Знайсці
26.09.2022 / 20:0113РусŁacБел

«Жонка мяркуе, што ехаць не варта». Айцішнікі, якія застаюцца ў Беларусі, расказалі, чаму не з'ехалі

З 2020-га ў Беларусі пачаўся актыўны адток супрацоўнікаў IT-сферы, а пасля пачатку вайны ва Украіне ён павялічыўся ў некалькі разоў. «Наша Ніва» знайшла айцішнікаў, якія застаюцца ў краіне, і даведалася, чаму яны не з'ехалі і як вайна адбілася на іх працы і рынку.

«Калі б мы былі ўдваіх, без дзяцей, думаю, што ўжо б з'ехалі»

Аляксей (імя зменена) працуе ў невялікай IT-кампаніі. Асноўная прычына, па якой мужчына са сваёй сям’ёй не наважваецца на пераезд, — двое дзяцей.

«Ім 14 і 12 гадоў. Пры пераездзе будзе пытанне са школай. Вельмі хачу, каб яны атрымалі добрую адукацыю.

У гэтым плане, напрыклад, Польшча выглядае больш-менш прывабна.

Дзеці сваіх думак наконт эміграцыі не выказвалі. Уся сітуацыя ў краіне іх нервуе, вядома, аб тым, што адбываецца, яны ведаюць.

У нас у школе нядрэнныя настаўнікі, з хваляй ідэалогіі мы не сутыкаліся. Я нават у дзяцей пытаўся, ці быў урок з Лукашэнкам 1 верасня, адказалі, што не.

Думаю, што далей гэта ўсё будзе нарастаць, сістэма разваліцца ці проста стане невыноснай», — кажа ён. 

Так як кампанія, у якой працуе Аляксей, маленькая, магчымасці для рэлакацыі няма. Кіраўніцтва не супраць, каб іх супрацоўнікі пераязджалі з Беларусі, але рабіць гэта давядзецца самастойна.

«І тут узнікае праблема з атрыманнем візы, — кажа ён. — Ехаць, напрыклад, у тую ж Грузію мы не хочам, бо лічым, што там нізкага ўзроўню адукацыя. 

Яшчэ адна прычына — фінансавае становішча. Кошт на арэнду кватэр нават у Польшчы дастаткова вялікі, а нам патрэбная трохпакаёвая. У Беларусі ў мяне свая кватэра. Пагадзіцеся, што гэта даволі камфортна. І калі, напрыклад, жонка будзе доўга шукаць працу, то для мяне гэтыя выдаткі будуць адчувальныя.

Ёсць варыянт перайсці працаваць у іншую вялікую кампанію. Адзін мой знаёмы так пераехаў. Знайшоў пасаду ў EPAM. Яго запісалі дастаткова хутка ў пасольства, там IT-спецыялістамі займаецца нейкая асобная служба. Але пакуль на гэта не адважваюся». 

Аляксей кажа, што ў тэхнічных момантах іх праца пасля 2020-га і пачатку вайны асабліва не змянілася. 

«Стаў толькі недасяжны шэраг праграм. Гэта азначае, што зараз плаціць за іх трэба з карты замежнага банка. Таксама ёсць сэрвісы, якія недаступныя, але гэта некрытычна», — тлумачыць ён. 

Аляксей лічыць, што цяпер у сувязі з усімі падзеямі няпроста вырашыць заставацца ці бегчы стрымгалоў. Для сям'і ўсё ж важная наяўнасць сваёй кватэры. 

«Жонка мяркуе, што ехаць не варта, не ведае куды, — кажа ён. — Напэўна, усе, хто застаўся ў Беларусі, зараз у разгубленым стане, таму што рызыкі вельмі ўзраслі ў сувязі з мабілізацыяй у Расіі. Нават калі будзе віза, то пры аб'яўленні ваеннага становішча выехаць з краіны будзе цяжка. Калі б мы былі ўдвох, без дзяцей, думаю, што ўжо з'ехалі б.

За апошнія некалькі дзён шмат чаго здарылася, таму думаю, што кіраўніцтва нашай кампаніі будзе ўздымаць пытанне аб магчымым пераездзе. Бо ў выпадку пачатку нейкіх ваенных дзеянняў у Беларусі можа здарыцца так, што не будзе каму працаваць».

Калі сям’я наважыцца на пераезд, то хутчэй за ўсё абяруць Польшчу. 

«Здаецца, што там да беларусаў заўжды будуць добра ставіцца. Не хочацца паўтарыць лёс немцаў у ЗША, якія беглі і апынуліся ў фільтрацыйных лагерах», — падсумоўвае Аляксей. 

«Ёсць уклад жыцця, які мне пакуль падабаецца» 

Анастасія (імя зменена) працуе ў вялікай IT-кампаніі. Дзяўчына пакуль што не гатовая да пераезду, яна не бачыць свайго жыцця ў іншай краіне. 

«Кампанія дае магчымасці для пераезду. Не адчуваю, што магу зрабіць такі крок, бо трэба будзе прыкласці шмат сілаў для ўладкавання жыцця ў іншай краіне», — тлумачыць яна. 

На пытанне, як змянілася яе праца пасля пачатку вайны, Анастасія адказвае, што «ўсё так, як і было». 

«Мой рэжым абсалютна не змяніўся, са складанасцямі не сутыкнулася. Замежных замоўцаў, якія б хацелі працаваць з Беларуссю, стала менш. 

У цэлым сітуацыя ў Беларусі мяне палохае. Падзеі і ў краіне, і побач з ёй адбываюцца дрэнныя. 

Можа быць, паехала б у якую-небудзь развітую еўрапейскую краіну, бо для мяне важная добрая інфраструктура. 

Тут у мяне застаецца сям’я, сябры, знаёмыя не са сферы маёй працы. Ёсць уклад жыцця, які мне пакуль падабаецца і шмат месцаў, якія люблю», — расказвае яна.

«Заробак пры рэлакацыі застаецца такім жа»

Мацвей (імя зменена) працуе ў вялікай IT-кампаніі. У Беларусі хлопец застаецца, таму што за свой заробак ён можа даволі камфортна жыць. У Еўропе ў яго так не атрымаецца.

«У нейкай еўрапейскай краіне за арэнду жытла, вольны час трэба будзе выкладваць значна больш. Таксама ў мяне тут наладжаны побыт, кола зносін. Лічу, што нашмат зручней заставацца тут.

Быў у Грузіі месяц, там мне не падабалася абслугоўванне, сэрвіс, жытло. Цяпер думаю паехаць паглядзець Турцыю», — кажа ён. 

Кампанія прапаноўвала Мацвею рэлакацыю ў Літву, але ад такой магчымасці ён адмовіўся. 

«Заробак пры гэтым практычна застаецца такім жа, яны давалі толькі візу пры ўмове працаўладкавання ў Літве, — расказвае хлопец. — Пераезд у гэтую краіну я не разглядаў, бо тады трэба было б асвойваць літоўскую мову. Яе вывучэнне, уладкаванне жыцця, такі ж заробак — усё гэта непрыдатныя для мяне крытэрыі. Таксама ў Беларусі ёсць офіс, а ў Літве няма». 

У працы Мацвея за апошнія паўгода нічога не змянілася. 

«Прыкметна, што на офісе нашмат менш людзей стала, усе кудысьці рэлакаваліся. Рынак змяніўся, вакансій стала менш. Шэраг кампаній правялі масавыя звальненні тых, хто не захацеў з'язджаць, з'явіліся свабодныя распрацоўшчыкі, але попыт на тых, хто застаецца ў Беларусі, вельмі ўпаў. 

Інвестыцыі ў беларускае IT моцна падаюць. Ключавыя кампаніі-гіганты сыходзяць з Беларусі. І гэта ўплывае на рынак. Таксама перасталі прыходзіць нейкія цікавыя стартапы, беларускія праекты арыентуюцца зараз на еўрапейскі рынак», — запэўнівае Мацвей. 

Хлопец кажа, што заставацца ў Беларусі яму трывожна, але ў якую канкрэтна краіну рэлакавацца, Мацвей не ведае.

«Кампанія прапаноўвала рэлакацыю ў Казахстан, Кыргызстан, Індыю»

Маргарыта (імя зменена) працуе ў вялікай IT-кампаніі. Яна застаецца ў Беларусі, таму што жыць стала ў Еўропе не хоча. 

«Пераязджаць не хачу, мне ў Беларусі падабаецца. Хацелася б адкрыць візу, падарожнічаць.

Кампанія прапаноўвала рэлакацыю ў Казахстан, Кыргызстан, Індыю. Вядома, у гэтыя краіны ехаць зусім не хочацца», — кажа яна. 

У працы Маргарыты нічога, акрамя праектаў, за гэты час не змянілася.

«Тыя, хто з Расіі і Беларусі, не могуць працаваць на еўрапейскіх праектах. Таму нас усіх зараз пераводзяць на ўнутраныя праекты альбо на арабскія.

Заставацца, вядома, страшна, але і з'язджаць не хочацца», — падсумоўвае яна. 

Чытайце таксама: 

«Паспрабуем сабраць беларусаў як нацыю ў адно вялікае кам'юніці». Айцішнікі стварылі «Лічбавую Беларусь»

За беларускіх айцішнікаў вырашыў пазмагацца і Кыргызстан

Працаваў афіцыянтам, а потым без курсаў перавучыўся на праграміста і зарабляе каля $3 тысяч

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
28.09.2022
Рэдакцыя, каменты рэжаце?
0
Максим Дизайнер/адказаць/
28.09.2022
Хотя я у своего знакомого узбека один раз спросил, а почему он в Лондоне не остался, где учился. Так, как он красит волосы, ни одна баба в мире не покрасит. Сказал: "А что я там забыл?Скучно" и т.д.
28.09.2022
Янка-музыка, вы ж рэгулярна наведваецеся ў Беларусь, гэта іншая справа.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера