Знайсці
28.08.2022 / 16:442РусŁacБел

Дырэктарка «Імагуру» адносна магчымага візавага бану: Я ўсё яшчэ спадзяюся, што ёсць шанец пазбегнуць гэтага рашэння

Таццяна Марыніч, дырэктарка стартап-хаба «Імагуру», які быў вымушаны з-за дзяржаўных рэпрэсій перабрацца з Мінска ў Вільню, выказалася ў фэйсбуку адносна планаў Еўрасаюза адмяніць магчымасць атрымання шэнгенскіх віз беларусамі. І тлумачыць, чаму ад гэтага кроку страцяць не толькі беларусы, але і Еўропа.

Таццяна Марыніч. Фота: Фэйсбук

«Напярэдадні прыняцця ЕС рашэнняў важных візавых пытанняў, у тым ліку ў дачыненні да беларусаў, не магу маўчаць. Пытанне свабоднага перамяшчэння па свеце хвалюе мяне вельмі даўно. Шмат гадоў я актыўна падарожнічаю па працы, бізнэсе, сямейных і асабістых справах.

Магу сказаць, што не раз адчувала на сабе асабіста дыскрымінацыю па нацыянальнай прыкмеце, нягледзячы на наяўнасць усіх фармальных дакументаў у той час, калі, здавалася б, праблемы візаў не існавала.

Сёння ЕС плануе зрабіць візавы рэжым для беларусаў яшчэ больш суровым.

Я ўсё яшчэ спадзяюся, што ёсць шанец пазбегнуць гэтага рашэння.

Як прадстаўнік Каардынацыйнай рады па бізнэсе і член беларускай бізнэс-супольнасці, я кожны дзень сутыкаюся з дзясяткамі просьбаў аб дапамозе ў атрыманні шэнгенскай візы і назіраю за тым, як краіны-суседзі адмяняюць стартап-візы для беларусаў, як прадпрымальнікі замест таго, каб займацца сваёй справай і развіваць бізнэс, вымушаныя вырашаць візавыя пытанні.

Я не буду казаць пра тое, чаму сёння дадатковыя візавыя бар'еры для беларусаў, людзей, якія вымушана дзесяцігоддзямі былі ізаляваныя ад сусветнай супольнасці — абсурднае і памылковае рашэнне. Я скажу пра тое, чаму адмена шэнгенскіх віз для беларусаў і ўсталяванне бязвізавай прасторы былі б менавіта тым крокам, які сёння важны як ніколі.

Па-першае, таму, што Еўропе патрэбна Еўрапейская Беларусь.

Па-другое, існуе велізарная розніца паміж тымі, хто з'язджае з Беларусі, і традыцыйнымі бежанцамі з зонаў канфліктаў, на ўтрыманне якіх Еўропа выдаткоўвае мільярды еўра.

— З'язджае дэмакратычна настроенае насельніцтва.

Сістэматычнае ўцісканне правоў чалавека і задушэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі вымусіла многіх беларусаў пераехаць і асталявацца за мяжой. Гэта новая форма пратэсту высокакваліфікаваных, самастойных беларусаў, чые навыкі і вопыт запатрабаваныя на сусветным рынку.

— З'язджаюць маладыя і таленавітыя.

Яны атрымліваюць адукацыю або дадатковую адукацыю ў Еўропе, становяцца прафесіяналамі сваёй справы, інтэграванымі ў міжнародную прастору.

— З'язджаюць IT-прафесіяналы і стартапы, людзі, якія сёння найбольш запатрабаваныя ў Еўропе.

Паводле апошняга даследавання IMAGURU Startup HUB, у тэхналагічным сектары 78% з'ехала і яшчэ 20% плануе рэлакавацца ў найбліжэйшы час.

Гэта людзі, якія не просяць фінансавай дапамогі ў Еўропе, а ствараюць дадатковую вартасць, інавацыйны прадукт і рашэнні, за якія сёння канкуруюць усе краіны свету. Яны таксама сутыкаюцца з візавымі бар'ерамі.

— З'язджаюць прадпрымальнікі з іншых сектараў, якія не заўсёды могуць вывезці свой бізнэс, але здольныя пачаць яго з нуля

і ўключыцца ў ланцужок стварэння дадатковай вартасці ў Еўропе, плаціць падаткі і ствараць працоўныя месцы для сябе і еўрапейцаў.

— З'язджаюць тыя, хто не мае магчымасці выказваць сваю пазіцыю ў Беларусі, хто супраць вайны.

Яны не заслугоўваюць пакарання за тое, што не здзейснілі. Яны ўжо сто разоў пакараныя беларускім рэжымам.

— Нас адносна няшмат. Беларусь — даволі невялікая краіна з насельніцтвам усяго 9 мільёнаў чалавек.

І так, велізарная частка беларускага грамадства рэлакуецца, але гэтыя плыні не параўнальныя з патокамі рэлакантаў з Украіны ці Расіі.

Што атрымлівае Еўропа?

— Увесь той чалавечы капітал, які апісаны вышэй.

Тут можна было б паставіць кропку. Гэта само па сабе з'яўляецца найкаштоўнейшым набыткам.

— Эканамічную выгаду

ад удзелу гэтых людзей у стварэнні дадатковай вартасці і выплаты падаткаў у бюджэт еўрапейскіх дзяржаў.

— Новы клас беларускага бізнэсу,

які разумее еўрапейскі бізнэс-менталітэт і актыўна ўдзельнічае ў камерцыйнай кааперацыі і ўсталяванні дзелавых кантактаў паміж краінамі.

— Лаяльна настроенае беларускае грамадства, якое з удзячнасцю ставіцца да еўрапейскіх краін.

Людзі, якія з'язджаюць, становяцца носьбітамі еўрапейскай культуры і каштоўнасцяў.

— Еўрапейскую Беларусь,

таму што тыя, хто з'язджае, мае значна больш магчымасцяў актыўна ўдзельнічаць у грамадзянскіх ініцыятывах па дэмакратызацыі Беларусі, чым тыя, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі.

Што атрымлівае Беларусь?

— Прызнанне намаганняў беларусаў, якія рызыкуюць сваім жыццём у барацьбе за дэмакратыю, знак даверу да выбару беларусаў, якія аддалі свой голас у 2020 годзе на карысць дэмакратыі, і не згодных з вайной з Украінай у 2022-м.

— Пазітыўнае пасланне для беларускага грамадства аб тым, што існуюць грамадствы, дзе пакаранне — гэта не адзіны інструмент заахвочвання да дзеяння.

— Магчымасць нарэшце хоць нешта рабіць свабодна — падарожнічаць, знаёміцца з еўрапейскай культурай, ствараць бізнэсы, усталёўваць дзелавыя кантакты. Свабодна, не прыніжаючыся!

Адчуць нарэшце, што твае планы па паездцы ў Еўропу, або рашэнні вучыцца ў еўрапейскім універсітэце, або рашэнні пераехаць жыць у Еўропу кантралюеш толькі ты, а не адміністрацыйная візавая машына. Гэта нечуваная раскоша для беларуса, пра якую нават не задумваецца сярэднестатыстычны еўрапеец. Раскоша быць свабодным і прымаць уласныя рашэнні.

— Шанец на перамены, таму што значна больш актыўнага насельніцтва ўдзельнічае ў працэсах дэмакратызацыі і бачыць у рэальным жыцці перавагі дэмакратычнага грамадства.

Які мэсэдж чуе беларускае грамадства ад Еўропы сёння?

«Мы бачым у беларусах пагрозу, мы не хочам бачыць Беларусь у Еўропе».

На фоне вырашэння надзённых пытанняў атрымання віз і легалізацыі тут і цяпер, заява аб падтрымцы 3 млрд даляраў у будучыні калі і чуецца, то далёка не ўсімі, і выглядае далёкай нязбытнай марай.

Пакуль палітыкі маніпулююць візавымі пытаннямі і ствараюць адміністрацыйныя бар'еры, прадпрымальнікі, нягледзячы ні на што, спрабуюць уявіць лепшую будучыню без межаў і віз, дзе права на перамяшчэнне — гэта права, а не прывілей.

У гэтыя дні ў Imaguru Startup HUB Vilnius праходзіць Hackathon People on the Move, які як ніколі лепш адлюстроўвае сённяшнія рэаліі. І я ўпэўненая, што прадпрымальнікі абавязкова што-небудзь прыдумаюць для будучага грамадства без межаў. Палітыкі, падцягвайцеся!»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Сава/адказаць/
28.08.2022
Вот и вызов Комитету спасения! Пора Ковалевскому и Вечерко поднапрячся. Подключите Байпол для верификации приезжающих. Вот поле для деятельности: помочь беларусам , а не планировать операции вторжения на бумаге
29.08.2022

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера