, а вайну называюць бессэнсоўнай. Апытанне беларусаў на тэму, як вайна Расіі супраць Украіны змяняе погляды на замежную палітыку, правёў Chatham House.

Chatham House апытаў 804 рэспандэнта з 6 па 17 чэрвеня 2022 года. У выбарку трапіла толькі гарадское насельніцтва. Апытанне было праведзенае з дапамогай інтэрнэт-інтэрвʼю (CAWI), што азначае, што выбарка была абмежаваная карыстальнікамі інтэрнэту. Хоць па розных крыніцах, 75—82% насельніцтва Беларусі выкарыстоўвае інтэрнэт, інтэрнэт-карыстальнікі — больш эканамічна і сацыяльна актыўныя. «Таму, нягледзячы на тое, што выбарка была ўзважаная, каб дакладна адлюстраваць структуру беларускага грамадства, ёсць верагоднасць, што падтрымка Лукашэнкі і яго палітыкі можа быць трохі вышэйшай, чым адлюстравана ў апытанні, паколькі прыхільнікі Лукашэнкі часцяком менш сацыяльна і эканамічна актыўныя, чым яго праціўнікі».

У той жа час даследчыкі прызнаюць, што адхіленні могуць быць і ў адваротны бок — праз сітуацыю ў Беларусі рэспандэнты маглі не быць дастаткова шчырымі, што таксама мела ўплыў на вынікі. У апытанні звяртае на сябе ўвагу вялікая колькасць тых, хто не вызначыўся з меркаваннем. Магчыма, гэта таксама спосаб унікнуць адказу.

Падтрымка ваенных дзеянняў РФ ва Украіне

У чэрвені 2022 года стаўленне беларусаў да вайны, як і раней, — хутчэй адмоўнае. Адназначных праціўнікаў ваенных дзеянняў расійскай арміі ва Украіне ў два з паловай разы больш, чым адназначных прыхільнікаў: 35% — безумоўна не падтрымліваюць расійскіх вайскоўцаў ва Украіне, 14% — безумоўна падтрымліваюць.

Удзел Беларусі ў ваенных дзеяннях

Адказы на гэтае пытанне сведчаць пра безумоўнае нежаданне беларусаў быць уцягнутымі ў рэальныя ваенныя дзеянні. На пытанне, што трэба было рабіць Беларусі адразу пасля пачатку вайны, 5% адказалі, што трэба было ўзяць удзел у вайне на баку Расіі, 4% — узяць удзел на баку Украіны.

Астатнія — супраць удзелу ў вайне.

«Падтрымаць дзеянні Расіі, але не ўступаць у ваенны канфлікт» — такія дзеянні лічаць правільнымі пасля пачатку вайны 23% апытаных.

18% у суме лічаць, што трэба было «асудзіць дзеянні Расіі» ці «падтрымаць Украіну», але пры гэтым таксама «не ўступаць у ваенны канфлікт».

Самы папулярны адказ наконт таго, што Беларусі трэба рабіць цяпер, — «абвясціць пра поўны нейтралітэт краіны, вывесці ўсе замежныя войскі і не выказвацца на карысць ні аднаго з бакоў канфлікту». Так лічыць чвэрць апытаных.

28% не змаглі адказаць на пытанне ці вырашылі так адказаць.

Ацэнка наступстваў ваенных дзеянняў РФ ва Украіне

Толькі 14% апытаных бачаць нешта пазітыўнае для краіны ў выніку вайны, 10% — адкрываюць нейкія перспектывы для сябе.

Больш за палову апытаных бачаць негатыўныя наступствы як для краіны, так і для сябе. Вялізарная частка — траціна — не змагла адказаць.

Ацэнка паспяховасці расійскіх і ўкраінскіх войскаў

Меркаванні беларусаў па гэтым пытанні, на якое няма адзінага адказу і ў вайсковых аналітыкаў, падзяліліся.

Тых, хто лічыць дзеянні расійскай арміі паспяховымі — 36% (іх крыху паменшала), тых хто лічыць паспяховымі дзеянні ўкраінскага войска — 27%.

«У беларусаў няма адзінага меркавання пра паспяховасць дзеянняў расійскіх або ўкраінскіх войскаў. Ацэнка эфектыўнасці войскаў па-ранейшаму звязаная з палітычнымі поглядамі рэспандэнтаў», — канстатуюць аўтары даследавання.

Успрыманне вайны

Тут рэспандэнтаў папрасілі ацаніць, наколькі яны згодныя ці не згодныя з акрэсленымі сцвярджэннямі.

«Беларускія войскі не будуць удзельнічаць у вайне з Украінай». Тут незразумела, што прасілі спрагназаваць аўтары даследавання — ці адправіць Лукашэнка армію на вайну альбо ці будуць удзельнічаць войскі ў вайне, калі іх усё ж адправяць. 

Нягледзячы на такую нявызначанасць, толькі 7% рэспандэнтаў не пагадзіліся з такім сцвярджэннем. І тут таксама незразумела, што яны мелі на ўвазе.

«Вайна паміж Расіяй і Украінай не мае ніякага сэнсу». Тут назіраецца відавочная дынаміка. За 2 месяцы колькасць тых, хто так думае, вырасла з 33% да 40%. Тых, хто з гэтым не згодны, паменшала з 38% да 29%.

«Беларусь павінна прызнаць незалежнасць ЛДНР». Колькасць згодных з гэтым за 2 месяцы знізілася з 34% да 29%. Колькасць праціўнікаў гэтага сцверджання не змянілася — 26%.

«Расійскія войскі не ўжываюць зброі супраць мірных грамадзян падчас вайны з Украінай». Невядома, ці паўплывалі неяк на адказы разнастайныя артыкулы КК пра ўсемагчымую дыскрэдытацыю, але колькасць тых, хто згодны з выказваннем, знізілася з 41% да 40%, як і колькасць нязгодных — з 34% да 31%.

«Звычайныя беларусы таксама вінаватыя ў тым, што з тэрыторыі Беларусі здзяйсняюцца ваенныя дзеянні супраць Украіны». Колькасць згодных з гэтым тэзісам вырасла і склала 19%. Колькасць нязгодных значна паменшылася і склала 49% (два месяцы таму віну «звычайных беларусаў» адмаўлялі 62%).

«Санкцыі ў дачыненні да Беларусі не закрануць простых людзей». Тут назіраецца рост аптымізму. Тых, хто згодны з такім сцвярджэннем, няшмат — 14%. Але тых, хто з гэтым не згодны, значна паменшала — з 68% да 53%.

Дзеянні беларускіх вайскоўцаў на вайне

«На Вашу думку, як бы ў большасці сваёй паступілі вайскоўцы беларускай арміі ў выпадку, калі Беларусь вырашыць уступіць у вайну на баку Расіі?» — так гучала пытанне, якое сёння шмат хто сабе задае. Можна было выбраць некалькі адказаў.

У тое, што беларускія вайскоўцы «ўзялі б актыўны ўдзел у вайне супраць Украіны», верыць толькі пятая частка апытаных. І колькасць прыхільнікаў такога меркавання за 2 месяцы знізілася.

Астатнія апытаныя схільныя да розных варыянтаў няўдзелу — палон, пабег, звальненні, адмова выконваць загады і г.д.

Адабрэнне адмовы ўдзелу ў вайне арміі Беларусі

«Як бы вы паставіліся да таго 1) калі б вайскоўцы беларускай арміі здаліся ў палон украінскім салдатам, 2) калі вайскоўцы адмовіліся б ваяваць, выконваць загады, склалі зброю?» — так гучала пытанне.

Выявілася, што рэспандэнты горш ставяцца да здачы ў палон беларускіх вайскоўцаў, але падтрымліваюць адмову ваяваць і выконваць загады: 42% за такое выйсце. 

Стаўленне да расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі

Таксама даследчыкі папрасілі рэспандэнтаў вызначыцца наконт стварэння і размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай ваеннай базы, а таксама наконт размяшчэння ў краіне расійскай ядзернай зброі.

За год колькасць згодных на размяшчэнне расійскай ваеннай базы ў нашай краіне амаль не змянілася — каля 25% апытаных. Колькасць праціўнікаў вырасла з 39% да 43%.

Яшчэ большы негатыў выклікае перспектыва размяшчэння ядзернай зброі.

Тых, хто ставіцца да гэтага станоўча ці хутчэй станоўча — 20%. Астатнія — супраць ці хутчэй супраць.

Геапалітычныя перавагі

«Які варыянт саюза з Расіяй найбольш прымальны для вас?» — спыталі ў рэспандэнтаў.

За адзіную эканамічную прастору з адзінай замежнай палітыкай і арміяй выступаюць 13% апытаных, яшчэ 5% — за ўваход у склад Расіі.

Большасць жа беларусаў хацелі б бачыць хаўрус з Расіяй як эканамічны, а не як ваенна-палітычны.

16% не хочуць ніякага з прапанаваных варыянтаў саюзніцтва з РФ.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
07.07.2022
У загалоўку есьць слова КАТЭГАРЫЧНА. Але пры праглядзе справаздачы гэтага ЗУСІМ не бачна.
0
Кастусь /адказаць/
07.07.2022
Ну не хотят войны… А толку? Ведь погонят стадо на убой, оно будет просто блеять и идти… нет там стержня… такова она… лукашистская армия..
0
American/адказаць/
08.07.2022
Взяли оружие и боеприпасы. Подошли к границе, расстреляли росийских командиров и влились в ряды калиновцев. Лукашенко больше всего боится дать оружие белоруским гражданам ,а не того начать не начать военные действия против Украины...
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031