Знайсці
26.07.2022 / 15:201РусŁacБел

«Незадавальняючае пакрыццё». Чаму ў Мінску зніклі вядомыя графіці?

Нядаўна ў Мінску знішчылі мурал «Імгненнасць» гомельскага мастака Уладзя Хвастова (KHVST), які быў створаны пад мостам на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Бабруйскай і праіснаваў там з 2019 года. Да гэтага на сталічнай вуліцы Чыгуначнай быў зафарбаваны мурал аўтарства Міці Післяка. Выпадковасць ці заканамернасць?

Фота: t.me/motolkohelp

У раённых адміністрацыях спачатку не маглі разабрацца, у каго на балансе мост, пад якім яшчэ нядаўно было графіці.

У выніку ў аддзеле гарадской гаспадаркі Кастрычніцкага раёна, куды мы патэлефанавалі як фізічная асоба, нам патлумачылі, што, раз графіці «Імгненнасць» знаходзіцца пад мастом, за той участак адказвае прадпрыемства «Гораўтамост». Там у сваю чаргу распавялі, што на аб’екце правялі рамонт:

«Рамонт звязаны з незадавальняльным пакрыццём».

Наконт таго, ці з’явіцца на тым месцы зноў нейкі малюнак ці застанецца голая сцяна, прадстаўнік прадпрыемства адказаў наступнае: «Гэта ўжо ўсё будзе ўзгадняцца ў адміністрацыі Маскоўскага раёна. І наколькі нам вядома, яны звязваліся з мастаком, каб ён аднавіў мурал, але той адмовіўся».

Пацвердзіць такую ініцыятыву ў адміністрацыі Маскоўскага раёна нам не ўдалося, але сам мастак Уладзь Хвастоў сказаў, што ніякіх падобных прапаноў яму не паступала.

«Не ведаю, каму яны пісалі, але ніякіх лістоў і прапаноў ад адміністрацыі мне не прыходзіла. Але планаў па абнаўленні ў мяне і няма. Гэта занадта працавыдаткоўна ва ўмовах падобнага стаўлення да прац, якія былі зроблены па папярэднім узгадненні».

Фота: суполка Vulica Brasil у фэйсбуку

Да таго, што мурал аднойчы сыдзе ў нябыт, Уладзь быў гатовы даўно: «Такія моманты не радуюць, але, улічваючы падобныя сітуацыі раней, спецыфіку нашага асяроддзя і не вельмі добры стан той сцяны ў самым пачатку працы — я падсвядома быў гатоў да такога», — пракаментаваў мастак «Нашай Ніве».

Як і «Імгненнасць» Уладзя Хвастова, мурал-нацюрморт Міці Післяка па вуліцы Чыгуначнай быў створаны ў рамках фэста Vulica Brasil — праўда, яшчэ раней, у 2017 годзе. Цяпер на яго месцы — шэрая сцяна з чырвона-зялёным сцягам у куце. Гарадскія ўлады адмовіліся каментаваць гэты выпадак па тэлефоне, прапанаваўшы напісаць афіцыйны зварот. Але лічыцца, што малюнак не падабаўся камусьці з мясцовых і на яго скардзіліся. 

Мурал Міці Післяка да ліквідацыі. Фота: citydog.io

«Асобным чыноўнікам першапачаткова не падабаліся ўвогуле ўсе муралы, зробленыя ў межах Vulica Brasil», — кажуць абазнаныя крыніцы.

Працы Хвастова і Післяка — не першыя ў спісе мастацтва вуліц, якое Мінск згубіў. Жыхары вуліцы Рабкораўскай, 21 могуць згадаць сэрца на доме, намаляванае некалі аргенцінскім мастаком у межах Urban Myths, а жыхары Варанянскага 13/1 — «Чалавека без твару» аўтарства грэчаскага мастака iNO. На бетонным мосце каля стадыёна «Дынама» таксама некалі быў яркі мурал. І гэта толькі частка прыкладаў, якія цяпер засталіся толькі на фотаздымках.

Зафарбоўванне мурала «Чалавек без твару». Малюнак апынуўся ў дзясятцы лепшых вулічных графіці свету за кастрычнік 2015 года, але мінскай мастацкай камісіі ў выніку не спадабаўся. Фота: TUT.BY

Ва ўпраўленні культуры Мінгарвыкама адзначылі, што ўсе новыя муралы ў любым выпадку па афіцыйных правілах узгадняюцца мастацка-экспертнай радай па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве пры Мінгарвыканкаме пасля этапу ўхвалення мясцовай адміністрацыяй і раённымі архітэктарамі. Праўда, калі гэты працэс запускаецца самімі ўладамі ці БРСМ, то рухаецца, відавочна, прасцей.

Так, нядаўна пад прыглядам ідэолагаў у Мінску з’явіліся графіці «Сімвалы маёй краіны» з валошкамі на фоне афіцыйнага чырвона-зялёнага сцяга і «Я памятаю, я ганаруся» ў памяць аб перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне.

Фота: адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска

Чытайце таксама:

«Не ведаю, як намаляваць Мікалая Статкевіча». Мастачка прыдумала вышываць палітвязняў — і цяпер гэта ж робяць сотні людзей

Мастак Міця Післяк — пра знішчаны мурал, Мінск і жыццё ў ЗША: Амерыканцы лічаць, што беларусы плацяць у тэрмін, трымаюцца дэдлайнаў і не п’юць

«Ва ўлонні аўтазака нараджаецца грамадзянін». 10 аўтараў беларускага дызайну часоў супраціву

«Яны не прайшлі адбор». Арганізатары выставы «Арт-Мінск» пракаментавалі, чаму знялі карціны дзясяткаў мастакоў 

Nashaniva.com, фота на застаўцы — скрыншот з кліпа Molchat Doma

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
26.07.2022
Это убогое мышление. Кроме как война их ничего не интересует. Шаблоны, зона совкового комфорта. Мир ушел далекоооо вперёд, но они держатся за труп некогда грозного колосса, который исдох за пару лет.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера