Знайсці
14.08.2022 / 12:22РусŁacБел

«Зараз мы цябе ў аўтазак да тлустых закінем». Як склалася гісторыя маладзёнаў са страшнага фота, якое абляцела ўсю краіну

Два гады таму, у першыя дні жнівеньскіх пратэстаў, выйшаў нумар беларускай «Камсамолкі» з фота ахвяр гвалту сілавікоў. На галоўным з іх ляжыць збіты, сіні хлопец, каля яго стаіць дзяўчына ў белым спецадзенні.

На вокладку «КП» трапіла фота Tut.by, які падрыхтаваў рэпартаж са шпіталя

Два гады таму Аляксею Курачову, якога вы бачылі на тым фота, было 20, яго тагачаснай дзяўчыне Марыі Строцавай — 21. Мы спыталі ў маладзёнаў пра гісторыю таго здымка і пра тое, як яны жывуць зараз.

Частка 1. Лёша

«Усе, хто былі ў аўтазаку, пачалі мяне лупасіць дубінамі, берцамі»

Упершыню на мітынг Аляксей трапіў у 2019 годзе — гэта былі пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй. У 2020-м ён стаяў у чэргах на Камароўцы, калі збіралі подпісы за незалежных кандыдатаў, выходзіў на акцыю, калі затрымалі Віктара Бабарыку. Быў у горадзе і ў дні пасля выбараў. Вечар, пасля якога хлопец апынуўся ў бальніцы, — 12 жніўня.

Апошні дзень збору подпісаў за незалежных кандыдатаў. Аляксей — першы злева ў першым шэрагу. Фота: Tut.by

«Увечары накіраваўся да «Рыгі», там мы перакрылі з іншымі хлопцамі дарогу. Крыху пазней нам перадалі сігнал, што да нас едуць мянты, і мы сышлі, мянтам не было каго лавіць. У дварах пагутарыў з рознымі хлопцамі, таксама нашымі, і збіраўся ўжо ісці дахаты, але пабачыў вялікую калону і зразумеў, што не магу не далучыцца да яе.

Пайшоў далей з калонай, спяваў песні. Ішлі ад «Рыгі» да «Камароўкі», потым па вуліцы Веры Харужай, павярнулі ў бок Парка сяброўства народаў. Калі дайшлі туды, я пракрычаў, каб ішлі да бульвара Шаўчэнкі, бо там вузкая вуліца, двары, і сілавікам будзе цяжка зладзіць хапун. Але нейкі мацаваны тып пракрычаў мне ў адказ, маўляў, нам не трэба туды, пойдзем у бок «Макдональдса» на плошчы Бангалор. Да яго далучыўся яшчэ адзін, таксама прапанаваў ісці на Бангалор, хаця было зразумела, што мы там ужо ішлі і там могуць быць мянты.

Наперадзе калоны ехалі веласіпедысты, і адзін з іх папярэдзіў, што перад намі на шляху ачапленне. Людзі пачалі разбягацца, я таксама пабег у двары. У нейкі момант пабачыў, як з боку вуліцы ў мой бок бяжыць вялікі натоўп людзей, разумею, што там, напэўна, хапун. І адначасова з гэтым па сцежцы вельмі павольна ідзе дзяўчына-бландзінка.

Спытаўся ў яе, ці не прыехалі мянты, яна маўчала. Зноў перапытаў яе, і тут ззаду на мяне наваліліся: «Стаяць, с…ка, рукі за спіну!» Адказваю: окей, я не супраціўляюся. Недзе прамільгнула шэрая куртка, падобная была на тым ідыёце, што сказаў ісці да плошчы Бангалор — відаць, падсадны.

Прыбеглі некалькі амапаўцаў, мне адразу прыляцела па спіне дубінай і нагамі ў твар. Мяне ўзялі пад рукі і павялі ўздоўж дома, людзі з вокнаў крычалі амапаўцам: што вы робіце? Тыя адказвалі, што мы нібыта хутка пачнем ім кактэйлі Молатава ў вокны кідаць, а людзі ў адказ: якія кактэйлі Молатава, вы паглядзіце, які ён худы!

Яны вялі мяне і казалі, маўляў, дарма я сёння ім трапіўся. Прывялі мяне да вуліцы, закінулі ў аўтазак.

У мяне была коска, і яны пракрычалі пра мяне, што нібыта падобны да п***ра. Паставілі мяне на калені і адрэзалі валасы, кінулі іх на падлогу. Паклалі тварам у падлогу і сказалі есці валасы, я нічога не адказваў, яны тады мне: ну добра, кладзі іх у кішэню.

Усе, хто быў у аўтазаку, пачалі мяне лупасіць дубінамі, берцамі. Іх быў поўны аўтазак. Я крычу, яны задаюць пытанні. Не важна, што адказваю, яны б’юць далей. Чытаюць мае перапіскі, пытаюцца: «Што ты сябру пішаш «Дабранач», ты што, педзік?» Адзін з іх прыстаўляе дубіну мне паміж ягадзіц і кажа: «Хочаш, я з цябе зараз петушка зраблю?» Адказаў, што не хачу.

Яны білі мяне далей і пыталіся, чаму я туды прыехаў, хто мне заплаціў грошы і хто мой каардынатар. Казаў ім, што мне не плацілі і каардынатара ў мяне няма, я проста чытаю NEXTA. Пыталіся ў мяне пра мае кантакты і ўсё білі па адных і тых жа месцах: па нагах, дупе, заціскалі галаву паміж берцамі.

Увесь гэты час мы некуды ехалі, і тут раптоўна спыніліся. У аўтазак зайшоў нейкі дужы мужчына ў цывільным і пачынае са мной гутарыць. Кажа: «Лёша, у цябе ёсць два варыянты — добры варыянт і варыянт, калі я цябе пакідаю з гэтымі джэнтльменамі. Зараз буду задаваць табе пытанні, адказвай на іх шчыра. Хто твой каардынатар?» Адказаў, што ў мяне няма каардынатара, я чытаю тэлеграм-каналы. Той мужчына не згадзіўся: «Я табе не веру. Хто табе заплаціў?» Кажу яму, што мне ніхто не плаціў. Ён мне: «Што, табе горад наш не падабаецца?» Нармальны горад, але той чалавек яўна не быў у Барселоне.

Мяне выштурхнулі з аўтазака, і нейкі чалавек у камуфляжы ў мяне нешта спытаўся. Я ўжо быў дужа пабіты, у мяне не было сіл адказваць, і тады ён з усёй сілы мяне ўдарыў у вуха. У мяне пачала кружыцца галава.

Гэта ўсё было недалёка ад стэлы. Мяне падвялі да групы мужчын у форме, я расказаў ім, што рабіў тым вечарам. Мяне выслухалі і сказалі: «Зараз мы цябе да тлустых закінем». Мяне падводзяць да іншага аўтазака, з якога ўвесь час даносіліся крыкі, і я бачу, што там збіваюць хлопца, проста робяць з яго адбіўную. Мяне кінулі ў канец аўтазака.

Калі яны скончылі з тым хлопцам, да мяне падышоў амапавец і з усёй сілы ўдарыў мяне ў твар берцамі. Падышлі іншыя, расцягнулі мяне на падлозе і пачалі біць па тых жа месцах, па якіх білі ў першым аўтазаку. Я пачынаю вішчаць, боль проста невыносны, а дзецца нікуды нельга, бо яны вельмі моцна мяне заціснулі. Б’юць, зноў б’юць, я перастаю крычаць і пачынаю разумець хлопца, які казаў, што ў яго ўжо няма сіл крычаць. Я ляжу і маўчу, і тут сілавікі пытаюцца: «Лёшка, ты тут?» Нічога ім не адказваю, і яны кажуць адзін аднаму, маўляў, вырубіўся ад балявога шоку. У выніку выкінулі мяне на зямлю з аўтазака.

Да мяне падышлі некалькі людзей, нехта знайшоў у мяне пульс і сказаў іншым, што я жывы. Пачуў нейкія дзіўныя гукі, пазней зразумеў, што яны стралялі нейкімі кулькамі каля мяне, каб у выпадку, калі я прыкідваюся непрытомным, я выдаў сябе. Але я быў ужо такі пабіты, што мне было ўсё роўна.

