Знайсці
17.09.2022 / 11:378РусŁacБел

Як склаўся лёс сiлавiкоў, што душылі народ у 2020 годзе

Юрый Караеў, Іван Кубракоў, Мікалай Карпянкоў, Валерый Вакульчык… Два гады таму прозвішчы гэтых людзей сталі сінонімамі жахлівай несправядлівасці ў Беларусі. 

Гвалт у дачыненні да простых людзей падчас мірных акцый 2020 года спрычыніўся да кар'ернага росту многіх топаў сілавога блока краіны. Аднак хапала і адваротных сітуацый. 

«Наша Ніва» даследавала лёсы людзей, якія крывавымі радкамі пісалі гісторыю Беларусі.

Юрый Караеў

у жніўні 2020-га — міністр унутраных спраў

У снежні 2019-га сілавік заяўляў, што міліцыя будзе пазбаўляцца іміджу карнага органа. Аднак усяго праз паўгады прадстаўнікі яго ведамства затрымлівалі, збівалі ды катавалі ўдзельнікаў пратэсту, што сам Караеў пацвярджаў.

Што пасля?

У кастрычніку 2020-га страціў пасаду ды пайшоў на паніжэнне — як памочнік Лукашэнкі быў прызначаны інспектарам па Гродзенскай вобласці.

Іван Кубракоў

у жніўні 2020-га — начальнік Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама

Фота: прэс-служба Савета Рэспублікі

Кіраўнік сталічнай міліцыі ўжо напачатку лета 2020-га апраўдваў жорсткія затрыманні мінчукоў іх агрэсіўнымі паводзінамі. Аповеды пра бойкі, якія гараджане меліся наладзіць альбо правакавалі, перапаўнялі дзяржаўныя тэлеканалы. Адпаведна, падчас жнівеньскіх падзей Кубракоў не хістаўся пры абранні метадаў падаўлення пратэстаў.

Што пасля?

Актыўнасць галоўнага міліцыянера сталіцы не засталася па-за ўвагай Лукашэнкі. Кубракоў атрымаў пасаду міністра ўнутраных спраў пасля звальнення Караева. На ей жа сілавік сёння і працуе, хаця ўжо некалькі разоў трапляў пад жорсткую крытыку Лукашэнкі. Пры Кубракове публікаваліся злівы размоў сілавікоў і была ўзламана база «Пашпарт». 

Мікалай Карпянкоў

у жніўні 2020-га — начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй

У шкляных дзвярах кавярні на праспекце Пераможцаў увасобіліся ўсе пакуты беларусаў ад гвалтоўных дзеянняў Карпянкова. Сілавік прапаноўваў раздаваць лятальную зброю дружыннікам ды пагражаў расправай усім, хто «пяройдзе мяжу дазволенага». Тады як падчас пратэстаў увогуле адрынуў усе чалавечнае — згадаць хаця б заклікі фізічна калечыць пратэстоўцаў ды страляць па іх з траўматаў.

Што пасля?

У лістападзе 2020-га Карпянкоў зрабіў крок уверх па кар'ернай лесвіцы: стаў намеснікам міністра МУС і камандуючым унутранымі войскамі, атрымаў званне генерала. «Мы анёлы на зямлі, якія са зброяй абараняюць радзіму і простых людзей», — упэўнены сілавік.

Валерый Вакульчык

у жніўні 2020-га — старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі

Без удзелу КДБ у краіне не адбываецца ні адно стратэгічна важнае карнае мерапрыемства. Таму і затрыманне «на апярэджанне» самых актыўных кандыдатаў у прэзідэнты, і сілавыя аперацыі на вуліцах Мінска праходзілі з ведама Вакульчыка. Тым больш што на пасадзе ў той момант ен працаваў ужо амаль восем гадоў

Што пасля?

У Вакульчыку маглі пабачыць аднаго з вінаватых у тым, што пратэсны рух сфарміраваўся ды набраў моц. Таму ўжо на пачатку верасня сілавік быў вызвалены з пасады ды прызначаны ў дзяржсакратарыят Савета Бяспекі краіны. Аднак яшчэ праз тры тыдні Вакульчык зляцеў і адтуль. Яго новым абавязкам стала інспекцыя Брэсцкай вобласці ў якасці памочніка Лукашэнкі. Хаця ён, у адрозненні ад Караева, на публіцы амаль не з’яўляецца.

Іван Церцель

у жніўні 2020-га — старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю

БелТА

Чалавек з велізарным вопытам працы ў КДБ на пачатку лета 2020-га атрымаў пасаду старшыні Дзяржкантролю. Тым не менш ён усе роўна спрабаваў дапамагаць уладзе. Напрыклад, у якасці парламенцёра — на тым жа «Нафтане» ен выступаў праз тыдзень пасля выбараў ды імкнуўся сцвердзіць легітымную перамогу Лукашэнкі.

Што пасля?

Кадэбэшная хватка сілавіка згадалася Лукашэнкам так жа хутка, як і нарастала масавасць пратэстаў. Таму 3 верасня 2020-га Церцель вярнуўся ў звыклае ведамства, але ўжо ў статусе кіраўніка. Пасля чаго рэпрэсіўная машына пачала працаваць на ўзмоцненых абаротах. Да таго ж КДБ перманентна рапартаваў пра паспяховыя спецаперацыі з затрыманнямі людзей: то ўскрываліся тайнікі з выбухоўкай, то глушыліся «на апярэджанне» масавыя акцыі.

Іван Наскевіч

у жніўні 2020-га — старшыня Следчага камітэта

Менавіта вуснамі Наскевіча афіцыйная беларуская ўлада прызналася ў забойстве Аляксандра Тарайкоўскага. Версія, якую агучыў старшыня Следчага камітэта, канешне, ніякакай крытыкі не вытрымлівала. Але галоўная выснова была бясспрэчнай — і дэ-юрэ зафіксавала злачынства з боку дзяржавы. Таксама Наскевіч разам з падначаленымі курыраваў справы «экстрэмісцкай накіраванасці» — і толькі ў сакавіку 2021-га давеў іх колькасць амаль да дзвюх з паловай тысячаў.

Што пасля?

Захоўваў пасаду да сакавіка 2021 года. Наколькі вядома, ведамства Наскевіча прыняла да разгляду факты катаванняў на Акрэсціна ў адпаведнасці са скаргамі пацярпелых. Аднак калі старшыня СК падняў гэтае пытанне на нарадзе сілавікоў, адразу быў звольнены. Цяпер беспрацоўны.

Аляксандр Барсукоў

у жніўні 2020-га — намеснік міністра МУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі

Менавіта ён пасля выбараў заяўляў, што аніякіх здзекаў ды катаванняў над затрыманымі на Акрэсціна не было. Хаця ўжо на той момант хапала сведчанняў гвалту з боку сілавікоў. Да таго ж Барсукоў скіраваў мінскую міліцыю на дапамогу камунальным службам па зачыстках мікрараёнаў ад пратэснай сімволікі.

Што пасля?

У лістападзе 2020-га быў звольнены Лукашэнкам з пасады. Афіцыйная фармулёўка: «па ўзросце». Аднак Барсукоў у праўладнай сістэме застаўся, бо перакваліфікаваўся ў памочнікі Лукашэнкі па Мінску.

Віктар Хрэнін

у жніўні 2020-га — міністр абароны

Чалавек, які ставіў знак роўнасці між бел-чырвона-белым сцягам ды паняццем «фашызм», адразу ж з пачаткам пратэстаў акрэсліў сваю пазіцыю. Па яго загадзе вайскоўцы ачаплялі стэлу «Мінск — горад-герой» ды цягнулі там калючы дрот. Да таго ж Хрэнін звяртаўся да ваяроў з патрабаваннем выконваць загады галоўнакамандуючага, нават калі той будзе патрабаваць страляць у людзей.

Што пасля?

Захаваў пасаду па сёння. А сваю сутнасць ярчэй за ўсё зноў прадэманстраваў у лютым 2022-га. За два дні да ўварвання Расіі ва Украіну Хрэнін даваў сакратару ўкраінскага Савета нацбяспекі Данілаву слова афіцэра ды генерала, што нападу з боку Беларусі не будзе, а пасля заклікаў да капітуляцыі Украіны.

Андрэй Швед

у жніўні 2020-га — кіраўнік камітэта судовых экспертыз

Самы вядомы эпізод кар'еры Шведа да падзей 2020-га — тэракт у сталічным метро. Менавіта ён у статусе намесніка генеральнага пракурора ўзначаліў аператыўную следчую групу па раследаванні злачынства. Тое, з якой хуткасцю былі выкрыты выканаўцы, выклікала ў грамадстве шматлікія пытанні. Аднак ні Швед, ні яго калегі тады не далі на іх грунтоўных адказаў.

Што пасля?

Размова пра Шведа актуальна ў кантэксце пратэсных падзей з-за яго прызначэння ў верасні 2020-га. З наступленнем восені Швед заняў пасаду генеральнага пракурора. Швед выступіў з ініцыятывай як мага больш жорстка караць за пашырэнне экстрэмісцкіх поглядаў ды сімволікі. А таксама крытыкаваў калег за валакіту пры разборы палітычных спраў. Відавочна, што з такой заўзятасцю ў стаўленні да змагання з апазіцыяй Швед захаваў пасаду і па сёння.

Глядзіце таксама:

Расія паквапілася на незалежнасць Беларусі. Чаму дзяржаўныя СМІ не заступіліся за краіну? ВІДЭА

Лукашэнка і яго прапагандысты хваляць дэвальвацыю. Чакаецца новы абвал рубля?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
4
Панылы сорам
8
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
46
0
Макс/адказаць/
17.09.2022
Іх лёс яшчэ не закончыўся. Народ нічога не дараваў ні ім, ні іншым прыхвасням рэжыму. За злачынства супраць чалавечнасці і за саўдзел у ваенных злачынствах і генацыдзе панясуць адказнасць на судзе.
5
Максим Дизайнер/адказаць/
17.09.2022
Зачем нам знать что-то про этих коллаборантов-совков?Кроме Носкевича. 
1
Печально и абсурдно/адказаць/
17.09.2022
Вы до сих пор обсуждаете что он там сказал и сделал? Человек борется за себя, за свои 17 резиденций и личные активы в стране, включая вотчину где он никому и ничему неподконтролен кроме Москвы. Все остальное это шум и чепуха. Он может ещё 50 лет рассказывать как он спасает страну и как без него бы все в валенках ходили - не велика цена за жизнь царем
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930