Знайсці
24.09.2022 / 09:2421РусŁacБел

Чалы: Лукашэнку цяпер вельмі страшна

Калі час не на тваім баку, спроба павярнуць гісторыю назад прыводзіць толькі да паскарэння неспрыяльных трэндаў. Аналітык Сяргей Чалы ў эфіры «Обычного утра» правёў сеанс «псіхапаліталогіі».

Пра гістарычны час

Сяргей Чалы кажа, што цяпер мы назіраем надзвычай цікавы гістарычны момант.

«Такія часы сустракаюцца раз на сто гадоў, а можа, і радзей. На нашых вачах адбываюцца падзеі, параўнальныя з распадам і перадрэвалюцыйнай сітуацыяй у Расійскай імперыі. Распад Савецкага Саюза працягваецца будучым ваенным паражэннем Расіі і, верагодна, распадам Расіі. Адпаведна, усе кліенцкія рэжымы, якія залежалі ад гэтай улады, яны таксама знаходзяцца пад пагрозай, і гэта відавочна».

Чалы кажа, што вайна з Украінай пачалася не за тэрыторыі, гэта таксама была спроба спыніць час. «Яна пачалася для таго, каб на фоне Украіны не выглядалі ганебна такія рэжымы, як у Расіі і Беларусі. Украіну трэба было знішчыць, таму што яна ўяўляла сабой альтэрнатыўную арганізацыю даволі блізкага нам грамадства. Маладая ўлада замест вось гэтых герантакратаў, якія да смерці, відавочна, плануюць [правіць]. Дэцэнтралізаваная краіна, з вялікай ініцыятывай на месцах, краіна дынамічная. Яна рэальна была на нізкім старце. Я бачыў гэта. Яе чакаў неймаверны эканамічны рывок. Гэта было разліта ў паветры. І, вядома ж, гэта трэба было знішчыць».

Гэтая спроба ваенным шляхам змяніць ход гісторыі не прынясе адыходзячым рэжымам перамогі, лічыць Чалы.

«Мы бачым, што гісторыя не на вашым баку, хлопцы. Вы натура, якая сыходзіць, і ўсё, што цяпер адбываецца, вось усе гэтыя крокі, усе гэтыя адміністрацыйныя курчы, усе гэтыя спробы «а давайце яшчэ што-небудзь заціснем» — гэта спробы мачыцца супраць ветру.

Гэта такі цікавы парадокс, яшчэ Гегель называў гэтую сітуацыю «іроніяй гісторыі» — калі трэнд пайшоў супраць вас, вельмі шкодна спрабаваць яму процідзейнічаць. Вы проста растраціце сілы і рэсурсы, і вашы намаганні прывядуць да таго, што гістарычная непазбежнасць здарыцца толькі хутчэй.

Гэта значыць, трэба ўмець кіраваць сваім уласным сконам. Вось як, напрыклад, гэта рабіла цяпер нябожчыца, каралева Лізавета, яна паказала прыклад, як імперыя можа акуратна, спакойна ператварыцца ў нацыянальную дзяржаву і мець нармальныя адносіны з былымі калоніямі».

Чалы мяркуе, што мабілізацыя, абвешчаная Пуціным, паскорыць яго канец.

«Рэч у тым, што добрых хадоў у яго ўжо не так шмат было. Мы выдатна разумеем, што ўся легітымнасць яго трымалася, увогуле, на іміджы чалавека, які, з аднаго боку, прыносіць нейкія выгады для краіны, няхай і ілюзорныя, — тэрытарыяльныя набыцці, яшчэ нешта, і мінімальна пры гэтым напружвае сваё насельніцтва для гэтых дасягненняў. Практычна ўся гэтая сістэма разбурылася.

Цяпер яго сілавы апарат палюе на сваё ж насельніцтва. Гэта зусім новая канструкцыя.

Вы выдатна разумееце, што такое ўзбройваць уласнае насельніцтва для непапулярнай вайны, якая, хутчэй за ўсё, будзе прайграная. Ну гэта 1917 год, гэта салдаты і матросы ў Петраградзе і гэтак далей.

Гэта надзвычай рызыкоўныя дзеі, але, мабыць, яшчэ горшыя былі астатнія нейкія альтэрнатывы — я не ведаю, што там, узняцце ставак да ядзернага канфлікту або спакойнае назіранне за тым, як ты губляеш заваяваныя тэрыторыі, ну і, адпаведна, галоўнае пытанне, якое пасля было б зададзенае, а навошта ўсё гэта было пачатае, дзеля чаго мы пакутуем? Ён цяпер знаходзіцца ў сітуацыі смяротнай небяспекі. Не столькі асабістай, колькі рэжыму яго праўлення».

Пра саюзніцкі доўг Лукашэнкі

Чалы кажа, што Лукашэнка пасля першых двух тыдняў вайны ўжо зразумеў, што яму трэба рабіць.

«Мы ж бачылі, як ён эвалюцыянаваў. Спачатку ён быў падпальшчыкам гэтай вайны, мы ж памятаем, як ён падбухторваў таго ж самага Пуціна, давай, давай, ідзі ўламі ім. Першы тыдзень ён расказваў, як трэба Зяленскаму здацца і хуценька спыніць гэтую вайну. І пасля гэтага ён вельмі хутка зразумеў, што неяк бліцкрыгу не атрымліваецца, за 2—3 дні, якія яму абяцаў Пуцін, перамога не прадбачыцца, а цяпер, хутчэй за ўсё, наогул ніякай перамогі не прадбачыцца».

Цяпер Лукашэнка, паводле Чалага, усім выглядам паказвае, што часу на вайну ў яго няма.

«Стан уласнага войска ён ведае даволі добра. Гэта такая парадна-паркетная армія, якая не мае ніякага ваеннага досведу. І ўвесь час застылая грымаса страху на твары міністра абароны гэта, па-мойму, вельмі добра ілюструе.

І, увогуле, гэта яго «мы сядзім на срацы роўна», «мы на месцы» — гэта адзінае, што ён можа рабіць, тое, што называецца крэатыўнай пракрастынацыяй.

«Дзядзя Вова, ваяваць няма калі, тут з усіх бакоў нешта адбываецца, то ўборачная, то пасяўная, гусеніцы ляскаюць на заходняй мяжы». Увесь час даводзіцца прыкрываць спіну, бакі, яшчэ нешта там рускаму салдату. Увогуле, ён паказвае, што яны там вельмі моцна задзейнічаныя.

Вы ж бачылі, што адказаў Вальфовіч на пытанне пра мабілізацыю. А мы ўжо мабілізаваныя! Вось такая ў нас вось мабілізацыя.

Мы ўсімі сіламі робім выгляд, як мы гераічна і напружана сядзім на срацы роўна.

Таму што ён выдатна разумее, што чакае яго войска, калі прыйдзецца туды ўступіць».

Цяпер саюзніцкі абавязак, кажа Чалы, выконваецца прыкладна гэтак жа, як гэта рабілі самі расіяне, калі адлоўлівалі ў Расіі людзей, на якіх была заведзеная крымінальная справа ў Беларусі.

«Гэта значыць, цяпер мы вяртаем даўжок пошукамі ўхілістаў. І шчыра кажучы, я думаю, што максімум, які можа, напэўна, прапанаваць Беларусь для Расіі ў такой сітуацыі — гэта не вайсковая мабілізацыя, а хутчэй эканамічная мабілізацыя.

Трэба памятаць, што ніколі не вядзе вайны армія, вайну вядзе краіна. І цяжар заўсёды кладзецца на грамадзян, пытанне толькі, наколькі раўнамерна».

Пра амністыю

«Усе размовы пра амністыю — гэта крок наперад, два крокі назад.

У нас галоўны рэжым функцыянавання ўлады цяпер — гэта паказваць лютасць і паводзіць сябе люта.

Калі яны абяцаюць амністыю, значыць, яны павінны ўвесь час рабіць рэверансы ў бок сваіх сілавікоў, таму што гэта адзінае, на чым трымаецца рэжым з 2020 года. Працяг рэпрэсій — гэта адзіны шлях, пашырэнне іх спектру, узмацнення жорсткасці. А інакш як? Любая спроба змякчэння гэтай лютасці, яна ж імгненна ставіць пытанне адказнасці тых, хто быў вінаваты ў «перагібах на месцах». А гэта тыя самыя сілавікі, на якіх усё трымаецца».

«Як можна было так абвясціць амністыю, што навіной гэтага дня стала пазбаўленне грамадзянства? Не, ніякага змякчэння не адбываецца. Часам могуць нейкія рэчы адбывацца, але агульны трэнд адзін. Гэта як ровар, які коціцца ў гэты бок, і яму спыняцца нельга», — кажа Чалы.

Пра пошукі новай шматпалярнасці

Чалы кажа, што хоць ніякага «пераабування» Лукашэнкі ён не бачыць, але на саміце ШАС той, па назіраннях аналітыка, дыстанцыяваўся ад Пуціна. І цяпер спрабуе знайсці новага «дзядзю Вову».

На саміце, кажа Чалы, Лукашэнка «актыўна шукаў кантактаў, сам падыходзіў, за гузік спрабаваў утрымаць Эрдагана, «трэба пагаварыць — тэмка ёсць».

«У яго ж пазіцыя якая? Гэта пазіцыя шасцёркі, якая задзірае ўсіх, а потым у патрэбны момант бяжыць і кажа: а хто супраць нас з дзядзем Вовам? А цяпер дзядзя Вова сам атрымаў. І, увогуле, яму даволі няёмка ў гэтай сітуацыі, даводзіцца шукаць нейкага іншага дзядзьку, з якім можна было б адчуць сябе адносна камфортна. Гэта механізмы псіхалагічнай абароны.

Лукашэнку цяпер вельмі страшна. Я так даўно за ім сачу, што я проста бачу, што ён займаецца пастаянным загаворваннем сваіх уласных страхаў.

Ён два гады расказвае, як ён перамог і перагарнуў старонку, ён расказвае пра тое, што ворагаў практычна не засталося, але пры гэтым кожны дзень кажа, што вакол тэрарысты, спячыя ячэйкі нешта ладзяць, рыхтуюцца, «яны ж нам спакою не дадуць».

Чалавек жыве ў жаху абсалютным, які не праходзіць. «Ледзь-ледзь аслабіш хватку, і ўсё, нас самнуць». Ва ўсіх яго выступах падмяняйце «нас» на «я», і вы атрымаеце тое, пра што ён кажа.

Ён жыве вось у гэтым пастаянным страху. З аднаго боку, сілавікі яму гэты страх пастаянна падсілкоўваюць, распавядаючы пра тое, што вось мы зноў пачулі, як ляскаюць гусеніцы на заходняй мяжы. І ён зноў дрыжыць. А потым прыходзіць нейкая ўмоўная Качанава і кажа, Аляксандр Рыгоравіч, усё ў парадку, вас па-ранейшаму любіць ваш народ, падданыя яшчэ не бунтуюць, усё нармальна. І вось ён паміж гэтымі двума модусамі і знаходзіцца. Цяпер, на жаль, гэта такая псіхапаліталогія большая, чым нешта яшчэ», — кажа Чалы.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
антисвета/адказаць/
25.09.2022
даведка, можна я адкажу? vik, як толькі вашая любімая філалагіня (жонка філолага, акружаная саветнікамі-філолагамі) яе хоць трохі вывучыць
1
Бондар/адказаць/
27.09.2022
Ну да ну да мы же уже почти почти победили... З чалага такі эксперт як з мяне летчык, хаця верагодна летчык з мяне будзе ўсё ж лепшы чым з яго эксперт.
1
Ха-ха/адказаць/
27.09.2022
"®™©®", да уже без проблем 27 лет правит, что ему помешает еще столько же править или кто, может быть маша и ее девочки с цветами омону.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера