Знайсці
27.09.2022 / 19:582РусŁacБел

Шале ў гарах і дзве кватэры ў Вене. «Кашалёк Лукашэнкі», нягледзячы на санкцыі, захаваў багацці ў Еўрасаюзе

Беларускі бізнэсовец Мікалай Верабей лічыцца галоўным нафтавым «кашальком» Аляксандра Лукашэнкі, за што і трапіў пад санкцыі ЕЗ 17 снежня 2020 года. Але, як высветліла сумеснае расследаванне Беларускага расследавальніцкага цэнтра з аўстрыйскім выданнем Dossier, раней Верабей звіў сабе гняздо ў Аўстрыі, дзе ягоная сямʼя валодае люксавай маёмасцю і сувязямі ў мясцовых элітах.

Найбольш прыкметны актыў — шале ў рэгіёне Карынтыя на поўдні Аўстрыі. Да рэзідэнцыі плошчай у 300 квадратаў прыкладаецца ўчастак у 19 тысяч квадратных метраў, з лугамі, лясамі і садамі. Належыць гэта маёмасць фірме Power Chemical Trading, а ёй, у сваю чаргу, валодае Кацярына Смушковіч, у дзявоцтве — Верабей. Доля ў Power Chemical Trading ёй дасталася ад бацькі, Мікалая Вераб'я, а той атрымаў яе ад Максіміліяна Крыстафа Фон Габсбург-Латарынгскага, нашчадка адной з галін імператарскага роду Аўстра-Венгрыі.

Як відаць па дакументах, менавіта ад бацькі Кацярына Верабей атрымала шале і аўстрыйскія землі, запісаныя на кампанію Power Chemical Trading. Гэта значыць на шале яна не сама зарабіла і купіла не за свае грошы. У фірме ў розныя гады значыліся альбо 0, альбо 1 супрацоўнік. У фінансавай справаздачы за 2020 год у іх зафіксаваныя чыстыя страты — 1,5 мільёна еўраў.

Што гэта значыць? Усё выглядае так, як быццам асноўная функцыя фірмы — валоданне домам у Карынтыі і абслугоўванне яго.

Знаёмства ў вышэйшым свеце: афёра на мільярды і шпіёнскія гульні

Хто ж такі гэты Максіміліян Крыстаф фон Габсбург-Латарынгскі, ад якога сямейству Вераб'я дасталася фірма з шале і ўгоддзямі?

Як паказала расследаванне, партнёры былі знаёмыя задоўга да здзелкі з MHL Property Management — так раней называлася Power Chemical Trading.

З дапамогай Кіберпартызан высветлілася: пачынаючы з верасня 2013 года Верабей, Габсбург-Латарынгскі і іх сваякі неаднаразова здзяйснялі пералёты з Еўрасаюза ў Беларусь і назад.

47-гадовы Максіміліян Габсбург-Латарынгскі працаваў у аўстрыйскіх банках Privatbank і Liechtensteine Landesbank (Österreich) AG, а цяпер валодае элітнай аўстрыйскай вінаробнай кампаніяй Weingut Habsburg і кампаніяй Habsburg Solutions, якая прапануе розныя паслугі прыватным кампаніям і асобам, у тым ліку і здзелкі з нерухомасцю.

З 2020 года прыяцель Вераб'я кіруе «Аўстрыйска-расійскім таварыствам дружбы», якое займаецца пасрэдніцтвам у бізнэс-кантактах паміж бізнэсменамі гэтых краін. Габсбурга называлі даверанай асобай Фларыяна Штэрмана — заснавальніка «Аўстрыйска-расійскага таварыства дружбы».

Па паведамленнях аўстрыйскай прэсы, гэта таварыства і, у прыватнасці, Штэрман маглі мець дачыненне да аднаго з самых шуканых падазраваных аферыстаў Еўропы — Яна Марсалека. Канцы гэтага скандалу таксама хаваюцца ў Беларусі. Гаворка пра справу Wirecard — буйной нямецкай кампаніі, якая займалася забеспячэннем інтэрнэт-плацяжоў. 

Паводле расследавання цэнтра «Дасье», Марсалек пакінуў Вену праз Мінск, а арганізацыяй уцёкаў павінен быў заняцца былы дэпутат аўстрыйскага парламента ад Аўстрыйскай партыі свабоды. Паводле інфармацыі расследавальнікаў, дапамаглі Марсалеку і расійскія спецслужбы, якія на мяжы з Беларуссю выдалі яму пашпарт на новае імя. 

Сумесная праверка Беларускага расследавальніцкага цэнтра і ZudDeutscheZeitung пры дапамозе Кіберпартызанаў паказала, што сапраўды 19 чэрвеня 2020 года ў мінскі аэрапорт з Аўстрыі прыляцеў прыватны джэт з Янам Марсалекам на борце.

Са злітай перапіскі аднаго з прадстаўнікоў Аўстрыйскай партыі свабоды вынікала, што Штэрман служыў пасярэднікам у перадачы канфідэнцыйнай інфармацыі Аўстрыйскай партыі свабоды ад Марсалека.

Пасля скандалу з Wirecard і ўцёкаў Марсалека Штэрман сышоў з пасады адказнага сакратара «Аўстрыйска-расійскага таварыства дружбы», але, згодна з аўстрыйскай прэсай, прасунуў на месца прэзідэнта Максіміліяна Габсбурга-Латарынгскага — сваю давераную асобу і прыяцеля Мікалая Вераб'я.

Ці распаўсюджваліся сувязі Верабʼя, праз Габсбурга, на Штэрмана і Марсалека? Беларускі расследавальніцкі цэнтр паспрабаваў задаць гэтыя пытанні самому Верабʼю, але ні на нашыя званкі, ні на нашыя запыты ён не адказаў.

