Знайсці
23.09.2022 / 12:381РусŁacБел

WSJ: Пагрозы Пуціна ядзернай зброяй працуюць, а вось само яе выкарыстанне напэўна не спрацуе

Выкарыстанне Пуціным ядзернай зброі ў вайне прывядзе да вельмі вялікага выбуху, але не дасць Расіі ніякіх ваенных пераваг, піша WSJ.

Фота: Pixabay.

Пуцін рэгулярна пагражае свету выкарыстаннем ядзернай зброі. Па інтэнсіўнасці пагроз Пуціна можна параўнаць хіба што з Кім Чэн Ынам. Чаму ён выказвае такія пагрозы? Таму што яны працуюць, піша ўплывовае амерыканскае выданне.

Асцярогі адносна магчымай ядзернай эскалацыі стрымліваюць ЗША і іх саюзнікаў ад больш актыўнага ўдзелу ў вайне ва Украіне. Хаця Захад і пастаўляе Украіне зброю, карысную для пералому ў баявых дзеяннях, ён не наважыўся на крокі, якія маглі б прывесці да прамога сутыкнення паміж Расіяй і НАТА. Напрыклад, не абвясціў беспілотную зону над Украінай.

Заходнія краіны пакуль што не заўважылі ніякіх дзеянняў Расіі, якія б сведчылі пра падрыхтоўку да выкарыстання ядзернай зброі. Але да саміх пагроз Пуціна на Захадзе ставяцца сур'ёзна: імавернасць выкарыстання ядзернай зброі не нулявая.

Заходнія лідары лічаць рыторыку Пуціна прыкметай адчаю. Даследчыкі і вайсковыя стратэгі спрабуюць вызначыць розныя сцэнарыі. У большасці з іх выкарыстанне ядзернай зброі пагоршыць становішча Расіі.

Франсуа Эсбур, дарадца парыжскага Фонду стратэгічных даследаванняў па пытаннях абароны, заявіў, што выкарыстанне тактычнай ядзернай зброі на полі бою будзе азначаць «гучны выбух, але адносна нязначны эфект на ход ваенных дзеянняў».

Украіна трымае свае сілы расканцэнтраванымі і не засяроджвае войскі для наступу. Акрамя таго, каб скарыстацца перавагай, расійскім войскам трэба будзе прасунуцца праз ядзерныя ападкі.

Чыста тэарэтычна, Расія магла б скінуць бомбу на буйны ўкраінскі населены пункт. Але заходнія аналітыкі таксама не бачаць у гэтым стратэгічнай карысці: такая атака прымусіць Захад дзейнічаць актыўней, Захад перастане сябе стрымліваць сябе ў падтрымцы Украіны.

З другога боку, Пуцін паказаў сябе на гэтай вайне вельмі кепскім стратэгам. Брытанскі эксперт па ядзернай зброі Лоўрэнс Фрыдман кажа, што расійскі лідар ужо зрабіў некалькі дурных крокаў за час вайны, таму нельга цалкам выключаць магчымасць таго, што ён можа зрабіць нешта «яшчэ дурнейшае».

У тэлезвароце ў сераду Пуцін пахваліўся тым, што ў Расіі ёсць больш сучасная зброя, чым у НАТА, і дадаў, што ў выпадку пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі «яны абавязкова выкарыстаюць усе даступныя сістэмы ўзбраення».

Фармулюючы пагрозу, Пуцін выходзіць за межы афіцыйнага абгрунтавання выкарыстання ядзернай зброі. У 2020 годзе Масква апублікавала новую ядзерную дактрыну, у якой гаварылася, што адной з падстаў выкарыстання ядзернай зброі з'яўляецца адказ на звычайную атаку, «якая пагражае самому існаванню дзяржавы».

Але ж пагроза тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі гэта зусім іншая сітуацыя, чым пагроза самому існаванню дзяржавы.

На практыцы расійскую дактрыну неабавязкова варта ўспрымаць як канчатковую інструкцыю да дзеянняў у рэальнай сітуацыі. Расія гэта не тая краіна, якая ўвесь час строга кіруецца сваімі ж законамі.

Ды і ў пагрозах Пуціна нічога новага няма. 27 лютага ён загадаў павысіць узровень баявой гатоўнасці расійскага ядзернага арсенала. На пачатку сакавіка ЗША адклалі выпрабаванне міжкантынентальнай балістычнай ракеты. Пазней заходнія афіцыйныя асобы заявілі, што не выявілі ніякай незвычайнай ядзернай актыўнасці Расіі.

Тым не менш, некаторыя баяцца, што Пуцін незаконна анексуе ўкраінскія тэрыторыі, абвесціць іх расійскімі, а потым на падставе абароны тэрытарыяльнай цэласнасці Расіі выкарыстае ядзерную зброю. Але Украіна ўжо наносіла ўдары па цэлях у акупаваным Крыме і па расійскім Белгарадзе, і ніякага адказу не было.

Акрамя таго, выкарыстанне ядзернай зброі — вельмі рызыкоўны крок. Ніхто не ведае, у якім стане расійскі ядзерны арсенал. Частыя няспраўнасці пры запуску ракет былі б фатальнымі для Расіі. І яшчэ пытанне, ці выканае расійскае вайсковае камандаванне загад прымяніць ядзерную зброю, калі Пуцін такі загад дасць.

Клас
40
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
7
Абуральна
7
0
Per aspera /адказаць/
23.09.2022
Па просту, няма у цэлым свеце сучаснага Чэрчыля. "Чэрчыля", які спыніу́ бы расею і пуціна. Пакуль што няма.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930