Знайсці
07.07.2022 / 07:53РусŁacБел

Святары дзвюх украінскіх Праваслаўных цэркваў падпісалі Дэкларацыю паразумення

5 ліпеня адбылася першая нефармальная сустрэча святароў Праваслаўнай царквы Украіны і Украінскай праваслаўнай царквы. Яе правядзенню спрыялі дзяржаўныя органы — Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны, Дзяржаўная служба Украіны па этнапалітыцы і свабодзе сумлення. Праходзіла сустрэча на тэрыторыі запаведніка «Сафія Кіеўская», а прынялі ў ёй удзел 21 клірык з абодвух бакоў. Па выніках размовы была заключаная Дэкларацыя паразумення паміж дзвюма Цэрквамі, якія перад гэтым паміж сабой варагавалі.

Падчас сустрэчы. Фота: ethos.org.ua

Праваслаўная царква Украіны — гэта Царква, якая ў 2019 годзе атрымала томас на аўтакефалію ад канстанцінопальскага патрыярха, а Украінская праваслаўная царква — частка Рускай праваслаўнай царквы, якая пасля агрэсіі Расіі супраць Украіны асудзіла пазіцыю патрыярха Кірыла, які выступіў за вайну, і абвясціла пра сваю поўную самастойнасць. 

У Дэкларацыі ўзаемапаразумення, «прызнаючы агульнае імкненне ўкраінскага грамадства да адзінства праваслаўя» і «лічачы адзінства ўкраінскага праваслаўя абавязковай умовай адзінства народа і залогам стабільнасці дзяржавы», бакі зазначылі, што ў міжканфесійных адносінах у сучаснасці яны бачаць адзінства поглядаў:

  • у асуджэнні вайны, якую развязала пуцінская Расія супраць суверэннага народа Украіны;
  • у асуджэнні дэструктыўнай пазіцыі Маскоўскай патрыярхіі, якая, закінуўшы запаветы Божыя, ператварылася ў «прыслугу» пуцінскага рэжыму і дабраслаўляе расійскіх агрэсараў на кровапраліцце;
  • у разуменні неабходнасці яднання для абароны Украіны;
  • у разуменні неабходнасці адзінства ўкраінскага праваслаўя, якое стаяў перад знешнімі і ўнутранымі выклікамі цяперашняга дня;
  • у разуменні неабходнасці адмовы ад агрэсіі, стэрэатыпаў, перадузятасці і мовы ультыматумаў ды варожасці ў зносінах адзін з адным і ў публічнай прасторы;
  • у разуменні неабходнасці адмовы ад некананічнай практыкі перахрышчвання;
  • у неабходнасці асветніцкай працы на месцах з мэтай пераадолення і недапушчэння ў будучыні міжцаркоўных і міжканфесійных канфліктаў;
  • у неабходнасці сыходу ад вузкакарпаратыўных інтарэсаў у міжправаслаўным дыялогу;
  • у разуменні існавання розных мадэляў суіснавання праваслаўных юрысдыкцый і г. д.

Зыходзячы з гэтага, бакі заявілі пра мэтазгоднасць і неабходнасць канструктыўнага дыялогу паміж дзвюма галінамі ўкраінскага праваслаўя і выказалі надзею, што такі дыялог, пачаўшыся па ініцыятыве святароў УПЦ і ПЦУ, стане пачаткам працэсу яднання, да якога будуць прымыкаць царкоўныя грамады, духавенства і «ўсе, каму не абыякавая будучыня духоўнасці народа Украіны». 

Напрыканцы святары заклікалі сваіх іерархаў пачаць афіцыйны дыялог паміж Украінскай Праваслаўнай Царквой і Праваслаўнай Царквой Украіны ўжо да Дня хрышчэння Кіеўскай Русі-Украіны (28 ліпеня), які ў мінулым годзе быў вызначаны як Дзень украінскай дзяржаўнасці.

Дэкларацыя адкрытая да падпісання і абмеркавання духавенствам і вернікамі Украінскай Праваслаўнай Царквы і Праваслаўнай Царквы Украіны. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
16
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930