Кватэры ў Вене і расійскія сувязі

Акрамя шале ў Карынтыі, як БРЦ даведаўся з дапамогай сваіх калегаў з аўстрыйскага выдання Dossier, сямʼя Верабʼя валодае кватэрамі ў аўстрыйскай сталіцы. У 2013 годзе жонка бізнэсоўца Тамара Верабей купіла ў Вене кватэру за 3,7 мільёна еўра.

Праз тры гады іх дачка 28-гадовая Кацярына Верабей стала ўладальніцай згаданых зямель у Карынтыі. А ў снежні 2017 года Кацярына купіла апартаменты ў першым раёне Вены. За 202 «квадраты» яна выклала 3 мільёны еўраў.

У год куплі кватэры ў сталіцы Аўстрыі Тамара Верабей працавала ў наваполацкіх кампаніях «Аўтаімпарт» і «Інтэрсэрвіс», а таксама была саўладальніцай апошняй разам з мужам.

Гадавая зарплата жонкі Вераб'я складала 35 тысяч долараў.

Іншая справа, што за год да гэтага «Інтэрсэрвіс» паспеў добра зарабіць на продажы «растваральнікаў». Гэта была адна з найбуйнейшых «шэрых» схем, якую пракруцілі беларускія ўлады і алігархі. Скарыстаўшыся прагалам у заканадаўстве, Беларусь рээкспартавала нафтапрадукты, атрыманыя з расійскай нафты пад выглядам растваральнікаў, што дазваляла ёй пазбягаць выплат у расійскі бюджэт пошлін за пастаўкі паліва за межы Мытнага саюзу. Расія запатрабавала ад Беларусі кампенсацыю ў 1,5 мільярда даляраў. У выніку скандал атрымалася замяць.

Дачка Вераб'я, Кацярына, на момант набыцця нерухомасці была звязаная з кампаніяй Devana Services, якая займалася прыцягненнем еўрапейскіх паляўнічых у Чырвоны Бор у Віцебскай вобласці, дзе знаходзіцца аднайменная турбаза і паляўнічая гаспадарка Мікалая Верабʼя. БРЦ адсачыў гісторыю даменаў сайта Devana Services і даведаўся, што гэтыя дамены дачка Мікалая Верабʼя Кацярына рэгістравала на сябе асабіста.

Расійскі бамонд у Аўстрыі

У Аўстрыі Верабʼі таксама сябруюць з Галдоўскімі.

Галава сямейства, Якаў Галдоўскі, валодае аўстрыйскай інвестыцыйнай кампаніі Petrochemical Holding. У свой час ён узначальваў буйны расійскі нафтахімічны холдынг «Сібур». Але каля 20 гадоў таму бізнэсовец прадаў усе свае расійскія актывы структурам «Газпрама» і з'ехаў з краіны адразу пасля таго, як яго выпусцілі з Бутырскай турмы.

Галдоўскі прызнаваўся, што пераезд у Вену адбыўся ў тым ліку таму, што там жылі «партнёры па бізнэсу ў Беларусі».

У 2017 годзе Кацярына Верабей, якая адвучылася ў Аўстрыі, змяніла прозвішча, таму што выйшла замуж за Яўгена Смушковіча. Ён тады ўзначальваў падраздзяленне швейцарскага інвестбанка Julius Baer па Расіі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, якое спецыялізуецца на аказанні фінансавых і кансалтынгавых паслуг. Па сутнасці, банк дапамагае семʼям, чые багацці звыш 2 мільёнаў долараў, прымножыць капітал і захаваць яго ў сакрэце.

У 2018 годзе Julius Baer трапіў у скандал з удзелам былога супрацоўніка банка, якога абвінавацілі ў адмыванні венесуэльскіх сродкаў — зламыснікам удалося скрасці каля 1,2 мільярда долараў, перш чым іх выявілі. У сакавіку 2022 года Julius Baer паведаміў, што Яўген Смушковіч сышоў у адстаўку з мэтай «абароны банка», не падаўшы іншых падрабязнасцяў. Гэта адбылося на фоне ўварвання Расіі ва Украіну, заходніх санкцыяў і абмеркавання дружбы Верабʼя з «кумам Пуціна», украінскім палітыкам і бізнэсоўцам Віктарам Мядзведчуком. Аднак да жніўня Смушковіч заставаўся на сайце банка ў якасці кантактнай асобы для кліентаў.

Зрэшты, калі меркаваць па ладзе жыцця дачкі і жонкі Мікалая Верабʼя — дабрабыт іх саміх ад санкцыі не пацярпеў. У сацсетках Кацярына і яе маці дэманструюць высокі ўзровень статуснага спажывання, выгульваючы калекцыйныя сумкі коштам ад 30 да 110 тысяч долараў, ўборы ад куцюр, дызайнерскія ўпрыгожанні.

Падсумоўваючы:

нягледзячы на тое, што Мікалай Верабей трапіў пад еўрапейскія санкцыі ў 2020 годзе — яго сям'я змагла пазбегнуць замарозкі аўстрыйскай нерухомасці. На сённяшні дзень яны валодаюць дзвюма кватэрамі ў Вене і адным шале ў гарах.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
счётчик Гейгера/адказаць/
27.09.2022
 

  Жывут же люди.... А ведь они Слуги Народа Беларусского.... Просто они работают "не покладая рук" , а мы все остальные ленивые...
1
300 чухланцев/адказаць/
27.09.2022
Европейская демократия своим примером показала, что человеческая жажда к наживе неистребима, а коррупция нужна чиновникам как воздух. В общем девиз: свобода, равенство, братство дополняется словами баблишко тихонько в кармашек положи и никаких санкций и поможем.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031