Знайсці
18.09.2022 / 18:34РусŁacБел

Побач з Крэўскім замкам з'явіцца дазорная вежа

Побач з Крэўскім замкам, на Юравай гары вырашылі пабудаваць «вежу-дазорцу», паведамляе смаргонская раённая газета «Светлы шлях». Уся найбліжэйшая тэрыторыя будзе праглядацца адтуль як на далоні.

Мінулай восенню на Юравай гары ў Крэве працавала група археолагаў з Мінска. Кіраваў раскопкамі кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч. Ён тады расказаў:

«У 2012 годзе падчас археалагічных раскопак у Крэве, на Юравай гары, мы натрапілі на каменныя канструкцыі. У гэтым сезоне паднялі тут зямны пласт і выявілі мураваны падмурак пад нейкую драўляную канструкцыю. У нас з’явілася думка, што на Юравай гары мог знаходзіцца сігнальны пост (дазорная вежа), з якога можна было сузіраць Крэва як на далоні».

Найперш навукоўцаў падштурхнула да гэтай думкі тое, што ў нямецкіх хроніках ёсць згадкі, што калі аддзелы Нямецкага ордэна выпраўляліся ў рэйды на Літву, то сутыкаліася з сістэмай, з дапамогай якой ад гары да гары, ад гарадзішча да гарадзішча перадавалася інфармацыя агнём (паходняй).

«Напэўна, нейкая сігнальная сістэма існавала і ў Крэве. Мы не ведаем, якая, але можам дапусціць, што падобная да той, што апісваецца ў нямецкіх хроніках. І хутчэй за ўсё, знаходзілася яна на Юравай гары — у геаграфічна-геалагічным пункце, які дамінуе над наваколлем Крэўскага замка», — дапусціў Алег Дзярновіч.

Неўзабаве пасля гэтага адкрыцця з’явіліся зацікаўленыя людзі, якія захацелі ўзнавіць вежу ў Крэве. За гэта выказаў ахвоту ўзяцца Вячаслаў Бруёк, дырэктар мінскай кампаніі «Фомар», за кошт якой узводзіцца вежа. Распрацаваў праект крэўскай вежы мінскі архітэктар Андрэй Шулаеў. Папярэдне ён правёў даследчую працу, у выніку якой паказаў, як у Еўропе такія вежы маглі выглядаць раней, які выгляд маюць цяпер, пасля рэканструкцыі. 

Па словах дырэктаркі Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Алены Бобінай, якая на дабрачыннай аснове ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва праектам і каардынацыю дзеянняў яго ўдзельнікаў на ўсіх этапах,

вежа будзе мець амаль 10-метровую вышыню, сцены будуць выкананыя з сасны, асобныя элементы, такія як дзверы, будуць зробленыя з дубу, чатырохскатны дах будзе накрыты гонтай. Унутры пабудовы частку падлогі зробяць са шкла, твм будуць дэманстравацца рэшткі падмурка XIV стагоддзя, выяўленыя археолагамі падчас папярэдніх раскопак.

Яшчэ адзін прадпрымальнік, Андрэй Кацько, які мае лецішча паблізу Крэўскага замка, прапанаваў спецыяльныя вадкасці для апрацоўкі драўніны. Дзякуючы ім, драўляныя канструкцыі будуць штучна састараныя, а таксама забяспечыцца ўстойлівасць драўніны да ўздзеяння надвор'я і супрацьпажарную бяспеку пабудовы.

Каваныя элементы падрыхтуе каваль Яўген Сліж, яшчэ адзін мясцовы дачнік. Усе яны будуць зробленыя па ўзоры тых, што былі знойдзеныя падчас раскопак у Крэўскім замку.

Будзе добраўпарадкаваная і тэрыторыя вакол вежы. З’явяцца прыступкі, прычым з двух бакоў: з аднаго — больш вертыкальныя, крутыя (для людзей фізічна загартаваных), з другога — плаўныя, па якіх можна было б дабрацца да вежы людзям сталага ўзросту, а магчыма, і з фізічнымі асаблівасцямі.

Адначасова наверх, на вежу зможа падняцца абмежаваная колькасць людзей — да 10 чалавек. Таму ёсць задума зрабіць побач драўляны памост, дзе можна будзе перадыхнуць. Папрацуюць каля вежы і арбарысты, якія дапамогуць прывесці ў парадак багатую расліннасць.

«Вежа мае быць сціплай, простай, аскетычнай, максімальна прыбліжанай да свайго часу. Дакладна ніхто не можа сказаць, як выглядалі падобныя аб’екты ў XIV стагоддзі, але наша кампетэнтная каманда ў цесным супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі прыкладае ўсе намаганні да таго, каб выканаць яе ў максімальна магчымай адпаведнасці часу.

Алена Бобіна

Мы верым, што новы аб’ект, размешчаны на самай высокай кропцы ў Крэве, будзе выклікаць вялікі інтарэс у турыстаў. З вежы адкрыюцца цудоўныя краявіды на гістарычны ландшафт і помнікі старажытнага Крэва», — зазначыла Алена Бобіна.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера