СБУ паведаміла пра ўстанаўленне імёнаў васьмі марадзёраў з Бучы
Служба бяспекі Украіны паведаміла аб раскрыцці асобаў яшчэ 8 марадзёраў з расійскай арміі, якія адпраўлялі нарабаванае ва ўкраінскай Бучы дадому ў Расію з пошты ў Мазыры. Большасць з іх — расгвардзейцы. Сярод іх ёсць і дэсантнік—гвардзеец з акупаванага Крыма.
Фота: SBUkr/Telegram
«Знаходзячыся на часова акупаванай тэрыторыі Кіеўскай вобласці, захопнікі праводзілі так званыя «зачысткі» населеных пунктаў: рабавалі маёмасць мясцовых жыхароў і марадзёрылі закінутыя дамы, каб пасля адправіць усё гэта сваім родным», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Як адзначае СБУ, следчыя сабралі безумоўныя доказы парушэння імі законаў і звычаяў вайны.
Па звестках СБУ, з 24 лютага па 31 сакавіка ў Бучы гэтыя людзі збіралі кампутарную і бытавую тэхніку, ювелірныя вырабы, гаджэты, адзенне, прадукты харчавання і адпраўлялі гэта адрасатам у Алтайскім і Хабараўскам краях, Сахаліне з паштовага аддзялення ў Мазыры.
Усім ім выстаўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 438 («Парушэнне законаў і звычаяў вайны») Крымінальнага кодэкса Украіны. Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад васьмі да дванаццаці гадоў.
Праўда, ранейшае абвяшчэнне ўкраінскімі дзяржаўнымі органамі аб высвятленні асобы марадзёра скончылася пэўным канфузам. У красавіку тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» апублікаваў некалькі відэа з аддзяленняў службы дастаўкі СДЭК у Мазыры, на якіх відаць, як расійскія вайскоўцы адпраўляюць велізарныя пасылкі ў Расію. На відэа трапіў і 35-гадовы Сяргей Калацэй. Ён адпраўляў ва Ульянаўск вечка багажніка (на кадрах ён быў у цывільнай вопратцы). Неўзабаве Генпракуратура Украіны абвінаваціла Калацэя ў забойстве мірных жыхароў Бучы і назвала камандзірам падраздзялення Нацыянальнай гвардыі Расіі з Ульянаўскай вобласці.
Сам Калацэй адхіляе ўсе абвінавачанні і кажа, што ніяк не звязаны з вайсковымі або сілавымі структурамі, тым больш расійскімі. І сапраўды — за той час, які прайшоў ад абнародвання інфармацыі, Генпракуратура Украіны пакуль так і не прывяла канкрэтных доказаў ягонай віны.
Чытайце таксама:
Беларус, якога абвінавацілі ў забойствах у Бучы, расказаў, што было пасля
«Доказаў дастаткова». Украінская пракуратура пра датычнасць жыхара Мазыра да забойстваў у Бучы
Сяргей Калацэй, абвінавачаны ў злачынствах у Бучы, патлумачыў сітуацыю ў Instagram
Першы абвінавачаны ў забойствах у Бучы беларус? Можа быць памылка: гэты чалавек двойчы судзімы





