Знайсці
24.09.2022 / 19:351РусŁacБел

Адкуль БелТА даведалася пра смерць народнага артыста Беларусі, калі пра гэта не пішуць «РИА Новости»?

Гісторык Аляксандр Пашкевіч у фэйсбуку прыводзіць прыклад таго, наколькі дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА завязанае на Маскву нават у сферах, якія непасрэдна не тычыцца прапаганды. 

Не першы раз такое назіраю ўжо. Вось учора памёр народны артыст Беларусі Уладзімір Іваноў. Сфера мастацтва, у якой ён працаваў — балет, мастацтва не самае народнае. Таму, вядома, шырокім народным масам яго імя, нягледзячы на гучнае ганаровае званне, нічога не кажа. Але ўсё ж такі народны артыст Беларусі, чалавек з мноствам заслуг. І дзяржаўныя інфармацыйныя агенцтвы прынамсі згадаць пра смерць то мусілі б, інакш якія іх функцыі?

На БелТА, аднак — ні слова. Хоць увогуле пра смерці вядомых людзей яно паведамляе рэгулярна. Вось толькі за апошнія два дні — тры паведамленні:

«Умер режиссер Владимир Краснопольский, сообщили в Союзе кинематографистов РФ»

«Умерла Луиза Флетчер, игравшая в фильме «Пролетая над гнездом кукушки»

«Умер восьмикратный чемпион СССР по хоккею Валентин Сенюшкин».

І такая сітуацыя, калі паглядзець далей, пастаянная. Пра смерці нават трэцяшараговых расійскіх і хоць бы больш-менш вядомых іншых замежных дзеячаў інфармацыю можна знайсці, а беларускія як і не паміраюць ніколі (яно то добра было б, але слаба верыцца).

Апошняе паведамленне на БелТА пра смерць беларуса — 9 жніўня пра Слюнькова. А пра смерці расейцаў (перадусім) і іншых іншаземцаў за гэты час — дзясяткі.

І не абавязкова тут свядомае замоўчванне. Многія з вядомых беларусаў, якія паміраюць, ніякія не «змагары» і не «беглыя», згадак пра якіх свядома пазбягаюць. Ёсць і звычайныя людзі, якія калі ўладам і не славасловілі, то і на барыкады не лезлі. Можна было б пра іх і напісаць.

Але ж гэта трэба інфармацыю збіраць, апрацоўваць. А навошта гэта, калі ёсць РІА Новості ці ТАСС, адкуль можна ўсё перапосціць? Вось і перапошчваецца пра смерць аўтара слоў да песняў Грыгорыя Лепса ці пра аператараў якіх-небудзь савецкіх фільмаў. А пра беларускіх нават народных артыстаў «РИА Новости» нічога не пішуць, то адкуль і БелТА пра іх смерць даведацца?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
2
Неардынец/адказаць/
24.09.2022
Краіна рабоў і халуёў.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера