Знайсці
28.09.2022 / 09:444РусŁacБел

«Спісаныя ўстаноўкі, кітайскія зарады нізкага гатунку». Расійскі інжынер расказаў сваю версію «крывавага салюту» ў Мінску 3 ліпеня 2019 года

На святкаваньні Дня Незалежнасці 3 ліпеня 2019 года салютам была забітая жанчына, 10 чалавек атрымалі траўмы. Толькі цяпер былы галоўны інжынер расійскай фірмы вырашыў расказаць «Радыё Свабода», што насамрэч здарылася 3 ліпеня ў Мінску.

«Вінаватых» — прадстаўнікоў расійскай фірмы — пакаралі «хіміяй». Яны ўжо выйшлі на свабоду. Былы галоўны інжынер фірмы «Пиро-Росс» Андрэй Інкін цяпер вырашыў падзяліцца сваёй версіяй трагедыі ў Мінску са «Свабодай».

«Раней маўчаў, бо не хацеў нашкодзіць нашым хлопцам, якія адбывалі пакаранне»

Прадстаўнікі расійскага ААТ «Пиро-Росс» Максімільян Сапронаў і Канстанцін Дзянісаў ужо адбылі па тры гады «хіміі» ў Беларусі і вярнуліся ў Расію. «Я раней не казаў нічога, каб не пашкодзіць хлопцам, якія сядзелі. Цяпер жа вырашыў расказаць праўду. Не сказаць, каб сумленне замучыла, але і не сказаць, што я цалкам вінаваты. Проста цяпер, пасля ўсяго, што я расказаў, мне лягчэй стала», — патлумачыў расійскі спецыяліст.

Кампанія «Пиро-Росс» з 2006 года займаецца вытворчасцю піратэхнікі. Яна пастаўляла ўстаноўкі для салютаў у Беларусь.

«Але наша фірма не толькі рабіла новыя ўстаноўкі, яна ж займалася і ўтылізацыяй старых. Вось тыя ўстаноўкі, якія пайшлі ў Беларусь — яны якраз былі з ліку ўтылізаваных. Мякка кажучы, не зусім новыя былі ўстаноўкі. Там, канечне, быў якасны, яшчэ савецкі метал, але ён ужо меў свой тэрмін зносу. Чаму так зрабілі? Каб хутчэй паставіць устаноўкі заказчыку — беларускаму Міністэрству абароны, і, канечне, каб грошы хутчэй атрымаць», — патлумачыў былы інжынер.

Да 2012 года кампанія закупляла зарады для ўстановак у расійскага навукова-даследчага інстытута прыкладной хіміі, кажа інжынер. Пасля 2012 года вырашылі, што значна танней будзе набываць зарады ў Кітаі. Прычым, па словах Андрэя Інкіна, на кітайскія зарады клеілі налепкі, быццам яны зробленыя ў Расіі, на ААТ «Пиро-Росс».

«Каб было зразумела — расійскія зарады з НДІ прыкладной хіміі каштавалі 8 тысяч расійскіх рублёў, кітайскія зарады — 2 тысячы. На іх клеілі налепкі, што яны вырабленыя на «Пиро-Росс», і прадавалі за тыя ж 8 тысяч расійскіх рублёў», — кажа былы інжынер.

«Інцыдэнты з устаноўкамі ў Беларусі ўжо былі з 2012 года, але ўсім было па барабане»

Андрэй Інкін кажа, што расійскія ўстаноўкі запускалі салют у Брэсце ў 2012 годзе.

«Некалькі ствалоў тады разарвала, але ніхто не пацярпеў, сама ўстаноўка не разбурылася, інцыдэнт замялі. Бо ў мінскай вайсковай камендатуры былі добрыя стасункі з «Пиро-Росс». Ну, добрыя, бо там падарункі вазілі, зразумела. У 2013 годзе разбурыўся прычэп, але гэтае «непаразуменне» зноў замялі», — кажа былы інжынер.

Паводле яго словаў, у 2017 годзе расійская кампанія вырашыла набываць у Кітаі іншыя зарады — таннейшыя, другога гатунку. Бо так было выгадней, натуральна.

«І на Дзень незалежнасці ў Мінску ў 2017-м быў інцыдэнт — у полі разбурыўся прычэп салютнай устаноўкі. Дзівам ніхто не пацярпеў, бо быў дождж, і салдаты схаваліся ў аўтамабіль. Аскепкі разляцеліся на 250 метраў. І зноў усе прамаўчалі, усё замялі», — кажа Андрэй Інкін.

Ён сцвярджае, што ў 2018 годзе на Дзень незалежнасці ў Мінску зноў быў інцыдэнт — узарваліся крайнія ствалы на ўстаноўцы, сама яна засталася цэлая. Гэта адбылося ў парку Горкага.

«Тады ўжо было зразумела, што зарады няякасныя, другога гатунку. Але паколькі ніхто тады зноў не пацярпеў — то нібыта праблемы і няма. Усім было па барабане. Устаноўку адрамантавалі, і ўсё. Хаця б тады хто задумаўся», — кажа былы інжынер.

Ён лічыць, што зарады з Кітая былі бракаваныя.

«У Кітаі зарады мераюцца ў цалях, у нас — у міліметрах. І вось іх зарады 8 цаляў — гэта 200 міліметраў. Нашы ж, расійскія, былі 195 міліметраў. І вось зарады не лезлі ў ствалы, але ўсім было зноў па барабану. Грошы заплачаныя, свята чакае на салют. Знайшлі выйсце — зняць частку абалонкі, падрэзаць зарады. Хлопцы стараліся акуратна абрэзаць у надзеі, што пашанцуе», — кажа Андрэй Інкін.

Аднак у выніку адбыўся выбух, устаноўка была разбураная. Ад аскепкаў загінула жанчына, дзесяць чалавек атрымалі траўмы.

«Зарады разабралі, знайшлі паперку з іерогліфамі, але мы адбіліся»

Расійскіх спецыялістаў затрымалі, пасадзілі ў СІЗА. Пачалося следства. Беларускі бок пачаў слаць запыты ў «Пиро-Росс», выклікаць спецыялістаў на допыты.

«Але хто паедзе? Паедзеш і не вернешся, канечне, ніхто туды не паехаў. Прадстаўлялі следчым чарцяжы, пісалі адказы на іх запыты. Ведаю, што на экспертызе шары не ўзрываліся. Ці іх няправільна зараджалі, ці яны не лезлі ў ствалы. Калі разабралі адзін шар, то знайшлі ўнутры паперку з іерогліфамі. Але мы адбіліся, сказалі, што зарады нашы, расійскія, толькі абалонка кітайская. Экспертыза высветліла, што ўстаноўкі былі «не зусім новыя», як я казаў — яны ўжо ішлі на ўтылізацыю. У выніку прызналі вінаватымі двух нашых хлопцаў, і ўсё на гэтым. Нібыта яны вінаватыя ў тым, што падразалі абалонку. Паказальна іх «адлупцавалі». Хоць экспертыза, паўтаруся, паказала, што і ўстаноўка не новая, і шары кітайскія. На хлопцаў усё звалілі, бо яны аказаліся побач, астатніх вінаватых дастаць было складана», — дадаў былы інжынер.

Цяпер кампанія «Пиро-Росс» не займаецца салютамі ў Беларусі. Але ў Расіі — займаецца.

«Ці можа здарыцца нешта падобнае да трагедыі ў Мінску? Канечне, можа», — кажа Андрэй Інкін.

Рэдакцыя «Радыё Свабода» накіравала запыт з шэрагам пытанняў да кіраўніцтва расійскай кампаніі «Пиро-Росс». На працягу двух тыдняў рэдакцыя не атрымала адказу на запыт. Калі расійская кампанія дашле адказ, яго апублікуюць.

Былы інжынер Андрэй Інкін прадставіў шэраг дакументаў, якія пацвярджаюць яго працу ў кампаніі «Пиро-Росс» і сувязі фірмы з беларускім Міністэрствам абароны, у тым ліку кантракты на феерверкі і іншую дакументацыю.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
І так будзем там заўжды/адказаць/
28.09.2022
І ў гэтым уся расея
0
Максим Дизайнер/адказаць/
28.09.2022
Почему я не удивлен?Рисовал дизайн таким "бизьнясменам по-руски". Закупали в Китае болванки, штамповали название фирмы, а мне заказывали дизайн упаковок, чтобы на конкурентов не был похож, в том числе для "премиального продукта, нарисуй дораха-багата чтобы было". Так пол России работает, и вся Беларусь. Зато дачушки все по Польшчам и Канадам прыстроены
0
камин гау т/адказаць/
29.09.2022
опаньки... что я вижу? маленькое признание от Дизайнера ? Оо
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031