Следам за старадаўнім мячом на дне Дзвіны ў Полацку знайшлі яшчэ і якар
Полацкі ратавальнік Аляксандр Брыль, аматар падводнай рыбалкі, нядаўна знайшоў на дне Дзвіны на глыбіні каля трох метраў старадаўні меч, які перадаў у Полацкі гісторыка-культурны запаведнік. Раённы вертыкальшчык Ігар Марковіч падчас прэзентацыі прапанаваў больш старанна даследаваць дно ракі на прадмет цікавых знаходак, і пры дапамозе спецтэхнікі нешта там сапраўды знайшлі, піша сайт gorod214.by.
Пры дапамозе спецтэхнікі ратавальнікі выцягнулі з Дзвіны вялікі якар. Яго, як патлумачыла дырэктар запаведніка Марына Чарнышова, пакуль аформяць на часовае захоўванне, а рэстаўратары тым часам зоймуцца вывучэннем прадмета.
«Ёсць ідэі для выкарыстання якара ў афармленні набярэжнай. І гэта сімвалічна: на працягу некалькіх стагоддзяў Полацк заслужана з'яўляўся адным з галоўных цэнтраў знакамітага воднага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Упэўнены, што чарговая знаходка зойме годнае месца», — напісаў у інстаграме Ігар Марковіч.
Да якога часу адносіцца знаходка, пакуль не паведамляецца. У каментарах да паста вертыкальшчыка хтосьці ўспомніў, што ў 70-х гадах якар нібыта стаяў побач са старым помнікам вызваліцелям Полацка.
Чытайце таксама:
У Полацкім раёне пажарны выцягнуў з Дзвіны старадаўні меч





