Знайсці
27.09.2022 / 23:49РусŁacБел

Часопіс Time расказаў новыя факты пра генерала Залужнага

Валерыя Залужнага, камандуючага ўкраінскай арміяй, пачалі называць адным з самых таленавітых палкаводцаў у найноўшай гісторыі. Залужны трапіў на вокладку часопіса Time, дзе ягонай асобе прысвечаны вялікі матэрыял.

Яго фанацкія каналы ў Telegram маюць сотні тысяч падпісантаў, многія мяняюць фота сваіх профіляў у сацсетках на фота генерала, дзе ён трымае рукі ў форме сэрца.

«Калі Залужны заходзіць у цёмны пакой, ён не ўключае святло — ён выключае цемру», — жартуюць у адным з вірусных TikTok-відэа.

Калі ён не ў форме, генерал аддае перавагу футболкам і шортам, якія адпавядаюць яго лёгкаму пачуццю гумару. Калі ў канцы ліпеня 2021 года ён упершыню пачуў ад памочнікаў Уладзіміра Зяленскага, што яго запрашаюць узначаліць Узброеныя сілы краіны, яго ашаломлены адказ быў: «Што вы маеце на ўвазе?» 

Залужны піў піва на дні нараджэння жонкі, выйшаў на вуліцу, каб патэлефанаваць па мабільным і даведаўся пра сваю новую працу. Званне і статус 48-гадовага генерала на той момант былі значна ніжэйшыя за пасаду, якую прапаноўваў яму Зяленскі. Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны — найвышэйшае вайсковае званне краіны, вышэйшае за якое мае толькі сам прэзідэнт.

«Я часта азіраўся назад і пытаўся ў сябе: як я ўцягнуўся ў гэта?» — казаў Залужны ў чэрвеньскім інтэрв'ю часопісу.

Аднак калі будзе пісацца гісторыя вайны ва Украіне, Залужны, імаверна, будзе займаць выбітную ролю. Ён быў часткай украінскага кіраўніцтва, якое выдаткавала гады на пераўтварэнне арміі з нязграбнай савецкай у сучасную баявую сілу.

Загартаваны гадамі барацьбы з Расіяй на ўсходнім фронце, ён быў сярод новага пакалення ўкраінскіх лідараў, якія навучыліся быць гнуткімі і дэлегаваць рашэнні камандзірам на месцах. Яго ўпартая падрыхтоўка напярэдадні ўварвання і разумная тактыка бою на ранніх этапах вайны дапамаглі адбіцца ад расійскай навалы.

«Залужны стаў тым ваенным розумам, які быў неабходны яго краіне, — напісаў амерыканскі генерал Марк Мілі. — Яго кіраўніцтва дазволіла ўкраінскім узброеным сілам хутка адаптавацца да перахопу ініцыятывы на полі бою супраць расейцаў».

Напачатку такі выбар камусьці мог падацца неабдуманым. Нягледзячы на рэпутацыю агрэсіўнага і амбіцыйнага камандзіра, Залужны таксама лічыўся гарэзай, вядомым тым, што больш блазнаваў са сваімі падначаленымі, чым дысцыплінаваў іх.

Ён кажа, што марыў стаць комікам, як Зяленскі, але замест гэтага ён пайшоў па слядах сваёй сям'і вайскоўцаў, паступіўшы ў акадэмію ў Адэсе ў 1990-я гады.

Такім чынам Залужны падняўся па службовай лесвіцы разам з новым пакаленнем афіцэраў, якія злучылі вельмі розныя эпохі: выраслі ў савецкай Украіне, але імкнуліся пазбавіцца ваеннай догмы СССР.

Тэмай магістарскай дысертацыі Залужнага быў аналіз вайсковай структуры ЗША. Убачыўшы, наколькі ўкраінскія войскі па-ранейшаму абцяжараныя савецкай мадэллю, якая абапіралася на жорсткае прыняцце рашэнняў на вышэйшым узроўні, ён пачаў укараняць змены, якія адлюстроўвалі б узброеныя сілы ЗША і НАТА.

Залужны прайшоў шлях ад камандавання ўзводам да кіраўніцтва сіламі на ўсходнім фронце пасля анексіі Расіяй Крыма ў 2014 годзе. На гэтай пасадзе ён займаўся падрыхтоўкай малодшых афіцэраў і заахвочваў больш спрытнае прыняцце рашэнняў, перадаючы паўнамоцтвы камандзірам на месцах. У інтэрв'ю 2020 года ён казаў, што ў адрозненне ад расійскай арміі, сяржанты маюць быць не «казламі адпушчэння», а сапраўднымі намеснікамі, закліканымі стварыць канвеер ваенных талентаў.

«Вяртання да арміі 2013 года няма», — заяўляў ён.

Цікава, што ў кабінеце Залужнага захоўваецца збор твораў расійскага генерала Валерыя Герасімава, які старэйшы за яго на 17 гадоў.

«Я выхоўваўся на расійскай вайсковай дактрыне і дагэтуль лічу, што ўся навука вайны знаходзіцца ў Расіі, — кажа Залужны. — Я вучыўся ў Герасімава. Я прачытаў усё, што ён напісаў… Ён найразумнейшы з людзей, і мае чаканні ад яго былі велізарныя».

Калі Зяленскі ўступіў на пасаду ў 2019 годзе, вайна на ўсходзе Украіны ішла ўжо пяты год, і Залужны выконваў абавязкі камандуючага ў зоне баявых дзеянняў. Яму належала праінфармаваць новага прэзідэнта аб баявых дзеяннях і камандных структурах. Ён ведаў, што Зяленскі ніколі не служыў у войску, і не планаваў навучаць яго тактычным дэталям вядзення вайны.

«У ваеннай справе яму трэба разбірацца не больш, чым у медыцыне або будаўніцтве мастоў», — кажа Залужны. 

На яго здзіўленне, Зяленскі, здавалася, пагадзіўся.

«Гэта аказалася адной з самых моцных рысаў [Зяленскага]», — кажа Аляксей Мельнік, былы памочнік міністра абароны Украіны. Ён дазволіў сваім генералам камандаваць парадам «без непасрэднага ўмяшання ў вайсковую справу».

У 2020 годзе Залужны кіраваў амбіцыйным комплексам вучэнняў, у тым ліку выпрабаваннем супрацьтанкавай ракеты Javelin, пры непасрэдным назіранні прэзідэнта. Дэманстрацыя правалілася, і эксперты пайшлі на ўкраінскае тэлебачанне, каб абмеркаваць кепскі знак для нацыянальнай арміі. Залужны быў упэўнены, што ў адміністрацыі прэзідэнта яго будуць называць «няўдачнікам з няспраўнай Javelin».

Тым не менш Зяленскі ў пошуках «свежай крыві» прадэманстраваў рашучасць у адмаўленні ад старэйшага пакалення чыноўнікаў і звычкі ўзвышаць лідараў, з якімі ён адчувае ўзаемасувязь. У ліпені 2021 года, калі расейцы падцягнулі танкі да мяжы, а амерыканцы папярэдзілі, што Украіна можа неўзабаве сутыкнуцца з поўнамаштабнай атакай, прэзідэнт вырашыў паставіць Залужнага на чале ўзброеных сілаў..

Залужны ўваходзіў у корпус украінскіх афіцэраў, якія разглядалі расійскае ўварванне як пытанне часу. Праз некалькі тыдняў пасля ўступлення на пасаду ён пачаў укараняць ключавыя змены. Афіцэры маглі свабодна адкрываць агонь у адказ «з любой даступнай зброі», калі яны трапілі пад удар, без неабходнасці атрымання дазволу ад старэйшых камандзіраў.

«Трэба было збіць іх жаданне атакаваць, — кажа Залужны. Нам таксама трэба было паказваць зубы».

Украінцы рыхтаваліся перад уварваннем. Яны перадыслакавалі і замаскавалі вайсковую тэхніку, вывелі войскі і зброю са сваіх баз і адправілі іх у паездкі па краіне. Гэта ўключала самалёты, танкі і бронетэхніку, а таксама зенітныя батарэі, якія неўзабаве спатрэбіліся Украіне для падтрымання кантролю над сваім небам.

«Без сумневаў гэта быў пах вайны, — кажа Залужны, — і ён ужо быў у паветры».

Залужны трымаў свае планы ў сакрэце.

«Нам трэба было, каб праціўнік думаў, што мы ўсе разгорнутыя на сваіх звычайных базах, курым траву, глядзім тэлевізар і пішам паведамленні ў Facebook», — кажа генерал.

Калі раніцай 24 лютага пачалося ўварванне, у генерала былі дзве стратэгічныя мэты абароны Украіны.

«Мы не маглі дапусціць падзення Кіева, — сказаў ён. — А на ўсіх астатніх напрамках мы павінны былі праліць іх кроў, нават калі ў некаторых месцах гэта запатрабавала б страты тэрыторыі».

Іншымі словамі, мэта была ў тым, каб дазволіць расейцам прасунуцца, а затым знішчыць іх калоны на перадавой і лініі забеспячэння ў тыле. На шосты дзень уварвання ён прыйшоў да высновы, што гэта працуе. Расейцы не здолелі заняць аэрапорты вакол Кіева і пры гэтым прасунуліся дастаткова глыбока, каб расцягнуць лініі забеспячэння, пакідаючы іх аголенымі.

Мілі, амерыканскі калега Залужнага, быў у пэўным сэнсе здзіўлены, калі ўбачыў, што ўкраінцы трымаюцца. Ён спытаў у Залужнага, ці плануе ён эвакуявацца ў больш бяспечнае месца.

«Я яму сказаў: «Я вас не разумею», — кажа Залужны. — Для мяне вайна пачалася ў 2014 годзе… Я не ўцякаў тады і не збіраюся ўцякаць зараз».

Таксама Залужны быў здзіўлены пралікамі Расіі.

«Яны проста сагналі сваіх салдат на бойню, — сказаў ён. — Яны абралі сцэнар, які мне больш за ўсё падыходзіў».

Украіна пачала рабіць тое, што падалося ваенным аналітыкам незвычайным. Украінскія чыноўнікі, у тым ліку Зяленскі і міністр абароны Аляксей Рэзнікаў, пачалі публічна рэкламаваць сваю падрыхтоўку да маштабнай аперацыі па вяртанні тэрыторыі на поўдні краіны. У чаканні нападу Расія пачала перамяшчаць войскі, у тым ліку некаторыя са сваіх самых элітных падраздзяленняў з іншых рэгіёнаў, каб умацаваць свае пазіцыі на поўдні. 29 жніўня ўкраінскія вайскоўцы заявілі аб пачатку доўгачаканага паўднёвага наступу.

Але праз пяць дзён украінскія войскі нанеслі нечаканы ўдар на паўночным усходзе краіны. Расейцы былі заспетыя знянацку.

За шэсць дзён украінскія вайскоўцы вярнулі сабе вялізныя тэрыторыі. Удар агаломшыў Крэмль, афіцыйныя асобы ЗША і нават украінскае кіраўніцтва.

«Украінцы прадэманстравалі нашмат лепш размеркаваныя аперацыі на тактычным узроўні», — кажа Джэфры Эдмандс, былы аналітык ЦРУ і дырэктар па Расіі ў Радзе нацыянальнай бяспекі ЗША.

Украінскія афіцыйныя асобы кажуць, што таксама важная была гнуткая камандная структура, якая дазволіла скарыстацца хуткім расійскім калапсам.

Пры гэтым усім ходзяць чуткі аб напружанасці паміж Зяленскім і яго вярхоўным камандзірам, хоць прэзідэнт і яго памочнікі адмаўлялі іх.

Залужны рыхтуецца да доўгай і крывавай барацьбы.

«Ведаючы тое, што я ведаю пра расейцаў з першых вуснаў, наша перамога не будзе канчатковай, — сказаў ён TIME. — Наша перамога стане магчымасцю перавесці дух і падрыхтавацца да наступнай вайны».

РУ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031