Мяне палілі вадой, выклікалі хуткую. Паклалі на насілкі, занеслі ў машыну хуткай, і тут да медыкаў падышоў нейкі сілавік і пачаў ім расказваць, нібыта мне заплацілі вельмі шмат грошай і які я нягоднік. Медыкі яму адказалі, што гэта не іх справа. Сілавік сышоў, мне нешта ўкалолі і я заснуў».

«Ляжаў у Польшчы адзін і думаў, што памру, задыхнуся»

«Прачнуўся ў рэанімацыі. Да мяне падышла доктарка і прапанавала даць інтэрв’ю, каб усе бачылі, што са мной зрабілі. Я пагадзіўся. Потым расказваў бабулям у шпіталі, калі хадзіў на здымкі, тыя казалі паміж сабой, які Лукашэнка нягоднік.

Аляксей і Марыя. Фота: Tut.by

Я ляжаў у тым шпіталі. У нейкі момант у мяне пачалася дужа высокая тэмпература, бо былі моцна пашкоджаныя мяккія тканкі, увесь быў сіні, а такія траўмы прыводзяць да моцнага атручвання арганізма, так што мне калолі антыбіётыкі. У мяне быў таксама зламаны палец, бо закрываўся рукамі ад удараў, меў страсенне мозгу. Палец пазней аперыравалі.

Потым ляжаў дома. Мяне наведвалі сябры, прыязджалі розныя рэпарцёры. Паехаў у Польшчу ў санаторый, пазнаёміўся з класнымі беларусамі, якія таксама пацярпелі ад сілавікоў, але захварэў на кавід і месяц праляжаў у кватэры, якую мне знялі знаёмыя сям’і. Быў там адзін, ніяк не мог выздаравець, тым больш што ў мяне яшчэ астма ёсць. Думаў, што памру, задыхнуся. Званіў дактарам, прасіў: «Дапамажыце мне, калі ласка, я не магу дыхаць!» А яны проста скідвалі мае званкі, бо ў іх кожны дзень з’яўляліся тысячы сваіх хворых.

У нейкі момант вырашыў, што паеду дахаты, што б ні было. Калі прыляцеў з Польшчы, мяне затрымалі ў аэрапорце, спыталі, што рабіў за мяжой. Перагарталі ўсе мае падручнікі з біяфака, дзе я вучыўся, хацелі там нешта знайсці, але праз паўтары гадзіны адпусцілі. Дома мне адразу стала лепей, але тут даведаўся, што ёсць відэа, дзе я перакрываю дарогу, і што я праходжу як сведка па справе.

Стала зразумела, што спакойнага жыцця мне не будзе. Выляцеў у Расію, адтуль паехаў да сваёй тагачаснай дзяўчыны, яна мне дала прытулак. Потым мы паехалі з ёй ва Украіну, дзе жылі ў сяброў, там са мной пачала займацца псіхатэрапеўтка, што мне вельмі дапамагло. Я пачаў вучыць англійскую, паступіў у польскі універсітэт, дзе буду вывучаць біяінфарматыку. З дзяўчынай, Машай, мы разышліся, бо зразумеў, што нам не па дарозе.

Аляксей зараз. Фота суразмоўцы

Зараз я б пагутарыў з тымі амапаўцамі, неяк прысароміў бы іх. Мараль можа выглядаць адноснай з’явай, ты яе ўспрымаеш па-рознаму ў залежнасці ад таго, у якой групе ты знаходзішся і якія там нормы.

Сярод сілавікоў тое, што яны робяць, лічыцца добрым, але ўвесь іх свет вельмі хутка ламаецца, калі задаць ім правільныя пытанні.

Калі яны на тры секунды адыдуць ад свайго звыклага спосабу мыслення, то акажацца, што не трэба так рабіць, як яны робяць. І ў турму іх адправіў бы, вось і ўсё».

Частка 2. Маша

«Даўно разумела, што Лукашэнка — той чалавек, які невядома чаму гвалціць усю краіну»

«Я вучуся ў амерыканскім універсітэце, але вясной 2020 года вярнулася ў Беларусь праз кавід. Хутка пасля гэтага, недзе з мая, пачала хадзіць на пратэсты. Ужо тады мы з сяброўкай гулялі з белымі кветкамі, бо ёсць жа вядомыя словы, што кветкі лепей за кулі.

Вядома, ужо тады было страшна, і гэта нармальна. Зразумела, што калі ты бачыш моцных людзей у чорным, якія стаяць адным шэрагам, гэта не дужа бяспечна. Але пры гэтым была нейкая ўпэўненасць, што горад наш, было неяк спакойна. Гэта быў той час, калі сілавікі ўжо спрабавалі пужаць пратэстоўцаў, але не было неадэкватных збіванняў.

Я была вельмі ўцягнутая ў тое, што адбывалася, падпісвалася за незалежных кандыдатаў, сачыла за ўсімі падзеямі, шмат разважала.

Ведаю з дзяцінства людзей, якія ставіліся да Лукашэнкі ці нейтральна, ці станоўча, але я вельмі рана даведалася, што гэтая сістэма — пра гвалт. Ведала пра рэпрэсіі ў Савецкім Саюзе, пра Курапаты, пра ГУЛАГ, праз які ў мяне прайшла частка сям’і, разумела, што Лукашэнка шмат чаго паўтарае з тых часоў.

То-бок я даўно разумела, што Лукашэнка — той чалавек, які невядома чаму гвалціць усю краіну, чалавек некампетэнтны, жорсткі, зайздрослівы. Таму, калі пратэсты пачаліся, я магла толькі сказаць: нічога сабе, нарэшце! Давайце ўжо пачнем нешта з усім гэтым рабіць.

На выбары я ішла ў майцы з карцінай [Хаіма Суціна] «Ева», у беларускай народнай спадніцы і з белай стужкай. Здаецца, усе разумелі, за каго я буду галасаваць, і я бачыла па вачах, што большасць людзей у чарзе прагаласуюць за таго ж чалавека.

Вядома, я прагаласавала за Ціханоўскую, сфатаграфавала бюлетэнь — па-мойму, зрабіла гэта няправільна.

Марыя Строцава. Фота суразмоўцы

Ведала, што нешта будзе адбывацца ў той дзень, але не ведала, што. Чакала, што будзе фальсіфікацыя выбараў, але і што людзі выкажуць сваё незадавальненне, бо яно было паўсюль, яно не магло проста знікнуць.

Вечарам некалькі гадзін мы чакалі, пакуль вывесяць вынікі галасавання на ўчастку, але іх усё не вывешвалі. У выніку прыехаў АМАП, вывез [выбарчую] камісію і папужаў людзей. 

У тыя, першыя ночы я выходзіла ў горад, але не была там, дзе людзей найбольш моцна збівалі. Памятаю, як мы ўсе перажывалі, як нам званілі блізкія людзі з іншых краін па мабільнаму, хаця гэта і дорага, і пыталіся, што ў нас адбываецца. Людзі ў горадзе глядзелі адно на аднаго разгублена, у паветры нібыта нешта было разліта».

«Тады было адчуванне, што сілавікі могуць шалець, але пры гэтым нічога не зробяць»

«Раніцай 12 жніўня я выйшла на самы першы пратэст з кветкамі на Камароўцы. Проста пабачыла, што там збіраюцца жанчыны, і ўнутры сябе зразумела: трэба ісці. Жыла тады зусім блізка ля рынка, таму проста адкрыла шафу, знайшла там белае адзенне і пайшла на пратэст. Там было вельмі шмат сябровак, нават тыя, з якімі я ўсё лета не магла сустрэцца.

У мяне ёсць адчуванне, што ў тым, як мы там стаялі, была нейкая годнасць і бясстрашша, унутраная сіла. Вакол ездзіла вельмі шмат мянтоў, пад’язджалі аўтобусы і падыходзілі сілавікі. Мы глядзелі ім у вочы, разумелі, што яны могуць пачаць нас паліваць вадой і вязаць, але мне ў той момант не хацелася ад іх збягаць.

Яны нас спужаліся, бо ім было незразумела, што з намі рабіць. Ну што ты зробіш з жанчынамі ў белым з кветкамі? Потым яны прыдумалі біць і саджаць, але тады было адчуванне, што яны могуць шалець, але пры гэтым нічога не зробяць.

Увечары 12 жніўня, калі мой тагачасны хлопец Лёша не вярнуўся дахаты, я зразумела, што нешта адбываецца, чалавек проста знік. Не магла нічога зрабіць і была вымушаная проста чакаць, і недзе ў 6 раніцы даведалася ад яго мамы, што Лёша ляжыць у рэанімацыі.

Не ведала, што гэта значыць, яму ж і пазваночнік маглі паламаць. У рэанімацыі тады працавала знаёмая сям’і, і яна перадала, што ўсё не так крытычна, тады я крыху супакоілася. Тады мне яшчэ трэба было ісці ў брытанскае пасольства, каб падавацца на візу, бо павінна была ехаць вучыцца ў Шатландыю, і ў мяне захавалася фота, якое мне зрабілі ў пасольстве. Звычайна ж неяк хвалюешся, дадуць табе візу ці не, а ў мяне па тым фота бачна, наколькі мне было ўсё роўна.

Далей я паехала ў рэанімацыю, і мне дазволілі прайсці да Лёшы. Думаю, у той жа дзень прыйшлі людзі з камерамі. Я не вельмі хацела, каб нешта публікавалі, але Лёша пажадаў усё ім расказаць, і так з’явіўся той артыкул. 

Потым я ездзіла да Лёшы ў шпіталь, працягвала выходзіць на пратэсты. Ёсць вядомае фота, дзе мы з сяброўкамі, перад Чырвоным касцёлам, стаім проста перад АМАПам. Тады адчувала вялікую злосць на сілавікоў, бо збілі дарагога мне чалавека. Мы здолелі разгаварыць хлопца з АМАПу, прымусілі яго зняць маску.

Фота: Ірына Арахоўская / Белсат

У верасні я з’ехала з краіны, каб вучыцца ў Шатландыі. У кастрычніку затрымалі тату [паэта Дзмітрыя Строцава], і было вельмі страшна за яго жыццё. Адчувала сябе бездапаможнай праз тое, што нехта, каго вельмі люблю, знаходзіцца ў руках тых людзей. Страшна баялася, што яму не перадалі лекі для сэрца, хаця ў яго і няма нейкіх хвароб, якія б пагражалі жыццю. Калі прыехала дахаты, адчувала, што мяне трасе.

Лёша прыехаў да мяне ў Шатландыю, хварэў там, я яго лячыла. Потым мы некалькі месяцаў правялі ва Украіне. Далей зразумелі, што трэба ехаць у Польшчу, і нейкі час жылі там у сяброў. Потым Лёша займаўся паступленнем і вучыў польскую мову, я да яго часам прыязджала.

Восенню 2021 года я вярнулася ў Амерыку, бо мне трэба было працягваць вучобу. Калі пачалася вайна, паехала на кароткі час у Польшчу. Зараз зноў у ЗША, вучуся. З Лёшай мы рассталіся недзе паўтары месяцы таму, ён так пажадаў.

Пра што я зараз мару? Вельмі хочацца, каб скончылася вайна. Таксама ведаю, колькі ў нас у Беларусі афігенных людзей, і жадаю, каб у іх была свабода рабіць нешта творчае. Мне вельмі цікава паглядзець, што б мы ўсе маглі зрабіць, калі б мелі такую магчымасць.

Што б сказала зараз амапаўцам? Здаецца, мне няма пра што з імі гутарыць. Проста хочацца, каб яны ўжо апынуліся ў той турме ці псіхбальніцы, куды іх накіруюць [у нейкі момант]. Нянавісці ў мяне да іх няма, але гэта разбураныя, няшчасныя людзі, іх шкада. Гэта не значыць, што трэба ім усё дараваць і адпусціць іх з мірам, яны небяспечныя для грамадства.

Гэта людзі, якія яўна сутыкнуліся ў жыцці з нейкім гвалтам. Яму яны не далі рады, яшчэ трапілі пад маніпуляцыю, а потым зрабілі свой выбар і прынялі гвалт. Так і атрымалася гэтая ўбогая карціна».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Гэты фатограф здымаў Плошчу Перамен (і не толькі). Вось 10 яго здымкаў і іх гісторыі

Гэтыя хлопцы здымалі абутак на пратэстах — вось што здарылася з імі потым

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
69
Панылы сорам
13
Ха-ха
11
Ого
21
Сумна
92
Абуральна
58
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930