У Германіі пабіліся дальнабойшчыкі з Беларусі і Украіны, затрымалі абодвух
Паліцыя нямецкай Баварыі пачала расследаванне ў дачыненні да двух дальнабойшчыкаў з Беларусі і Украіны, якія пабіліся на паркоўцы. Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на паведамленне паліцыі.
Фота ілюстрацыйнае
Інцыдэнт адбыўся 30 ліпеня на паркоўцы Зеехамер-Зее каля федэральнай трасы А8. Адзначаецца, што паміж дальнабойшчыкамі ўзнікла «гарачая спрэчка», але яе прычыны не ўдакладняюцца.
Як паведамляецца, 33-гадовы беларус нанёс 50-гадоваму ўкраінцу сур'ёзную траўму гартані, тады як той душыў свайго суперніка рукамі. Калі паліцыя прыбыла на месца, абодва біліся ў канаве.
Па просьбе пракуратуры Мюнхена офіс крымінальнай паліцыі горада Місбах пачаў расследаванне ў дачыненні да абодвух мужчын. Грамадзяніну Беларусі прад'явілі абвінавачванне ў нанясенні цялесных пашкоджанняў, а ўкраінцу інкрымінуюць спробу забойства.
І ўкраінец, і беларус узятыя пад варту.