Знайсці
28.09.2022 / 09:21РусŁacБел

Эканаміст Зміцер Крук: Расійскі буксір цягне нас з сабой у пекла

Ці магчымае вяртанне беларускай эканомікі ў 90-я, што для яе — найгоршы сцэнар і што стварае найбольшую небяспеку, чым беларускі бізнэс адрозніваецца ад расійскага і ўкраінскага, у інтэрв'ю каналу «Жыццё-маліна» распавёў эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук. Пераказваем некаторыя тэзы.

На пытанне пра стан беларускай эканомікі Дзмітрый Крук адказвае, што яна «ўжо ляснулася». Ён тлумачыць гэта тым, што тое зніжэнне ВУП, якое мы сёння маем, — гэта даволі істотна. Паводле эканаміста, з узроўню піка другога квартала мінулага года дзесьці 7% страціў ВУП.

Ён кажа, што няма агульнапрынятай градацыі «ляснутасці» эканомікі. Ёсць нефармальныя рамкі, якія выкарыстоўваюць эканамісты, і 5% — гэта ўжо сур’ёзны крызіс, 10% — гэта зусім кепска. Гэта і ёсць сінонім слова «ляснулася».

Але неэканамісту сённяшняе падзенне эканомікі не такое відавочнае. Асабліва калі паглядзець на апытанні хатніх гаспадарак, яны адчуваюць сабе досыць някепска.

Крук распавядае, што пра эканоміку можна размаўляць двума спосабамі. Калі мы хочам максімальна спрасціць, можна разважаць пра відавочныя рэчы, якія вынікаюць з эканомікі як з навукі. Але сёння ў свеце, кажа ён, мяняецца падыход, эканамісты дыскрэдытавалі сябе з першым падыходам, бо гэта выглядае так, нібыта яны могуць расказаць, як пабудаваны свет і расплюшчыць вочы на ісціну, растлумачыць, як трэба рабіць.

На любое пытанне хацелася б пачуць адказ: так ці не. Але ў адказах на эканамічныя пытанні, кажа эксперт, ступеняў сумненняў можа быць шмат. Можа быць, так, а можа, не, 70% — так, а 30% — не. Галоўнае — знайсці гэтую прапорцыю. Крук кажа, што яму бліжэйшы другі падыход, калі эканамісты адмыслова не даюць адназначна правільных адказаў, а паказваюць усе «за» і «супраць», паказваюць свае сумневы і спрабуюць давесці чалавеку пра набор «за» і «супраць».

Канчатковае рашэнне трэба прыняць самому чалавеку. І можна сказаць: што вы там балбочаце, вы ў выніку не адказалі на пытанне.

І вось праз гэтую прызму, пры першым падыходзе, беларуская эканоміка ўжо ляснулася, але ў масавай свядомасці, хутчэй за ўсё, цяпер пануе стагнацыя і здаецца, што ўсё не так проста, што ўзровень дабрабыту значна вышэйшы, чым чакалася пры канцы лютага і адразу на пачатку вайны.

Чаму людзі не адчуваюць крызісу?

Людзі не адчуваюць «трындзяца», бо інакш яго ўяўлялі — найперш, атаясамлівалі з курсам даляра. Калі чалавек страчвае працу, гэта адчуваецца значна хутчэй. Але калі праца ёсць, заробкі зніжаюцца пакрысе, цэны растуць таксама павольна, не аднамомантна, як з жабай, якую паступова вараць, і калі ты чакаеш, што ўсё ляснецца, як ў 2011 годзе — аднамомантна скокнуць цэны амаль у два-тры разы на шмат якія тавары, што твае ашчаджэнні ў рублях у банку абясцэняцца ў некалькі разоў, калі гэтае чаканне не здзяйсняецца, адпаведна, узнікае адчуванне, што найгоршае не адбылося.

Тое, што мы коцімся на дно паступова, здаецца не горшым варыянтам. Крук мяркуе, што, насамрэч, магло быць горш. Сярод тых сцэнароў, па якіх Беларусь магла рухацца з канца лютага, гэты не найгоршы, хаця і не найлепшы.

Які для Беларусі сцэнарый найгоршы?

Крук бачыць гэта як 20-працэнтнае зніжэнне ВУП. То-бок людзі могуць стаць бяднейшымі на 20% у параўнанні з сярэдзінай 2021 года. А па-другое, гэтаму найгоршаму сцэнарыю адпавядае, хутчэй за ўсё, і фінансавы крызіс, верагодна, з высокай інфляцыяй і дэвальвацыяй, хаця гэта не абавязкова.

Асноўны пункт небяспекі, кажа Крук — гэта якасць актываў банкаў. Калі скарачаюцца магчымасці ствараць прадукцыю, павінен істотна горшаць фінансавы стан прадпрыемстваў. Назапашаныя даўгі за мінулыя гады — вельмі істотныя, і з 2016 года па цяперашні час гэта адзін з галоўных пунктаў рызыкі, галоўны патэнцыйны трыгер праблем для беларускай эканомікі. У нейкі момант прадпрыемствы могуць аказацца не ў стане выконваць свае абавязкі па крэдытах.

Адпаведна, для банкаў становіцца немагчымым выконваць свае абавязкі. Гэта пагражае тым, што людзі, якія пакінулі грошы ў банках, не змогуць іх забраць. На паўзу, як мінімум, ставяцца функцыі размеркавання грашовых плыняў, нават унутры краіны. Напрыклад, фірма замовіла нешта, адправіла плацеж, але невядома, ці дойдзе ён. Тое самае з контрагентамі, бо невядома, ці змогуць яны заплаціць: нават калі ў іх ёсць грошы, гэта можа завіснуць. Такі стопар усіх фінансавых ланцужкоў — вельмі небяспечная рэч, і калі гэта адбываецца, на пэўны перыяд утвараецца і лагістычны, і цэнавы калапс, і ніхто не ведае, што будзе адбывацца заўтра.

Спалучэнне страты рэальнага дабрабыту на 20% і такі фінансавы крызіс — гэта, напэўна, два галоўныя «інгрэдыенты» патэнцыйнага дна, паводле эканаміста. Пытанне, ці дасягнём мы яго, застаецца адкрытым.

Экзістэнцыяльнае пытанне

Той маштаб экспартнага шоку, які ў нас ёсць, кажа Крук, звязаны з санкцыямі і новым асяроддзем, у якім мы існуём. Тое, што выпала з экспарту ў Еўропу, яшчэ можна спрабаваць перанакіраваць на іншыя рынкі, а вось што рабіць з тым экспартам (акрамя нафтапрадуктаў), які ішоў ва Украіну — гэта вялікае пытанне. Шмат прыватных фірмаў экспартавалі туды розныя тавары. Ліст таварных пазіцый — вельмі доўгі.

Другі складнік экспарнага шоку — санкцыі. Гэта абмежаванні, якія ўвёў у першую чаргу Еўрасаюз, мы страцілі магчымасць экспартаваць нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні і шмат іншых пазіцый, якія — важныя, але менш істотныя. Галоўнае — нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні — гэта такі няспынны прыток кэшу. І гэта важная падтрымка для валютнага рынку, для функцыянавання фінансавай сістэмы.

Акрамя таго, ад гэтых галін залежаць іншыя галіны. Напрыклад, аптовы гандаль, які перавозіць тое, што робіць МНПЗ ці «Нафтан». Адпаведна, галіна аптовага гандлю залежыць ад таго, ці ёсць нафта, нафтапрадукты. Транспартная галіна працуе такім жа чынам. І калі ідзе згортванне гэтых прадуктаў, па ланцужку аўтаматычна адбываецца скарачэнне і іншых галін. Назіраецца магія лічбаў. Калі паглядзець толькі на калійныя ўгнаенні, то здаецца, што гэта мізэрная доля ў ВУП — менш за 1%. Але варта паглядзець на тыя эфекты, якія спараджае прыпыненне экспарту.

Па ацэнках эканаміста, да 8% ВУП можа быць звязана з сектарам нафтапрадуктаў. З калійнымі ўгнаеннямі — прыкладна тое самае.

І таму для сённяшняй эканомікі, кажа Крук, тое, што адбываецца з экспартам нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў, — экзістэнцыяльнае пытанне.

Па ўскосных прыкметах Крук мяркуе, што частковае аднаўленне экспарту нафтапрадуктаў пачалося з канца мая. Гэта не вяртанне да ўзроўню пачатку года, але калі ў красавіку — маі загрузка НПЗ была каля 50%, цяпер, груба кажучы, бо статыстыка засакрэчаная, недзе 70%.

Як доўга мы будзем падаць

Крук кажа, што, безумоўна, у 2022 годзе будзе падзенне — па яго ацэнках, каля 6% у параўнанні з 2021 годам. Але спад на гэтым з вялікай імавернасцю не скончыцца. Гэта залежыць ад таго, ці змогуць купіраваць экспартныя шокі. Калі экспарт пачне аднаўляцца, доступ да расійскіх партоў з’явіцца, гэта адна гісторыя. Калі не, то і ў 2023 годзе падзенне працягнецца. Небяспека 20-працэнтнага дна застаецца. Да дна, дапускае Крук, мы можам скаціцца не за 2—3 кварталы, як чакалася, а менш хуткімі крокамі — за 2—3 гады.

