Знайсці
25.08.2022 / 09:14РусŁacБел

Гэты біятланіст — адзін з лепшых у Беларусі. Яго гісторыя кахання раскалола жаночую зборную

Антон Смольскі і Дзінара Алімбекава — адны з лідараў беларускага біятлону. Маладзёнаў таксама звязвае супярэчлівая гісторыя кахання, якая некалі раскалола жаночую зборную. «Наша Ніва» расказвае, што вядома пра адносіны беларускіх алімпійцаў.

Фота: старонка ў Instagram Дзінары Алімбекавай

Пачнем з біяграфіі біятланістаў. Смольскі родам з аграгарадка Пясочнае, што ў Капыльскім раёне. Спортам пачаў займацца ў 6 класе і ўжо праз год выйграў раённыя спаборніцтвы па кросе. Дагэтуль, згодна са словамі свайго першага трэнера, падтрымлівае першую спартовую базу, дзе трэніраваўся. І яшчэ адна дэталь: хаця і мог пастаянна камунікаваць з бацькам, але ўсё-такі вырас у няпоўнай сям’і.

Пасля заканчэння школы Смольскі з’ехаў у Раўбічы, каб трэніравацца з нацыянальнай зборнай, хаця і не меў пры гэтым яркіх вынікаў і высокіх месцаў на рэспубліканскіх турнірах. Асабісты трэнер біятланіста тлумачыў гэта сваёй верай у яго. І спартовец сапраўды «стрэліў». З 2017 года Смольскі ў нацыянальнай зборнай, яго першая Алімпіяда — гульні ў Пхёнчхане 2018 года.

Цяперашняя нявеста Антона Дзінара Алімбекава з тых гульняў прывезла залаты медаль жаночай эстафеты. Напалову казашка, Алімбекава пераехала ў Беларусь і расла ў Чавусах. Сярод самых прыкметных узнагарод Дзінары — тытул чэмпіёнкі свету сярод юніёраў і бронза чэмпіяната Еўропы.

Прыкладна на час гульняў у Пхёнчхане прыходзіцца першы шлюб Смольскага, ад якога ў яго ёсць трохгадовая дачка Аляксандра. Біятланіст запэўнівае, што хаця ў яго графіку цяжка знайсці час на дачку, ён стараецца з ёй бачыцца. З мінулай жонкай, кажа Смольскі, у яго нармальныя адносіны без канфліктаў. Прычына ж разрыву, па словах біятланіста, выглядае так:

«Складана спалучыць прафесійны спорт з нечым яшчэ, не важна, гэта асабістае жыццё, нейкі іншы занятак ці вучоба. Калі ты прафесійна займаешся спортам, такім, як біятлон, то ўвесь свой час ты траціш на спорт, у вольны час ты спіш ці адпачываеш. Не заставалася часу на асабістае жыццё, вядома, узнікалі нейкія канфлікты, непаразуменні, не атрымалася ў нас».

Антон Смольскі на алімпійскай трасе ў Пекіне. Фота: АР

Праз развод, як расказвае Смольскі, ён быў у дужа цяжкім псіхалагічным стане і толькі да наступнага сезона здолеў аднавіць правільны настрой для спаборніцтваў. Далей быў паспяховы перадалімпійскі сезон, дзе Антон узяў шэсць медалёў на этапах Кубка свету, і алімпіяда ў Пекіне, адкуль Смольскі прывёз срэбра, нягледзячы на цяжкія кліматычныя ўмовы. Праз вайну ва Украіне прарыўны сезон скончыўся «банам» на міжнародных спаборніцтвах, і апошнім турнірам сезона для Смольскага стаў адкрыты Кубак Расіі ва Уфе.

З Дзінарай Алімбекавай, кажа біятланіст, ён стаў камунікаваць недзе ў 2014 годзе. Але запэўнівае: да 2019 года яны з дзяўчынай не сімпатызавалі адно аднаму і пазбягалі нейкіх зносін. Больш цесныя стасункі ў іх з Алімбекавай пачаліся з кавіднага лета-2020, калі біятлонная зборная праводзіла ўвесь свой час у трэніровачным лагеры ў Раўбічах.

Разам з дзяўчынай, расказвае Смольскі, яны любяць дапамагаць бацькам у вёсцы ці могуць схадзіць у паход з палаткай. Што да спорту, то ад яго не абстрагавацца: спартыўным тэмам у гутарках пары прысвечана 90% часу. Вяселле плануюць адыграць хутка, да пачатку зімы.

Ідэальная пара?

У 2021 годзе гэты раман стаў прычынай сур’ёзнага канфлікту ў жаночай нацыяналцы па біятлоне. Каханая Смольскага пачала рэдка з’яўляцца на камандных здымках і на агульных мерапрыемствах, а іншая зорная біятланістка, Ганна Сола, нават абразіла дзяўчыну на здымках для сацсетак і не запрасіла яе на ўласнае вяселле.

Што ж Дзінара зрабіла не так? Спачатку меркавалі, нібыта за канфліктам стаіць гісторыя з лістом спартоўцаў у падтрымку Лукашэнкі, які ў зборнай падпісалі ўсе, акрамя Солы. Але потым высветлілася, што ў гэтай справе не абышлося без Смольскага.

Да адносін з Алімбекавай Антон быў у шлюбе, ад якога мае дзіця, і ён гэта пацвердзіў у нядаўнім фільме на дзяржтэлебачанні. Жонкай Смольскага таксама была біятланістка, Дар’я Іерапес, якую шмат хто ведаў у жаночай зборнай.

Дзінара Алімбекава, Алімпіяда ў Пекіне. Фота: АР

Да 2018 года кар’ера Іерапес складвалася добра: удзел у юніёрскіх Алімпійскіх гульнях, шостае месца на юніёрскім чэмпіянаце свету. Але потым трэніроўкі часова давялося прыпыніць, бо ў дзяўчыны знайшлі рак шчытападобнай залозы — на шчасце, стадыя была ранняя, і спартсменка хутка паправілася. У верасні 2018 года Дар’я зноў паставіла біятлон на паўзу, бо зацяжарыла ад Антона Смольскага, і праз два месяцы Антон зрабіў ёй прапанову. Маладыя ажаніліся, летам 2019 года ў іх нарадзілася дзіця, але ўжо праз год Смольскі і Іерапес раптоўна развяліся.

Інсайдарскія крыніцы розных медыя (не толькі беларускіх) сведчаць, што Дзінара і Антон пачалі сустракацца, яшчэ калі апошні быў у шлюбе з Іерапес. Кажуць, у той час у сужэнцаў і так усё ішло да разводу, але ж яго дакладная прычына невядомая.

У гэтай сітуацыі жаночая частка зборнай стала на пазіцыю Дар’і, а Дзінару біятланісткі палічылі разлучніцай. Сама Алімбекава спрэчную сітуацыю каментавала так: «Я перастала камунікаваць з людзьмі, якія не робяць мяне лепш, а зносіны з імі забіраюць шмат энергіі. Прыйшлі людзі, якія здолелі расплюшчыць вочы шмат на якія рэчы. Калі мяне няма на нейкім фота, значыць, я была на трэніроўцы і не змагла прысутнічаць. У іншых камандах такое таксама бывае. Гэта індывідуальны від спорту, не заўсёды мы можам быць разам. У прафесійным плане ў нас у камандзе добрыя адносіны». 

Як Антон Смольскі, так і Дзінара Алімбекава належаць да тых спартсменаў, якія неаднаразова выступалі ў падтрымку рэжыма Лукашэнкі. Яны падпісвалі праўладны ліст спартсменаў, прысутнічалі на сустрэчы з кіраўніком НАК Віктарам Лукашэнкам, наведвалі выступ яго бацькі, прымеркаваны да 3 ліпеня. Публічных спачуванняў украінскаму народу, што пакутуе ад агрэсіі з удзелам Беларусі, праўладныя біятланісты не выказалі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Я шчасліўчык!» Як 40-гадовы бацька трох дзяцей Кальцоў сышоў з сям’і дзеля 23-гадовай Арыны Сабаленка

«Азаронкі — гэта агрэсіўная меншасць. А жыць мы будзем у Беларусі». Знакаміты валейбаліст вывучае псіхалогію і многае пераасэнсаваў

«Зрабіла б тое ж самае». Як жыве спартсменка, што сышла з п'едэстала, калі зайграў не яе гімн

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера