Знайсці
11.08.2022 / 19:075РусŁacБел

«Мае забойцы сумна кажуць: «Аляксей, спыніся, калі ласка». Навальны ў калоніі стварае прафсаюз зэкаў і турэмшчыкаў

«Наогул, за такое ў турме лёгка могуць забіць. Тупа зачыняць у ШІЗА і заб'юць да смерці. Ужо надта дзёрзкім гэта выглядае ў вачах турэмнай адміністрацыі», — расійскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны ў турме спрабуе стварыць прафсаюз, пра што распавёў у Твітары.

Пакуль яго не забілі, проста кожны дзень спецыяльная камісія выносіць яму вымову.

Цяпер Навальны называе сябе лідарам і заснавальнікам «Прамзоны», прафсаюза грамадзян, працаўладкаваных на прадпрыемствах крымінальна-выканаўчай сістэмы.

«Ну а чаму не? Я работнік калоніі. Швачка. І іншыя зэкі таксама работнікі. І ахоўнікі таксама работнікі калоніі. З пункту гледжання працоўных правоў мы не адрозніваемся. Мы можам стварыць прафсаюз для абароны сваіх правоў.

Тыя, хто сачыў за маёй дзейнасцю, ведаюць, што я вялікі прыхільнік прафсаюзаў. Гэта вельмі важна — дамагацца большай зарплаты і лепшых умоў працы. Мы шмат дапамагалі прафсаюзам, і я ведаю, якая складаная і часта небяспечная праца ў па-сапраўднаму незалежным і баявым прафсаюзе.

Ну, калі я заклікаў рабіць гэта іншых, то варта зрабіць гэта і самому, хай нават у самым небяспечным для гэтага месцы, дзе забастоўкі, непадпарадкаванне і сходы прама забароненыя», — распавядае ён.

За страйк у месцах пазбаўлення волі па дзеючым правілах зачыняць у ШІЗА. І, хутчэй за ўсё, стануць катаваць — «гэта, праўда, ужо не па правілах, а па добрай традыцыі», — удакладняе ён.

Таму Навальны пайшоў іншым шляхам — склаў дакументы і адправіў апавяшчэнне аб стварэнні прафсаюза кіраўніцтву.

«Першай узнагародай мне былі дзікія вочы супрацоўнікаў адміністрацыі. Яны думалі, што я жартую, калі я казаў аб прафсаюзе. І цяпер называюць яго выключна «незаконным».

Потым мяне сталі штодня выклікаць на дысцыплінарную камісію і даваць мне вымовы па ўсякіх фармальных прычынах: парушэнне формы адзення і г. д.

Потым да мяне ў барак прыйшла цэлая дэлегацыя і ўрачыста ўручыла мне «перасцярогу аб падрыхтоўцы злачынства».

Яго, на думку адміністрацыі, Навальны рыхтуе, стварыўшы прафсаюз.

Рэакцыя зняволеных таксама пакуль не натхняе.

«Зэкі, шчыра скажу, спалохаліся прафсаюза яшчэ больш за адміністрацыю. Кожны раз, калі я загаворваю пра яго, мае забойцы сумна кажуць: «Аляксей, спыніся, калі ласка. З-за цябе нас наогул ніколі не выпусцяць, і ўсё гэта скончыцца дрэнна».

Ну, прафсаюз — справа добраахвотная. Я нікога не прымушаю. Мой прафсаюз абароніць і правы тых працоўных, хто ў яго не ўступіў. 

Але пакуль на кожнае маё «прафсаюз» хтосьці побач — хоць зэк, хоць мент — паспешліва дадае «з аднаго чалавека», — распавядае Навальны.

Ён лічыць, што прафсаюз з аднаго чалавека — таксама нядрэнна. «Лепш, чым зусім без прафсаюза».

Навальны распавядае, што ў Расіі сядзіць цяпер блізу 600 тысяч чалавек. Пераважная колькасць з іх працуе. І гэта зусім рабская, амаль бясплатная праца ў жудасных умовах.

«Так, большасць работнікаў — злачынцы (хоць шмат невінаватых), але яны павінны загладзіць сваё злачынства па законе. І працаваць па правілах».

Заробак у Навальнага 5173 расійскіх рублі 04 капейкі (каля 220 беларускіх рублёў).

«І гэта ВЕЛІЗАРНАЯ зарплата. Не жартую. Астатнія ў маёй брыгадзе атрымліваюць значна менш. Як жа мы можам без прафсаюза? Нам патрэбны прафсаюз», — рэзюмуе ён.

Навальны распавядае, што яго прафсаюз ужо мае перамогі. Ён перамог табурэткі.

«Калі вы сядзіце за швейнай машынкай па 7-8 гадзін на дзень, паверце, гэта важна. Па ўмовах працы працоўнае месца швачкі павінна быць абсталяванае крэслам-круцёлкай з рэгуляванай спінкай. У рэальнасці ўсе зэкі-швачкі сядзяць на табурэтках. Мая была вышынёй 42 см. Гэта невыносна, рэальна мука, і праз пару гадоў гарантуе сур'ёзнае захворванне спіны», — кажа ён.

Навальны распавядае, што прафсаюз уступіў у «канструктыўны дыялог з працадаўцам — турэмнай сістэмай» і з дапамогай юрыстаў ФБК даказаў, што ў швачак павінны быць крэслы са спінкай.

«Спачатку гэта выклікала здзіўленне. Зэк павінен пакутаваць. Потым нават пачалі хлусіць, што мы сядзім не на табурэтках, а на крэслах са спінкай (дадумаліся ж, так?), а потым — та-да! — у цэх унеслі крэслы са спінкай, а табурэткі забралі. Канструктыўная праца! Усе задаволеныя (ну амаль).

Цяпер адна з задач «Прамзоны» гэтак жа спакойна і канструктыўна дамагчыся замены табурэтак на крэслы са спінкай па ўсёй зоне, потым у рэгіёне, потым для ўсіх швачак на зонах Расіі», — піша ён.

Як любы сапраўдны прафсаюз, «Прамзона» мае сваё СМІ. Гэта телеграм-канал з такой жа назвай. Там ёсць зваротная сувязь, устаноўчыя дакументы і інструкцыя для тых асуджаных, хто таксама працуе ў швейным цэху і хоча замяніць табурэтку на крэсла з рэгуляванай спінкай.

«Увогуле, калі жыццё дало мне лімон у выглядзе турэмнага тэрміну, то трэба ператварыць яго ў ліманад хоць нейкай карыснай дзейнасці для грамадства», — напісаў Навальны.

22 сакавіка Лефортаўскі суд Масквы прыгаварыў Аляксея Навальнага да дзевяці гадоў калоніі строгага рэжыму па абвінавачванні ў махлярстве і непавазе да суда.

У чэрвені 2022 года Навальнага этапавалі ў калонію строгага рэжыму №6 у пасёлку Мелехава Уладзімірскай вобласці. Там яго адправілі ў адзін атрад з асуджанымі за забойствы.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
3
Per aspera /адказаць/
11.08.2022
Навальны і яго каманда - гэта будучае Расіі. Калі у Расіі есць будучыня - гэта Аляксей і уся яго выдатная каманда маладых і разумных , уся да аднаго.
5
Монте Христов/адказаць/
11.08.2022
Сиделец Лёша ,долго не протянет или повесится на 9 году . Зуб даю.
2
Per anus ad astra/адказаць/
11.08.2022
Не жди меня мама, учи слова Лиходей.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера