Перад канцэртам затрымалі арт-менеджара Уладзіміра Булаўскага
Учора ў горадзе Сянно на Віцебшчыне затрымалі Уладзіміра Булаўскага, вядомага арт-менеджара, арганізатара канцэртаў і музыку.
Гэта адбылося ўвечары, перад канцэртам «Купальскае кола», дзе Уладзімір мусіў граць з этна-гуртом «Гук».
«Забралі двое супрацоўнікаў у цывільным, без тлумачэння прычыны. Нібыта завезлі яго ў Віцебск», — расказалі Беларускай радзе культуры сябры Уладзіміра.
Гэта ўжо чацвёртае затрыманне Булаўскага за апошнія два гады. У верасні 2020 года яго асудзілі на 8 сутак і прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). У лістападзе 2021 года — пакаралі 7-сутачным арыштам за «распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» па арт. 19.11 КаАП. І ў лютым, у асноўны дзень правядзення рэферэндуму, яго асудзілі на 15 сутак.