Яшчэ адна важная рэч, якая мае значэнне — што будзе на сусветным рынку. Сёння існуе вялікая небяспека таго, што пры канцы 2022 года — у 2023-м здарыцца сусветная рэцэсія. Пакуль у Беларусі ёсць адгалоскі замежнагандлёвага цуду (высокія сусветныя цэны на нафту і калій, якія кампенсуюць Беларусі страты фізічнага аб’ёму экспарту), а калі яны раптам скончацца, усё зменіцца.

Ці вернуцца 90-я?

Крук адназначна кажа: не, гэта недарэчнае параўнанне. Паводле яго, тое самае патэнцыйнае 20-працэнтнае дно — гэта вяртанне ва ўзровень дабарабыту 2006—2007 гадоў, гэта ўсё роўна значна больш за 90-я.

Эканаміст кажа, што тады былі пытанні, як купіць прадукты, ці будзе заробак за тры-пяць месяцаў. Такога з вельмі вялікай імавернасцю нават пры найгоршым сцэнарыі, мяркуе Крук, не будзе.

Ён распавядае, што некаторыя калегі з ім спрачаюцца наконт таго, што мастацтва кіравання можа і да Венесуэлы давесці, але ён мяркуе, што для такога павінна здарыцца нешта яшчэ. Бо сусветны ўзровень добрабыту палепшаў істотна. А галоўная страхоўка — гэта прыватны бізнэс, які ёсць у Беларусі.

У краіне круты прыватны бізнэс, кажа Крук, і гэта тычыцца не толькі айцішкі, якая проста больш распіяраная. У нас існуе шмат паспяховых гісторый у прыборабудаванні, іншых нішавых кірунках, калі беларускія фірмы становяцца галоўнымі рухавікамі на сусветным рынку. Гэта бізнэс, які зрабіў сябе з нуля. Праблема ў тым, што яму не далі развівацца, ён у Беларусі ўпёрся ў столь. Каб развівацца далей, прыватнаму бізнэсу патрэбныя былі дадатковыя рэсурсы, доступ да фінансаў і свабодны ператок чалавечых рэсурсаў. Праз розныя механізмы рэгулявання занятасці, сацыяльных пакетаў, прывязкі да дзяржаўных прадпрыемстваў, людзі арыентуюцца на 500 даляраў на заводзе. Гэта сутыкненне дзяржаўнага і прыватнага бізнэсаў адбылося недзе ў 2014 годзе па шмат якіх пазіцыях. Адпаведна, беларускі бізнэс, акрамя айцішкі, застопарыўся ў развіцці. Але ў яго ёсць патэнцыял.

Таму, кажа Крук, 90-я нам не пагражаюць. Наш бізнэс, прыводзіць Крук меркаванне свайго калегі, вельмі адрозніваецца ад расійскага і ўкраінскага, заснаваных на савецкіх прадпрыемствах, якія ўдалося «прыхватызаваць» ўдалым чыноўнікам. Беларускі бізнэс не меў такой магчымасці. Ён быў створаны з нуля. Таму ён адразу быў накіраваны не на тое, каб зняць вяршкі, а на тое, каб выбудаваць доўгатэрміновую стратэгію. Менавіта такі бізнэс становіцца грунтоўным і мае шмат перспектываў для развіцця.

Але, кажа Крук, ёсць дзве дрэнныя навіны. Гэты патэнцыял паступова знішчаецца. Ён мяркуе, што яго засталося на 5—10 гадоў. Значная частка гэтага бізнэсу перастае быць беларускім, людзі з’язджаюць, бізнэс рэлакуецца.

А другое — наступствы вайны. Цяпер вельмі істотнай праблемай становіцца наша прывязанасць да Расіі, якая нас з сабою пацягне на дно, і значна больш небяспечнае, чым тыя 20% падзення. Калі бізнэс гэта бачыць, ён хоча саскочыць з расійскага карабля, бо не хоча ісці на дно разам з ім. Да 2020 года было спадзяванне, што можна будзе неяк замыліць, вынесці за дужкі гэты фактар Расіі, залежнасці эканомікі ад яе.

Сёння мы павінны вельмі ясна прамаўляць, кажа Крук, што нам трэба адарвацца ад расійскага буксіра: расійскі буксір цягне нас з сабой у пекла.

Чытайце таксама:

«Сярэдні клас памёр, таму я зачыняюся». Уладальнік мінскага рэстарана расказаў пра праблемы грамадскага харчавання

Праўладнага блогера заўважылі ў польскім візавым цэнтры. Спыталі, што ён там рабіў 

Адкуль БелТА даведалася пра смерць народнага артыста Беларусі, калі пра гэта не пішуць «РИА Новости»?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031