Знайсці
21.08.2022 / 14:4611РусŁacБел

Захад, Украіна, Крэмль, Лукашэнка? Хто можа стаяць за забойствам Дар'і Дугінай?

Учарашняе вячэрняе забойства ў Падмаскоўі Дар'і Дугінай, дачкі вядомага ідэолага «рускага свету» Аляксандра Дугіна, не можа не выклікаць пытанняў — каму гэта выгадна і хто за гэтым стаіць? Мала хто сумняваецца, што мішэнню, хутчэй за ўсё, была не загінулая Дар'я Дугіна, якая асабліва не вылучалася з шэрагу іншых шматлікіх прапагандыстаў, а яе куды больш вядомы бацька. І ў сувязі з гэтым узнікае нямала версій таго, хто гэта мог зрабіць і каму гэта выгадна. У тым ліку і канспіралагічных. 

Адзін з апошніх сумесных здымкаў Аляксандра Дугіна з дачкой (крайнія справа) 

Следчы камітэт Расіі заявіў, што «выбух аўто, у выніку якога загінула дачка Аляксандра Дугіна, быў загадзя спланаваны і носіць заказны характар». Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава заявіла, што калі версію пра ўкраінскі след у забойстве Дар'і Дугінай пацвердзяць «кампетэнтныя органы», то гаворку трэба весці пра «палітыку дзяржтэрарызму Кіева». А блізкі паплечнік Дугіна Ягор Халмагораў лічыць, што Дар'ю Дугіну забілі адначасова лібералы, амерыканцы і «істоты з ЕС».

У сваю чаргу, дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк рашуча аспрэчыў любую датычнасць Кіева да гэтага тэракта: 

«Падкрэсліваю, што Украіна, безумоўна, да гэтага не мае дачынення, таму што мы не крымінальная дзяржава, якой з'яўляецца Расійская Федэрацыя, і тым больш не тэрарыстычная дзяржава». 

Ён таксама дадаў, што гэтае забойства сведчыць пра барацьбу за ўладу і ўплыў розных груповак унутры Расіі.

Аляксандр Дугін на месцы выбуху

Пра тое, што гэтая сітуацыя сапраўды можа быць наступствам унутранай барацьбы ў лагеры адэптаў «рускага свету», і не толькі з Расіі, звяртаюць увагу многія іншыя каментатары. Падборку арыгінальных версій таго, каму мог перайсці дарогу Аляксандр Дугін, сабраў у сваім тэлеграм-канале журналіст і блогер Сяргей Харытонаў.

Так, улічваючы тое, што, па сведчаннях людзей, якія разам з сям'ёй Дугіных у суботу прымалі ўдзел у фестывалі «Традыцыя», машына Land Cruiser Prado, якая выбухнула пасля фестывалю, належыць самому Дугіну, але ў апошні момант замест яго ў машыну села дачка, Харытонаву вельмі абгрунтаванай падаецца версія, якую сёння выказаў украінскі блогер і грамадскі дзеяч Барыслаў Бярэза:

выбух, які адбыўся, — гэта спроба прадстаўнікоў расійскай «партыі вайны» прыбраць самога Дугіна як канкурэнта за ўвагу Пуціна. Але, як гэта нярэдка бывае ў расіян, усё пайшло не па плане.

Пры гэтым Харытонаў звяртае ўвагу на тое, што апошнім часам разгортвалася вельмі прыкметная медыйная кампанія па «зліве» Дугіна, у адносінах якога з Пуціным прабег халадок з-за прыніжэння расійскай арміі ва Украіне.

Харытонаў піша, што ўвесь апошні тыдзень у медыя і тэлеграм-каналах калякрамлёўскіх «еўразійцаў» вялася маштабная кампанія па «дыскрэдытацыі» Дугіна (зразумела, па расійскіх паняццях). У чым толькі не абвінавачвалі канкурэнты колішняга пуцінскага фаварыта: у супрацоўніцтве з «Азовам», «вярбоўшчыкамі ўкраінскіх нацыстаў», «бандэраўцамі», «ультраправымі экстрэмістамі»… І пры гэтым адкрыта заклікалі Дугіна адмовіцца ад любой актыўнасці ў публічнай палітыцы.

Пры гэтым цікава, што да кампаніі цкавання Дугіна незадоўга да суботняга выбуху падключыўся і лукашэнкаўскі ідэолаг Аляксей Дзермант, якога ў колах паслядоўнікаў «рускага свету» нярэдка называюць «беларускім Дугіным».

На гэта звярнуў увагу і аўтар аднаго з адыёзных рэсурсаў пад назвай «Бульба престоловъ». Ён адзначыў, што атакі на Дугіна пачаліся з 15 жніўня допісамі на рэсурсах з «сетачкі чырвоных еўразійцаў, у якіх найцяснейшыя сувязі з Лукашэнкам». Як піша рускамірац,

«гэта платная сетачка, якая нікому не патрэбная. Шчырых меркаванняў у іх няма. А тут тыдзень мочаць Дугіна, і я думаю, да чаго. Цяпер зразумела».

І задае пытанне адносна замоўцы: «Беларуская ДРГ? Лукашэнку якраз тэрмінова трэба даказаць сваю карыснасць Захаду. Які лічыць Дугіна галоўным ідэолагам Крамля. А тут за тыдзень Дугіна без найменшай правакацыі пачынае люта выпісваць з еўразійцаў утульная лукашэнкаўская сетачка, праз якую ён рухае свае інтарэсы ў РФ… Калі версія слушная, то КДБ РБ або натхняльнік, другасны падрадчык, або непасрэдны выканаўца».

Харытонаў, беручы гэтую версію пад увагу, з усімі засцярогамі адносна спецыфікі рэсурсу, развівае гэтую гіпотэзу далей. Магчыма, паводле яго, Лукашэнка зразумеў, што ён — цалкам несуб'ектны палітык, які стане наступнай мішэнню расійскай арміі пасля яе ганебнага паражэння ва Украіне. Бо за яго ніхто заступацца не будзе. І вырашыў, як гэта часта бывае, «пайсці на апярэджанне» (як, напрыклад, было з яго «апераджальным ударам па Украіне») і пазбавіцца ад самага аўтарытэтнага расійскага ідэолага, які хварэў на ідэяю ўключэння Беларусі ў склад новай еўразійскай звышдзяржавы пад кіраўніцтвам Крамля? А дачка Дугіна проста апынулася не ў тым месцы не ў той час.

Зрэшты, самі прыхільнікі Лукашэнкі, вядома, звыкла ківаюць на Захад. Экзатычную версію забойства Дугінай прапануе адзін з найбольш адыёзных рэжымных прапагандыстаў Рыгор Азаронак. Ён лічыць, што выбух у машыне дачкі Аляксандра Дугіна — гэта «арыгінальная помста» французскага філосафа і публіцыста Бернара-Анры Леві, які нібыта пакрыўдзіўся на Дугіна з-за публічных дэбатаў 2019 года ў Амстэрдаме.

Але, вядома, у падобных выпадках найперш трэба ставіць пытанне — каму гэтае забойства выгаднае? І найбольшым бенефецыярам, хутчэй за ўсё, можа стаць Крэмль. Эксперт з Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч лічыць, што

хто б за гэтым забойствам ні стаяў, само яно вельмі выгаднае перадусім расійскай прапагандзе.

Прытым што сам Дугін даўно ўжо выпадаў з топавай ідэалагічнай абоймы, яго ўплыў не быў такім, як некалі. Таму «крытычнага ўдару па атачэнні Пуціна няма, але ёсць «прыкметны кейс». І вобраз бацькі-Дугіна будзе актыўна раскручвацца СМІ».

Сам факт тэракта не толькі не будзе ўладамі і прапагандай адмаўляцца, але наадварот, стане для іх нарожным каменем. І нават не так для знешняй, як для ўнутранай аўдыторыі. Тышкевіч лічыць:

«1. Кейс Дугіна дазваляе зрушыць увагу з тэмы Крыма. Штодзённая праца СПА (як і паражэнне цэляў на паўвостраве) адыходзяць у цень. Ключавая тэма — тэракт.

2. Па часе гэта супадае і з'яўляецца добрым прапагандысцкім «разагрэвам» перад судзілішчам над азоўцамі. Тым больш, што абаронцаў Украіны якраз і будуць прадстаўляць тэрарыстамі.

3. Гэты кейс здымае тэму паражэння цывільных аб'ектаў і ахвяр сярод мірных жыхароў. Якраз на фоне спынення фронту і магчымых масавых ракетных удараў па ўкраінскай тэрыторыі.

4. Раскрутка тэмы тэракта дазваляе мабілізаваць грамадства на фоне страху. І пры далейшым яе развіцці (наступных кейсах) актывізаваць рэкрутынг ПВК або правесці частковую мабілізацыю.

І, нарэшце, паспрабаваць падаць кейс Дугіна ў якасці аднаго з ключавых па дыскрэдытацыі Украіны сваім «адвакатам» з ліку еўрапейскіх палітыкаў».

Таму, канстатуе аналітык:

«З пункту гледжання расійскай прапаганды тое, што адбылося, дае магчымасць выйсці з цэлага шэрагу ідэалагічных, інфармацыйных і палітычных тупікоў. Гэта вельмі ўжо выгадна».

Чытайце таксама:

Падаляк: Кіеў не мае дачынення да смерці Дар'і Дугінай

Дачку Дугіна ўзарвалі, заклаўшы выбуховае прыстасаванне пад дно машыны

«Дугін меў ехаць на гэтай машыне, але сеў у іншую». Узарвалі дачку ідэолага расійскага імперыялізму Дугіна

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
60
Панылы сорам
7
Ха-ха
17
Ого
6
Сумна
8
Абуральна
18
0
Пятро/адказаць/
21.08.2022
Як гаворыцца, б'е сваіх каб іншыя баяліся
3
Развязаная вайна/адказаць/
21.08.2022
Пляваць на дугiна, яго дачку, сям'ю. Тым болей што гэта расейскiя разборкi. Чаму гэтаму надаецца такая вялiкая увага? Ва Украiне кожны дзень гiнуць дзесяткi людзей, дзяцей, жанчын ад расейскiх бамбёжак. Дык трэба тады аб кожным пiсаць.
0
ЯНКА/адказаць/
22.08.2022
«Развязаная вайна», пляваць гэта непрыгожа. Па-другое, менавіта разьвітая вельмі знакамітым Дугіным ідэялёгія паспрыяла таму, што «ва Украiне кожны дзень гiнуць дзесяткi людзей, дзяцей, жанчын ад расейскiх бамбёжак». Таму гэтаму й надаецца ўвага. :)
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930