«Ён павінен быць знішчаны». Падаляк заявіў, што Украіна разглядае Крымскі мост як законную ваенную цэль
Дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў у інтэрвʼю The Guardian, што ўкраінскія ўлады разглядаюць Крымскі мост, які злучае паўвостраў з мацерыковай часткай Расіі, як законную ваенную цэль, піша «Медуза».
«Гэта незаконнае будаўніцтва і асноўныя вароты для забеспячэння расійскага войска ў Крыме. Такія абʼекты павінны быць знішчаныя», — заявіў Падаляк.
Ён таксама сказаў, што ў найбліжэйшыя два-тры месяцы ў Крыме могуць адбыцца новыя атакі, падобныя нядаўнім выбухам на ваенным складзе ў Джанкойскім раёне і на аэрадромах у Навафёдараўцы і Гвардзейскім.
Украіна афіцыйна адмаўляла сувязь з выбухамі, але неафіцыйна пацвярджала, што датычная да выбухаў на аэрадроме ў Навафёдараўцы.
«Наша стратэгія заключаецца ў тым, каб знішчыць лагістыку, лініі забеспячэння, склады боепрыпасаў і іншыя абʼекты ваеннай інфраструктуры [Расіі]. Гэта стварае хаос сярод расійскіх сіл», — сказаў Падаляк.
У ліпені з’явіліся паведамленні, што расійскія войскі значна ўзмацнілі ахову Крымскага моста.





