Інстытут вывучэння вайны: Расія ўзяла аператыўную паўзу
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у штодзённай аналітычнай зводцы аб ходзе вайны піша, што 6 ліпеня ўпершыню за 133 дні вайны не было ні звестак пра якое-небудзь прасоўванне расійскіх войскаў, ні афіцыйных заяў пра гэта, што можа сведчыць пра тое, што расійская армія ўзяла аператыўную паўзу.
Фота: AP
«У гэтым выпадку гэта азначае, што расійскія сілы, хутчэй за ўсё, будуць абмяжоўвацца дробнымі наступальнымі дзеяннямі, пакуль яны ствараюць умовы для больш прыкметных наступальных аперацый і аднаўляюць баявыя сілы», — пішуць аналітыкі ISW.
Сярод гэтых спроб атак параўнальна невялікімі сіламі ISW адзначае напады на поўнач і ўсход ад Славянска, ад Лісічанска ў бок Северска і з поўдня ў бок Бахмута.
Украінская ж армія, па меркаванні ISW, спрабуе рыхтаваць контрнаступленне на Херсон, б'е па расійскіх пазіцыях пад гэтым горадам і нанесла ўдар па складзе боепрыпасаў на вакзале ў самым Херсоне.





