Знайсці
17.09.2022 / 23:242РусŁacБел

Дубы Максіма Танка. Экскурсія ў Пількаўшчыну, на радзіму паэта

17 верасня споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка. Гэты архіўны матэрыял упершыню выйшаў на «Нашай Ніве» ў 100-годдзе народнага паэта Беларусі. 

Жэня Скурко — будучы Максім Танк, 1932 год

Паліцыя наляцела раптам. Жэня не паспеў і з хаты выскачыць: яго вывалаклі на двор, пад пасаджаны бацькам дуб, і на вачах у маці і малодшага брата білі прыкладамі. Пасля, прывязаўшы вяроўкай да фурманкі, пагналі коней каля лесу… Маці кінулася следам з крыкам: «Паночкі, пусціце яго! Ён нічога благога не рабіў!» Ляцела, пакуль не ўпала. Юнака, што валокся за фурманкай, чакала турма ў Вільні і слава.

У вялікім свеце, куды вывозіла Жэню з роднай Пількаўшчыны паліцыя, яго чакала новае імя — Максім Танк. У Вільні, акрамя вязніцы, яго чакала каханне на ўсё жыццё і першая паэтычная кніга, якая зробіць яго славутым. Быў і начны пераход праз мяжу, выгнанне з савецкага раю назад у заходнебеларускае пекла.

Шчаслівае выгнанне: усіх каго не выгналі, забілі ў Курапатах у 1937-м. Яшчэ яго чакалі грошы, кватэры, дачы, прывілеі, пасада старшыні Вярхоўнага Савета. І могілкі ў роднай вёсцы: ён забараніў хаваць сябе на паложаных па разнарадцы сталічных.

«Творы Танка — гэта лавiна, якая парывае ўсiх, трасе ўсiм i ламае ўсё», — пісаў пра яго ў 1936-м заходнебеларускі друк. «На этапах», «Пад мачтай», «Журавінавы цвет» —

Танк стаў голасам Заходняй Беларусі, бо ставіў самыя вострыя для свайго народа пытанні: нацыянальнага вызвалення і сацыяльнай справядлівасці. Ён быў перакананым камуністам эпохі Народных Франтоў, захопленым Савецкім Саюзам, якога шакавала праўда пра Савецкі Саюз. А пасля 1937-га жыццё проста несла яго, каб ён фізічна выжыў.

З гадамі да вастрыні і магутнай вобразнасці Танка дадалася яшчэ і філасафічнасць.

Я апавядаю пра свайго земляка. Вецер яго радзімы — гэта вецер маёй радзімы, мае карані — у той самай Пількаўшчыне.

Патрыярх роду дзед Хведар (сядзіць у цэнтры) і баба Улляна з нашчадкамі: у другім шэрагу стаяць сястра Максіма Танка Вера, бацька Іван, сам паэт. Побач з дзядамі — сястра Мілка і брат Федзя. 1930-я

Штосьці пра Танка я ведаў ад бабы, штосьці — ад бацькоў, штосьці чытаў. Нешта збіралася па драбніцах усё свядомае жыццё. І вось з нагоды 100-годдзя вялікага земляка я хачу прывесці вас туды, дзе Танкава паэзія бярэ пачаткі — у вёску Пількаўшчына Мядзельскага раёна. Ёсць пашыраны стэрэатып, што яна стаіць на беразе апетай паэтам Нарачы. На самой справе пры возеры Танк меў у савецкія часы лецішча. А яго родная вёска — між колішніх балацін, на ўскрайку Нявераўскай пушчы.

Павяртаем з мядзельскай трасы на ўказальнік «Пількаўшчына 6». Далей дарога спускаецца нібы па прыступках гіганцкай тэрасы, кожная вёска размешчана ніжэй за папярэднюю: Мацкі, Новікі, урэшце Пількаўшчына.

Мы пераходзім мяжу, за якой знікае Народны паэт Беларусі старшыня Вярхоўнага Савета Максім Танк і з’яўляецца Хведараў Жэня.

Дакладней — з’яўляўся. Бо зусім нямнога засталося ў Пількаўшчыне людзей, якія помняць яго такім.

Насельніцтва вёскі абнавілася, калі тут пасля Чарнобыля збудавалі шлакавыя дамкі для перасяленцаў. У гаворцы з’явілася гомельскае мяккае «р», тры пількаўскія вуліцы, што разыходзяцца ад «магазіна» набылі стройнасць.

Ёсць і зусім новая катэгорыя жыхароў — дачнікі. Мінчукі нядорага купляюць спусцелыя хаты і адпачываюць тут ад горада хто як умее.

Цэнтра

«Пількаўшчына пачыналася з двух фамілій: Скурка і Малька», — казалі старыя людзі.

Месца пачатку Пількаўшчыны бачнае дагэтуль. Калі ўехаць у вёску з боку Новікаў, па левым баку, за адной з хатаў, відаць крона велізарнага дуба. Яго, яшчэ да рассялення на хутары, пасадзіў на сваёй сялібе дзед Максіма Танка — Хведар. Гэта ад яго імя нашчадкі займелі мянушку «Хведаравы». Пад тым дубам пасля паставіў хату і пражыў доўгае жыццё Танкаў равеснік Вінцук Малька. Цяпер у яго хаце жывуць дачнікі. «Купілі выпадкова, — расказвае інжынер з Мінска. — Ехалі, пабачылі, што стаіць пустая, доўга гандляваліся». Гісторыя пра дуб была для яго адкрыццём. Гаспадар ківае на пустату, што ўтварылася пад карэннем: «Трэба будзе прасекчы і замазаць цэментам».

Дуб на сядзібе Скуркоў у Пількаўшчыне

Піварышча

Ад гэтага месца, якое па-пількаўску называецца «Цэнтра», мы кіруемся да раздарожжа, на якім з нядаўніх часоў стаіць васьміканцовы праваслаўны крыж.

Паедзеш проста — трапіш у пількаўскі «мікрараён» Піварышча. Узвышша і зараснікі скрыпеню пазначаюць месца, дзе колісь стаяў вясковы клуб. У клубе была добрая бібліятэка, з рэдкімі выданнямі з міжваенных збораў Максіма Танка. Праз недапалак, кінуты п’янай рукой, усё пайшло дымам.

Пількаўскія «мікрараёны»

Каб трапіць у Танкаву сялібу, на раздарожжы ля крыжа трэба збочыць направа, кіруючыся ўказальнікам на Няверы. Далей проста: праедзеш Хутары і Аступ, у Махнатцы, павернеш на Пружанку, з левай застануцца Барсукі, ад правай — Крыстынчына, а проста — Жукова. Там і будзе хутар Хведаравых.

Для тых, хто нічога не зразумеў, праз кіламетр стаіць указальнік.

Раней усе тыя назвы пазначалі пількаўскія «мікрараёны», яны былі населеныя людзьмі і поўніліся жыццёвымі гісторыямі, смешнымі і трагічнымі: як Бладзюк з брыгадзірам мяняўся жонкамі, як Крыстынка зімавала з каровамі без хаты, як польскія жаўнеры шукалі штыхамі ў сене Андрука, як віленскі біскуп блаславіў шлюб 15-гадовай Кацярынкі… Цяпер вакол пустка — толькі вецер гудзе над рапсавым полем, шуміць лес, ападаюць дзічкі на хутарышчах, упіраюцца ў нікуды зарослыя сцежкі.

Між Шыпаўкай і Краснаўкай

Перад хутарам, на які яшчэ перад Першай сусветнай перасяліўся Хведар Скурка, разлеглася вялікае поле.

Была ворная зямля і за ім, але пры саветах зарасла лесам. Хутар стаяў між дзвюх рэчак — Шыпаўкі і Краснаўкі, і ўвесну, успамінаў паэт, бываў адрэзаны ад свету вадой. Можна ўявіць той плюскат вады і птушыны гром, тое буйства прыроды, якое не магло не натхняць. Рэчкі зніклі ў меліярацыю.

Сялібу таксама ўпрыгожваюць дубы. Адзін сустракае гасцей на паваротцы да яе. Дрэва, кажа сённяшняя гаспадыня хутара, Марыя Янаўна, «бацька пасадзіў, як Жэня нарадзіўся».

Але то можа быць легендай, выглядае дуб істотна маладзейшым. Другі дуб бацька паэта, Янук Скурко, пасадзіў проста ля весніц у год пераезду на хутар. Дрэва шырока раскінуўся за сто гадоў, шчодра сыпе жалуды на дварышча.

Стогадовая хата

На сялібе дзве хаты. Навейшую, з аканіцамі, збудавалі ў 1930-х. Старую, што стаіць за ёй, Хведаравы перавезлі яшчэ з Пількаўшчыны. «Мая калыска» — называў яе Танк.

Хату, у якой нарадзіўся Максім Танк, перавезлі з вёскі на хутар сто гадоў таму

Прыземісты будынак, нягледзячы на гады, не падаецца спарахнелым: сцены з сасновага кругляка з невыводным цёмным налётам ад лучыны, таўшчэзныя бэлькі. Цёмныя сенцы. Над уваходам прасечана акенца-байніца — найперш для святла, але і са стрэльбы можна праз яго пальнуць. Злева дзверы ў адзіны пакой, справа — у варыўню. У пакоі, у чырвоным куце — старажытная ікона: барадаты Бог-Бацька. Танк згадваў яе сваіх «Лістках календара», параўноўваючы выяву з дзедам Хведарам. Ікону прынесла ў пасаг маці паэта, Домна Іванаўна. Пад іконай на покуці стаіць партрэт Максіма Танка.

Хата, у якой нарадзіўся Максім Танк

Гэтую хату Максім Танк называў «мая калыска»

За печчу, у дальнім куце, — ложак пры акне. «На гэтым ложку Жэня спаў, калі бываў дома. А праз акно ўцякаў, калі налятала паліцыя», — расказвае Марыя Янаўна.

Брат

Муж Марыі Янаўны, малодшы брат паэта Фёдар Скурко, быў адным з апошніх спрадвечных пількаўшчанаў.

Ён з гурмой пількаўскіх і слабадскіх дзяцей хадзіў у польскую школу да настаўніцы Францішкі Адамаўны, якая пазычала маладому Танку літаратурныя часопісы і брала яго на парукі ў часы пераследу. Паліцэйскі налёт, апісаны на пачатку, быў пабачаны яго дзіцячымі вачыма.

Змалада Федзя жыў у Мінску, працаваў на Трактарным. Але не прыняў горада — вярнуўся на дзедаву сялібу. Можа, дзедава імя перадвызначыла лёс. Ён лёг «пад сасной зялёнай» летась.

Чаму не пад аховай дзяржавы?

Цяпер Марыя Янаўна, Федзіха па-вясковаму, жыве на хутары адна.

Сын Іван — у далёкім Віцебску.

Кабета прывыкла да пастаянных экскурсій, прымае іх.

Як умела, яна ўпрыгожыла дыванамі, вышыўкамі і дарожкамі старую хату; ганяе дачнікаў, што збіраюць грыбы пад вокнамі. На добры толк Федзіха мусіла б мець ад Мінкульта якую капейку як захавальніца ўнікальнага месца, будынкаў, дубоў. На добры толк тыя будынкі і дрэвы трэба было б узяць пад дзяржаўную ахову, каб не з’яўлялася шалёных думак, як у тых леснікоў, якія прапаноўвалі гаспадыні «спілаваць за дзве бутэлькі» дуб у дварышчы.

Магіла Танка

На зваротным шляху праз Новікі завітайце на магільнік. Танк пахаваны ад правага боку, у старой частцы, побач з бацькамі, дзядамі і далейшымі продкамі, што ляжаць пад ужо безыменнымі каменнымі плітамі.

Танк ведаў, чаго хацеў, калі адмовіўся хавацца на афіцыёзных Маскоўскіх могілках. Прагрымелі дзве вайны, скурочыла вёску калектывізацыя, Беларусь стала незалежнай… Мала што зменіцца тут і ў наступныя сто гадоў — толькі вырасце новае пакаленне дрэваў. Максім Танк цяпер таксама належыць гэтай вечнасці.

Максіма Танка і яго жонку пахавалі не ў сталіцы, а ў Новіках — пры дзядах

Максіма Танка і яго жонку пахавалі ў Новіках — сярод магілаў ягоных продкаў

10 фактаў пра Максіма Танка

Быў камуністам з нябеднай сям’і. Яго род меў 60 дзесяцін зямлі. Бацька пісьменніка быў адным з найбагацейшых гаспадароў у вёсцы. Гэта дасягалася пякельнай працай усёй вялікай сям’і. Іх не раскулачылі ў канцы 1940-х, бо паэт загадаў бацькам тэрмінова ўступіць у калгас. За «кулацкае» паходжанне ў сталінскія часы пад Танка падкопваліся спецслужбы. Іван Клімаў, былы камісар Віленскага краю, не раз казаў пасля, згадваючы сталінскія гады: «Эх, не дабраўся я да гэтага цыбатага!»

Даў у вуха правакатару. У 1932 Яўген Скурко перайшоў польска-савецкую мяжу. На пагранзаставе яго ўзялі пад варту, перамясцілі ў мінскую турму, дзе патлумачылі, што цяпер уцякаць у СССР дазволена толькі тым, каму ў Польшчы пагражае суд. Перад адпраўкай назад да будучага паэта падсадзілі сукамерніка, які пачаў казаць, што, вярнуўшыся ў Польшчу, папросіць прабачэння ва ўладаў. Камсамолец Яўген ударыў яго. Пасля абазнаныя ў савецкіх рэаліях сябры патлумачылі Танку, што гэта была «зязюлька» — правакатар. Выдварэнне ў Польшчу было для Танка жыццёвым шчасцем: тых, хто ўцякаў з Польшчы ў БССР, паверыўшы савецкай прапагандзе, расстралялі ў 1937-м.

Першы зборнік Танка прафінансаваў інвалід вайны. Кніжка «На этапах», якая зрабіла Максіма Танка паэтам №1 у Заходняй Беларусі, была выдадзеная не на грошы КПЗБ. Сродкі знайшоў Рыгор Шырма — кіраўнік хору і Таварыства беларускай школы, чыя віленская кватэра была «штабам Міністэрства культуры Заходняй Беларусі». Шырма ж скарыстаў грошы інваліда Першай сусветнай вайны Труцькі, які ахвяраваў на выданне «зборніка песень». Цікава, што ўлады міжваеннай Польшчы выплочвалі пенсіі, заробленыя за царом.

Студэнты насілі на руках. У перадваеннай Польшчы былы палітвязень Максім Танк, актывіст жорстка апазіцыйнай да ўлады КПЗБ, мог вольна выступаць ва ўніверсітэце. Яго чытанне так зачапіла студэнтаў, што яны ўзнялі паэта на рукі. Танк смяяўся пасля, што адзінай думкай у той момант было: хоць бы не разлезліся адзіныя старыя штаны.

Быў адным з апошніх, хто бачыў жывым Купалу. У фатальны вечар 28 чэрвеня 1942 Максім Танк пераведваў Купалу ў яго нумары гасцініцы «Масква». Пераказваў пасля Янку Брылю, што Купала быў цвярозы — лячыўся і піў мінеральную ваду. Гэта аспрэчвае версію пра падзенне паэта ў лесвічны пралёт у нецвярозым стане.

Гуляў у більярд з Цанавам. Як Танк выжыў у рэпрэсіях 1940—50-х? «Было ўсяго», — каротка рэзюмаваў ён. Паводле ўспамінаў, ля дзвярэй іх хаты на сённяшняй вуліцы Беларускай у Мінску ўсе сталінскія гады стаяла нарыхтаваная жонкай торба з сухарамі. Як успамінаў паэт, некалькі разоў яго забіралі ўначы і везлі да наркама НКВД БССР Цанавы. А той прапаноўваў… партыю ў більярд, падчас якой, пераймаючы Сталіна, распытваў пра літаратурныя навіны.

Сястру Танка забілі партызаны. Ёсць розныя версіі трагедыі, што адбылася на хутары Сэрвач пад Касцяневічамі, куды была зайшоўшы замуж Вера, малодшая сястра паэта. У савецкіх кніжках пісалі, што Веру, яе малое дзіця і свякроў забілі немцы. Сам Танк расказваў, што па іх «стрэлілі з лесу», калі жанчыны пад’язджалі кудысці на выпадковай фурманцы. У наваколлі ж расказваюць, як у суботні вечар, калі мужчыны сышлі да суседзяў гуляць у карты, на хутар завіталі невядомыя. Ім трэба было золата, якое — яны былі пэўныя — атрымала ў пасаг Вера. Агняпальнай зброі, каб не падымаць шуму, яны не ўжывалі. Секлі людзей сякерамі… Пасля да бацькі паэта, старога Янука, прыязджаў партызанскі камандзір і прасіў толькі паказаць на тых, хто гэта зрабіў, абяцаючы тут жа расстраляць. Імёны забойцаў не былі сакрэтам, але Янук адказаў: «Хай Бог разбіраецца». Адзін з забойцаў, казалі, пасля вайны жыў у суседняй з Пількаўшчынай вёсцы.

Не цураўся бел-чырвона-белага сцяга. У міжваеннае дваццацігоддзе на «крэсах» ішоў бурлівы нацыятворчы працэс. У Сэйм на выбарах 1922 года прайшлі 14 беларускіх дэпутатаў. «Калі б у 1917-м мы мелі такі ўзровень нацыянальнай свядомасці, як цяпер, мы б не сядзелі на лаве падсудных», — казаў адзін з лідараў Грамады Рак-Міхайлоўскі ў апошнім слове падчас працэсу беларускай палітычнай партыі ў 1928-м. Не дзіва, што малады паэт нават пісаў пра нацыянальны штандар вершы ў заходнебеларускіх перыёдыках. Але прызнаўся ў гэтым толькі за часам незалежнасці. Перад смерцю падтрымліваў мову і нацыянальную сімволіку, выступіў супраць Ганебнага рэферэндуму 1995 года.

Пражыў з жонкай 56 гадоў. З Любоўю Андрэеўнай Асаевіч паэт пазнаёміўся падчас вучобы ў Беларускай гімназіі ў Вільні. Пабраліся яны ў 1939-м, выгадавалі траіх дзяцей і памерлі неўзабаве адно па адным.

Не хацеў вуліцы свайго імя. Хопіць нам з Брылём Танкавай і Брылеўскай, жартаваў ён.

***

Максім Танк — удзельнік дэлегацыі БССР на сесіі ААН

Максім Танк

Сапраўднае — Яўген Скурко. Народны паэт Беларусі. Нарадзіўся 17 верасня 1912 у Пількаўшчыне (цяпер — Мядзельскі раён Мінскай вобласці). У часы міжваеннай Польшчы быў актывістам Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, сядзеў за палітычную дзейнасць у турме на Лукішках. Гэтыя адседкі стануць ягонымі ахоўнымі граматамі ў сталінскі час. У часе вайны — у Маскве, у рэдакцыі партызанскай газеты. З 1948 па 1966 галоўны рэдактар часопiса «Полымя», з 1966 па 1990 — першы сакратар, старшыня Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Абiраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. Памёр 7 жнiўня 1995. Пахаваны ў Новіках Мядзельскага раёна.

Адкуль Пількаўшчына

Людзі прыйшлі на гэты балотны востраў у пачатку ХІХ стагоддзя, калі выраслі сем’і і не стала хапаць зямлі ў суседніх Новіках. Там, дзе сёння ідзе асфальтавая дарога да вёскі, яшчэ 50 гадоў таму была грэбля праз непралазную дрыгву. У 1948 тут надзейна сеў варанок НКВД, што ехаў вывозіць у турму пількаўскіх «кулакоў».

Чаму Пількаўшчына? Хвоі тут раслі такія тоўстыя, што пілы ламаліся — кажа народнае паданне. Не паверым. Ксяндзоўшчына, Макрычаўшчына, Янаўшчына — назвы такога кшталту ўтвараліся ад імені таго, каму належала месца. А ў каралеўскіх інвентарах XVI ст. сустракаем сярод мядзельскіх землеўласнікаў нейкага Івана Пілікавіча. Мо яму належала ў прадаўнія часы тая «Пілікаўшчына», якую пасля наноў засялілі продкі Максіма Танка?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Іван/адказаць/
18.09.2022
Вось гэта сапраўдная гісторыя, ва ўсёй сваёй складанасці, а не лукашысцкі сурагат.
0
Беларус /адказаць/
18.09.2022
Неверагодны артыкул! Вялікі дзякуй! На адным дыханні
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера