Знайсці
29.08.2022 / 07:571РусŁacБел

У Бразіліі памёр «Індзеец з ямы». Ніхто не ведаў ні ягонага імя, ні ягонай мовы

Больш за 25 гадоў гэты незвычайны бразілец, чыё імя, мова і этнічная прыналежнасць ніколі не былі вядомыя, жыў у поўнай ізаляцыі ў лесе пад наглядам актывістаў арганізацыі FUNAI (Нацыянальны індзейскі фонд), нягледзячы на ​​моцны ціск з боку палітыкаў і фермераў, якія хацелі завалодаць тэрыторыяй каля 8 тыс. га.

Сімвал супраціву ізаляваных карэнных народаў у краіне, гэты чалавек стаў вядомы пад мянушкай Індзеец з ямы (Índio do Buraco) і быў названы ў прэсе «самым адзінокім чалавекам у свеце». 

Нешматлікая і нікім не даследаваная карэнная індзейская этнічная група, да якой належаў гэты чалавек, была дашчэнту знішчаная бразільскімі фермерамі і захопнікамі зямлі ў 1980-я і 1990-я гады. З таго часу мужчына, які, паводле ацэнак, нарадзіўся прыкладна ў 1960 годзе, пачаў самотна вандраваць па рэгіёне, размешчаным у заходнім бразільскім штаце Рандонія, непадалёк ад горада Карумбіяра.

Ягоная мянушка паходзіць ад ям каля метра даўжынёй, паўметра шырынёй і больш за тры метры глыбінёй, якія заўсёды знаходзілі ў месцах, дзе ён пабываў. Яны выкарыстоўваліся і як пасткі для лоўлі буйных жывёл, і як сховішча для самога чалавека.

Першыя запісы FUNAI аб існаванні гэтага чалавека адносяцца да 1996 года, але толькі ў наступным годзе агенты фонда змаглі ўсталяваць з ім візуальны кантакт. Іншых зносін з ім навязаць так і не ўдалося, але па пакінутых слядах і паведамленнях прадстаўнікоў іншых плямёнаў, якія жывуць у гэтым рэгіёне, можна меркаваць, што ягоная сям'я была забітая ў 1995 годзе асобамі, зацікаўленымі ў завалоданні землямі карэннага насельніцтва. 

Актывісты FUNAI кажуць, што найлепшая характарыстыка Індзейца з ямы, — гэта «адзінота», у якой ён апынуўся з-за жорсткага гвалту супраць групы, часткай якой ён быў, і якая з ягонай смерцю канчаткова знікла. «Ён не давяраў нікому вакол сябе, таму што меў вельмі траўматычныя перажыванні ад кантактаў з некарэннымі людзьмі. Ён баяўся за сваё жыццё. Да такой адзіноты прывёў шэраг фактараў.

Саламяная хаціна Індзейца з ямы, сфатаграфаваная ў 2005 годзе

Ёсць сведчанні, што карэнныя жыхары, якія не ішлі на кантакт, былі ў гэтым рэгіёне забітыя атрутай, змяшанай з ежай. Мы лічым, што ён таму ніколі не прымаў ежу, якую мы пакідалі яму ў лесе».

У сваім нежаданні ісці на блізкія кантакты з іншымі людзьмі Індзеец з ямы заходзіў так далёка, што двойчы ў розныя гады пускаў стрэлы ў бок супрацоўнікаў FUNAI, якія набліжаліся да яго. А на дне некаторых ямаў, выкапаных ім у лесе, ён клаў драўляныя дзіды, ствараючы пасткі, каб адпудзіць захопнікаў ад сваёй зямлі.

У гэтую сераду, 24 жніўня, актывісты FUNAI знайшлі мужчыну мёртвым у ягоным жытле. Ён «ляжаў у гамаку і быў апрануты так, нібы чакаў смерці». Цяпер медыцынская экспертыза спрабуе высветліць, ад чаго ён памёр.

Актывісты FUNAI выказваюць пажаданне, каб карэнны жыхар быў пахаваны ў тым самым месцы, дзе ён жыў і памёр, а бразільскай дзяржавай каб там быў створаны мемарыял. Тэрыторыя ж, на якой ён жыў, павінна па-ранейшаму быць абароненай, таму што яна рызыкуе стаць мішэнню для ўварванняў і спусташэння.

Адзінае відэа, на якім прысутнічае Індзеец з ямы. У 2018 годзе ўдалося здалёк зняць, як ён сячэ ў лесе дрэва

Прававая абарона тэрыторыі, на якой жывуць карэнныя народы — адзін з вынікаў так званай «палітыкі бескантактнага рэжыму», якой FUNAI змагла дабіцца неўзабаве пасля заканчэння ў Бразіліі вайсковай дыктатуры, што трымалася ў гэтай краіне ў 1964—1985 гадах. Дзякуючы гэтай інавацыйнай палітыцы прадстаўніцтва інтарэсаў карэннага насельніцтва ўзяло на сябе задачы па выяўленні і маніторынгу ў лясах Бразіліі ізаляваных карэнных жыхароў з мэтай абароны іх ад пагроз і ўвядзення забароны на карыстанне іхнімі тэрыторыямі.

Ісці з такімі людзьмі на кантакт можна было толькі ў выпадку непасрэднай для іх небяспекі з боку захопнікаў, такіх як фермеры, лесарубы ці шахцёры, ці калі гэтага першымі захочуць самі ізаляваныя.

Пасля таго, як FUNAI даведаўся пра існаванне племені, з якога паходзіць «чалавек з ямы», ён дабіўся пастановы аб абмежаванні выкарыстання тэрыторыі, на якой яно жыло. Згодна з прынятым законам, некарэнным жыхарам забаранялася заходзіць на ўчастак лесу плошчай каля 8000 гектараў. Гэтая тэрыторыя была названая зямлёй карэннага насельніцтва Танару. Але са смерцю Індзейца з ямы ўзнікае рэальная небяспека, што гэтыя 8 тысяч гектараў цяпер таксама захаваць не ўдасца.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Крэстапор/адказаць/
29.08.2022
Шкада. Справа канкістадораў неўміруча. Планета граху. А індзеец той тварам падобны да тых, што на выспе Пасхі высечаны з камня.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера