Знайсці
16.08.2022 / 14:08РусŁacБел

Памерла Алена Кошкіна

Яна была фізікам і пісала пранізлівую паэзію на рускай мове.

Пра яе смерць напісала ў фэйсбуку Юлія Чарняўская.

«Памерла Лёля, Алена Кошкіна. Мы не размаўлялі з ёй у апошнія паўгода — таму, чаму цяпер перастаюць камунікаваць. Мы не сварыліся і не спрачаліся, гэта не мела сэнсу. Я ведала, што яна была чыстым чалавекам, цэльным (занадта цэльным для рэальнасці, што руйнуецца) і верным таму, у што даўно паверыла (занадта верным, так, гэта бывае занадта). У яе ўсё вырашалася раз і назаўжды. Яна не мяняла сваіх перакананняў і поглядаў. Яна была катэгарычная і ўпартая. Бывала рэзкая і несправядлівая. Яна была нялёгкі і… вельмі добры чалавек.

Яна была сапраўды добрая і шчодрая. Яна была мужная. Яна валанцёрыла ў самых страшных аддзяленнях самых страшных бальніц. Выкладала фізіку. Падзарабляла дворнікам, адначасна лепячы для мінакоў снегавікоў, проста — парадаваць. Ніякай працы не цуралася, нічога не баялася. І яна была пранізліва таленавітая. Калі яе вершы хадзілі па Мінску ў спісах, і мне было 18, я марыла з ёю пазнаёміцца. Тады я не ведала, што яе сакрэт — прырода. Прырода паэта. Такімі нараджаюцца. Такой яна была, такой і засталася. Па мне, яна была і засталася дзіва-паэтам.

Тое, што Лёля памрэ, мне стала ясна задоўга да таго, як ёй паставілі дыягназ. Пасля той вясновай ночы, калі на працягу некалькіх хвілін на вачах Лёлі раптам памерла яе дачка Томушка.

Пасля гэтага выратавацца яна не магла і не хацела. Яна хацела да Томушкі.

І калі кожнаму будзе па веры яго, то Лёля ўжо сапраўды з Томушкай. Царства ім Нябеснае. Разам», — напісала Юлія Чарняўская.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера