«Пуцін і Лукашэнка — пасрэднасці, але гэтым яны і небяспечныя»
У фільме «Ток», прысвечаным першаму кіраўніку незалежнай Беларусі Станіславу Шушкевічу, згадваецца, як ён ацэньваў фігуры Пуціна і Лукашэнкі.
Фота: АР
У часы, калі да ўлады толькі прыйшоў Пуцін, у многіх узнікала пытанне: хто гэта такі? Старшыня Маскоўскай Хельсінскай групы Людміла Аляксеева, калі паглядзела на Пуціна, сказала: «Мне падаецца, што мы ўступілі ў эпоху неабмежанавай пасрэднасці».
Шушкевіч прытрымліваўся падобнага меркавання.
«Сапраўды, хто такія Лукашэнка і Пуцін? Пуцін — гэта шэрая мыш. Ельцын, які б ён ні быў, быў постаццю, асобай. Ён разумеў час.
А Пуцін — шэрая, нецікавая пасрэднасць. Але гэтыя пасрэднасці небяспечныя тым, што каля сябе робяць пустэчы, не могуць зрабіць нічога прадуктыўнага, цікавага, на што можна было б звярнуць увагу потым.
Вось гэтым гэтыя людзі небяспечныя. Яны, як правіла, помслівыя, не слухаюць аргументы, пра прагрэс нават і гаворкі няма», — казаў ён у размове з журналісткай Любоўю Лунёвай.
Пра самога Шушкевіча Лунёва адгукаецца цёпла:
«Для яго свой гонар быў значна важнейшым у жыцці, чым прыладзіцца, прыстасавацца. Яму і помсцілі за тое, што ён не хацеў нагінацца, ён лепш дзвярыма хлопне, але не будзе прагінацца пад гэтых, як ён казаў, мышэй».
Шушкевіча часам абвінавачваюць у тым, што ён дазволіў Лукашэнку прыйсці да ўлады. Галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Наталля Радзіна мяркуе, што гэта не зусім слушна:
«Шушкевіч быў вельмі інтэлігентны чалавек. І калі сутыкаўся з хамствам, проста адыходзіў у бок, і нельга яго ў гэтым абвінавачваць. Трэба разумець, што Лукашэнка быў стаўленікам Расіі і меў вялікую падтрымку Расіі. Масква была зацікаўленая ў тым, каб Беларусь не была нацыянальнай, дэмакратычнай дзяржавай.
І калі мы яшчэ згадваем стан беларускага грамадства — тады немагчыма было перамагчы Лукашэнку і яго хаўруснікаў з Расіі».
Глядзець цалкам:





