Знайсці
07.07.2022 / 11:583РусŁacБел

Борыс Джонсан сыходзіць у адстаўку. Чаму здарыўся брытанскі крызіс

Спачатку супраць яго паўсталі аднапартыйцы, а потым з карабля пабеглі ўжо і найбліжэйшыя паплечнікі — міністры яго ўрада. Галоўная прэтэнзія не да вынікаў працы ці курсу Кансерватыўнай партыі, галоўная прэтэнзія асабіста да прэм'ера. Паплечнікі не проста сумняваюцца ў яго прыстойнасці і сумленнасці — гэта правераная часам праблема Джонсана. Яны губляюць надзею на тое, што ён калі-небудзь выправіцца, піша BBC.

Фота: АР

Пасля чарговага скандалу ў аўторак два цяжкавагавікі з кабінета Джонсана — міністры фінансаў і аховы здароўя — гучна грукнулі дзвярыма. Скандал сам па сабе мала адрозніваўся ад папярэдніх, і Джонсану прад'явілі не за яго, а па сукупнасці.

Следам у адстаўку пацягнуліся прызначэнцы, ніжэйшыя рангам. У сераду не толькі апазіцыя, але і свае ўласныя дэпутаты зладзілі Джонсану разнос у парламенце і запусцілі працэдуру вотуму недаверу.

Любы іншы прэм'ер у брытанскай традыцыі ўжо даўно пісаў бы мемуары, аднак нават загнаны ў кут Джонсан аказаўся верны сабе і спачатку наадрэз адмовіўся сыходзіць.

«У такіх цяжкіх абставінах і з такім каласальным мандатам работа прэм'ер-міністра — працаваць далей. Гэтым я і маю намер заняцца», — сказаў Джонсан у парламенце і спісаў свае праблемы на эканамічныя цяжкасці краіны і спробы зрабіць з яго казла адпушчэння.

Аднак лідар бунту на караблі Саджыд Джавід, былы міністр фінансаў, а да цяперашняй адстаўкі — аховы здароўя, сказаў, што справа не ў тым, як Джонсан спраўляецца з рэкордным ростам цэнаў, брэкзітам, энергетычным і іншымі крызісамі ў Вялікабрытаніі.

Справа ў самім Джонсане.

«Грамадства чакае ад усіх нас — ад усіх нас — сумленнасці і прынцыповасці ва ўсім. Гэта не абстрактнае пытанне. […] Эфектыўная дзейнасць урада патрабуе лаяльнасці і калектыўнай адказнасці, вядома, а я інстынктыўна камандны гулец і ў апошні год я цалкам засяродзіўся на эфектыўным кіраванні. Аднак у апошнія месяцы ўтрымацца на канаце паміж лаяльнасцю і прынцыповасцю стала немагчыма. Спадар спікер, я ніколі не стану рызыкаваць сваёй прынцыповасцю», — заявіў у парламенце Джавід.

«Я веру, што каманда раўняецца на капітана. Падзеі апошніх месяцаў зрабілі работу ў гэтай камандзе практычна немагчымай», — дадаў ён.

Чым не дагадзіў Джонсан

Згаданыя «падзеі» — гэта чарада скандалаў, кожны з якіх упіраўся ў тое, што Джонсан спачатку ўсё адмаўляў, а потым прызнаваў і прасіў прабачэння. Яго вінавацілі ў паталагічнай хлусні і жаданні любой цаной утрымацца ва ўладзе.

Самым буйным аказаўся скандал з вечарынамі ў рэзідэнцыі Джонсана ў жорсткі лакдаўн і абвінавачваннямі ў тым, што прэм'ер неаднаразова казаў няпраўду ў парламенце, а пасля з'яўлення новых сведчанняў яго хітрасці спасылаўся на дрэнную памяць ці памылку.

Тую ж тактыку ён абраў у апошняй гісторыі з членам яго ўрада, якога абвінавацілі ў сэксуальных дамаганнях да двух мужчын у закрытым клубе. Джонсану паставілі ў віну прызначэнне гэтага дэпутата на высокую пасаду насуперак таму, што той ужо быў замяшаны ў падобнай гісторыі раней.

Джонсан адказаў, што нічога такога не памятае, але потым вырашыў усё ж папрасіць прабачэння — але толькі калі з'явіліся неабвержныя сведчанні таго, што яму дакладвалі пра інцыдэнт асабіста і нават калі ён забыўся, яго сакратар мог лёгка падняць пратакол той сустрэчы і нагадаць.

«Уцякаюць ад пацука»

«Скандалы, амаральныя паводзіны, правалы ў палітыцы прывялі да таго, што цяперашні ўрад развальваецца на вачах», — сказаў лідар апазіцыйнай Лейбарысцкай партыі Кір Стармер і не пашкадаваў нават тых, хто ў выніку ўсё ж падаў у адстаўку.

«Тыя, хто выгароджваў яго ўвесь гэты час, і толькі цяпер сыходзяць — у іх няма ні кроплі прыстойнасці. Падобна, мы маем справу з першым у гісторыі выпадкам, калі карабель, які тоне, бяжыць ад пацука», — сказаў сэр Кір.

Яго Лейбарысцкая партыя ўжо 12 гадоў не можа вярнуцца ва ўладу. А кансерватары дзякуючы брэкзіту і харызме Джонсана, наадварот, маюць цяпер пераважную большасць у парламенце — найвышэйшым органе ўлады ў краіне.

З дэпутатаў ад кіруючай партыі яе лідар (прэм'ер-міністр) набірае сабе кабінет міністраў, а таксама палітычных прызначэнцаў у міністэрствы. Лава запасных у яго доўгая — больш за 200 дэпутатаў падтрымалі яго ў чэрвені, дзякуючы чаму ён пазбег вотуму недаверу.

Відавочных фаварытаў на замену Джонсану няма. Да гэтага часу торы ставілі на яго, але ўсё менш вераць, што ён прывядзе іх да перамогі на наступных выбарах. Аднак пры адсутнасці папулярных альтэрнатыў некаторыя не спяшаюцца спісваць яго з рахункаў.

Яны памятаюць, як Джонсан умее выходзіць сухім з вады.

Яго звальнялі з газеты за выдуманыя цытаты, гналі з партыйнай пасады за хлусню аб пазашлюбных сувязях. Аднак папулярнасць толькі расла. На рубяжы стагоддзяў ён стаў зоркай камедыйных тэлеперадач, выбраўся ў парламент у 2001 годзе, выйграў выбары мэра Лондана ў 2008-м, узначаліў паспяховую кампанію за выхад Вялікабрытаніі з ЕС у 2016-м, атрымаў ад партыі пасаду прэм'ер-міністра летам 2019-га года і праз паўгода выйграў для яе парламенцкія выбары з гіганцкім адрывам ад апазіцыі.

Джонсан не саромеецца і лічыць тую перамогу цалкам сваёй заслугай, а не партыі. У сераду ў парламенце ён так і сказаў — «дадзены мне мандат».

На пытанне, пры якіх абставінах ён усё ж задумаецца аб адстаўцы, Джонсан пад улюлюканне апазіцыі і часткі паплечнікаў адказаў, што толькі ў тым выпадку, калі ўрад будзе цалкам паралізаваны, ці… калі яму будуць перашкаджаць падтрымліваць украінцаў. Іншых прычын ён не называў.

 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Радар/адказаць/
07.07.2022
Скромный -сарамлiвы
0
Ё.Лупень/адказаць/
07.07.2022
Радар, Скромный - сціплы Сарамлівы - стыдливый
08.07.2022
Шкада. Барыс рашучы. Украінцам цяпер будзе цяжэй. Зараз прыйдзе які-небудзь сціплы, або сарамлівы...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031