Знайсці
27.09.2022 / 16:381РусŁacБел

Вакол Лімана можа замкнуцца кола акружэння

Расійскія франтавыя блогеры паведамілі пра тое, што ўкраінскія войскі прасунуліся да дарогі Крамянная—Ліман. Адначасова ўкраінцы наступаюць паўночней у кірунку Сватава.

Карта фронту пад Ліманам па версіі «Рыбаря» па стане на 27 верасня 

Няма добрых навін для Пуціна і Лукашэнкі: украінская армія працягвае наступ у Данецкай вобласці.

Мяркуючы па паведамленнях расійскіх франтавых блогераў, Ліман расійскім войскам утрымаць наўрад ці ўдасца. Украінскія войскі паволі прасоўваюцца як на поўнач, так і на ўсход ад яго, што стварыла пагрозу поўнага акружэння.

«На ўсход ад Лімана падраздзяленні УСУ навялі некалькі пантонных перапраў паміж Крывой Лукай і Белагораўкай, стварылі плацдарм на паўночным беразе Северскага Данца, перакінулі на плацдарм тэхніку і пачалі падрыхтоўку да актыўнага наступу на пазіцыі саюзных сіл на гэтым участку, — піша інфармаваны расійскі блогер «Рыбарь». — Мабільныя разведвальныя групы праціўніка на лёгкай браняванай тэхніцы правялі разведку боем пазіцый УС РФ у Ямпалі, Торскім. Дарога Крамянная—Ліман прастрэльваецца і небяспечная».

Звычайна расійскія шавіністычныя блогеры малююць сітуацыю трохі лепшай, чым яна ёсць у рэальнасці. Так, пераправы пад Белагораўкай з'явіліся даволі даўно. Украінскія войскі прасоўваюцца павольна, але метадычна, каб мінімізаваць страты ва ўмовах, калі яны не могуць марыць пра перавагу ў паветры. 

Сёння ж улады Харкаўскай вобласці паведамілі, што ўкраінскія войскі ўстанавілі кантроль над населенымі пунктамі Купянск-Вузлавая, Петрапаўлаўка і Кучароўка на левым беразе Аскола.

Украінская армія не паведамляе пра вызваленне населеных пунктаў, пакуль не праведзеная іх зачыстка ад праціўніка і праверка. 

Украінцы стварылі шматлікія плацдармы на левым беразе рэк Северскі Данец і Аскол, у тым ліку ў Купянску і Сянькове, што дае ім вялікі выбар кірункаў наступу, канчатковай мэтай якога бачыцца Сватава. Сватава — райцэнтр на поўначы Луганскай вобласці, да вайны ў ім жыло 16 тысяч чалавек. Расійскія войскі акупавалі горад 6 сакавіка, на 11-ы дзень вайны.

Вызваленне Сватава мела б як стратэгічныя, так і маральныя наступствы.

Гэта быў бы першы вызвалены райцэнтр Луганскай вобласці, якая на сёння амаль цалкам кантралюецца расійскімі войскамі.

Захоп Сватава, важнага чыгуначнага цэнтра, азначаў бы таксама аператыўнае акружэнне горада Ліман па вялікім коле. Ліман трымае вялікая расійская групоўка.

У выніку імклівага наступу 5—10 верасня ўкраінская армія вызваліла Балаклею, Купянск, Ізюм і Ваўчанск, а расійскія злучэнні хаатычна адступілі на левыя берагі рэк Северскі Данец і Аскол. У выніку расіянам не ўдалося стварыць надзейнай лініі абароны па гэтых рэках, як яны спадзяваліся, але і ўкраінская армія не заняла з налёту Ліман і Сватава. Баі рознай інтэнсіўнасці на подступах да гэтых гарадкоў працягваюцца ўжо амаль два тыдні.

Мяркуючы па паведамленнях з двух бакоў, украінскія войскі прасунуліся на левым беразе Северскага Данца і Аскола на 5—20 кіламетраў у пяці-шасці кірунках адначасова. Украінскі плацдарм на левым беразе Северскага Данца ў раёне Святагорска і Ізюма разросся да больш як паўтысячы квадратных кіламетраў.

Камандаванне Узброеных сіл Расіі кідае ў бой рэзервы з мэтай скаваць часці ўкраінскіх войскаў і знізіць тэмпы іх прасоўвання, выйграўшы час для стварэння суцэльнай лініі абароны і стабілізацыі сітуацыі на фронце. Выглядае, што гэтых рэзерваў мала.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Добры чалавек/адказаць/
27.09.2022
Прыемна чытаць такiя навiны
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031