Знайсці
28.09.2022 / 13:54 1

«Я туды больш не пайду». Як расійскія кантрактнікі зноў атрымліваюць позвы на вайну

Кантрактнікаў, якія звольніліся з расійскага войска пасля першых месяцаў вайны, зноў адпраўляюць на перадавую — ужо па мабілізацыі. Каб зноў не апынуцца на полі бою, маладыя людзі, якія ваявалі, бягуць праз мяжу, згаджаюцца на турэмны тэрмін, ідуць у псіхіятрычныя клінікі. Яны расказваюць «Бі-бі-сі», чаму гэта робяць.

Знішчаная расійская бронемашына ў Бучы. Фота: Yaghobzadeh Alfred / ABACA / PAP

— Я па спецыяльнасці наводчык у артылерыі. Так што асабіста са зброяй у руках я не забіваў. Мая праца як выглядала: карэктыроўшчык з біноклем дае каардынаты, афіцэр разлічвае вугал, я наводжу прыцэл і націскаю рычаг — ён не жалезны, гэта не цяжка. Забітых я не бачу. У артылерыі табе кажуць «цэль адпрацаваная» — і ўсё.

— А дзе гэтаму вучаць?

— Ну па ідэі, у войску, але ў мяне нічога такога не было. Мы ў часці за час майго кантракта два разы выязджалі — проста пакатацца і панаводзіцца на цэль. Нікуды не стралялі.

— Атрымліваецца, што вы ўпершыню ў жыцці стралялі, калі заехалі на тэрыторыю Ўкраіны?

— Так. Першы раз мы стрэлілі пад Бучай.

— Гэта значыць, вы першы раз у жыцці на вайне — і стрэлілі там жа першы раз у жыцці?

— Так.

20-гадовы Сяргей з Краснадара спачатку гаворыць з «Бі-бі-сі» адрывіста і неахвотна. У ліпені ён уцёк з батальёна ў Папаснай, некалькі месяцаў сядзеў дома, ні з кім не размаўляючы пра тое, як пяць месяцаў ваяваў. 23 верасня яму патэлефанаваў ваенны пракурор і сказаў: «Ці ты ў панядзелак зноў едзеш туды, ці сядзеш». 

«Я назад ехаць не гатовы», — кажа Сяргей. За пяць месяцаў вайны ён бачыў «амаль усё — і больш не можа».

«Ніякіх мэт, ніякага плана»

19-гадовага Сяргея прызвалі ў войска вясной 2021 года і ўжо ў жніўні прапанавалі заключыць кантракт: у апошнія гады Мінабароны пераводзіла на гэтую форму службы як мага больш маладых людзей, лічбы былі важныя для справаздач ведамства аб колькасці прафесійных вайскоўцаў у арміі.

У канцы студзеня яго з таварышамі па службе — малодшаму было 18 гадоў — адправілі на вучэнні ў Беларусь. «Мы даведаліся, што мы едзем ва Украіну, 23 лютага», — кажа Сяргей. Салдатам сказалі, што «калі там наверсе нічога не вырашаць да ночы», то ўсе едуць. І выдалі сухую пайку на тры дні.

— Збегчы было нельга?

— Там бегчы ўжо няма куды.

На «ідэальных, начышчаных, падрыхтаваных механікамі» танках ехалі да Чарнобыля без абстрэлаў. 

Першы здарыўся ў Гастомелі — па батальёне з амаль 600 чалавек прыляцелі снарады ўкраінскай артылерыі: «Адразу пяць трупаў і дзясяткі параненых, нават тых, хто сядзелі ўнутры — усё роўна прабівала. БМП-2 тонкія, і іх спакойна прабівае».

У той дзень Сяргей убачыў першага мерцвяка: загінуў яго 19-гадовы калега, з якім разам служылі пад Краснадарам.

«Пачалася паніка. Мы заехалі на нейкі склад у лесе. Мы спыніліся і ўвогуле разгубіліся. Мы тупа не ведалі, што ўвогуле рабіць. І камандзіры не ведалі, што рабіць. На камандзіраў накрычаў камандзір батальёна: «*** [чаму] вы проста стаіце!» — і тады яны сказалі нам «займаць пазіцыю».

Полк Сяргея «пакапаў нейкіх акопаў» і застаўся ў лесе на ноч. У той дзень абстралялі не толькі іх — па словах Сяргея, украінскія войскі «цалкам разбілі адну дывізію», і ўначы людзі, што засталіся ў жывых, брылі па лесе «некуды, фіг зразумей куды». «Ну, нашы пачалі па іх страляць. Тыя закрычалі». Наколькі Сяргей ведае, абышлося адным параненым.

Раніцай праехалі пару кіламетраў да другога ўчастку лесу. Украінцы ў гэты час разбамбілі склад, дзе была першая стаянка палка (у распараджэнні «Бі-бі-сі» ёсць відэа ўдараў).

Ніякіх мэт, ніякага плана ў камандзіраў не было, кажа Сяргей. Нават ежы не было, выдадзеныя на тры дні сухпайкі расцягвалі на тыдзень.

«Чаму няма ежы, ніхто не тлумачыў. Нашы камандзіры таксама не елі. За камандзіра палка не ведаю — але ў іх жа ёсць разведузвод, які ўсе крамы чысціць, так што яны елі ўдосталь, думаю».

«Адстралялі і далей пайшлі бухаць»

У першых чыслах сакавіка батальён, у якім быў Сяргей, заехаў у Бучу: «Мы артай прыкрывалі пяхоту». Сталі ў самым цэнтры горада, выйшлі з танкаў — і праз паўгадзіны ў іх прыляцеў снарад: «Адразу мінус два замкамандзіра палка, наш камбат і куча радавых». Так загінуў яшчэ адзін калега Сяргея з-пад Краснадара.

Калі камандзір гіне, новага прызначаюць з тых, хто застаўся жывы. Дасведчаных пры гэтым на фронце мала: у асноўным усім па 19-20 гадоў, кажа Сяргей. «Былі рэдкія камандзіры гарматы, якія па пяцёрцы адслужылі.

Наш камандзір гарматы служыў 12 гадоў, але ні разу ў баявых дзеяннях не быў, у часці толькі сядзеў. У яго кукуха з'ехала праз тыдзень. Ён напіўся і палез на другі паверх дома, удалечыні разарваўся нейкі снарад — ён саскочыў уніз, пераламаў ногі. Яго забралі, грошай не выплацілі, цяпер у псіхушку ходзіць».

У Бучы салдаты пачалі рабаваць пустыя дамы і крамы: «Жэрці не было чаго з самага пачатку, мы забіралі кансервы і хлеб». Жылі ў падвалах шматпавярховых дамоў — у адным канцы мясцовыя, у другім — расійскія вайскоўцы.

«Калі на нашы пазіцыі мясцовыя заходзілі — іх бралі, дапытвалі і амаль адразу забівалі. Яны па тэлефонах пасылалі УСУ тэгі нашага размяшчэння. Бывала, сядзіш, міма мужык на ровары праехаў, і праз хвіліну па нас прылятае вельмі дакладна. Ды там такія кадры трапляліся — на квадрацыкле едзе, усіх нас здымае на тэлефон, у яго на шлеме было напісана «Воін святла», а на квадрыку — «Светлавоін», ***. Яго злавілі — забілі адразу».

Пры гэтым пра фатаграфіі масавых пахаванняў з Бучы Сяргей кажа, што «ёсць і пастановачныя». На некаторых кадрах ён паказваў ямы, якія расійскія вайскоўцы самі капалі, каб маскіраваць танк: «А на фота побач крыж стаіць. Але гэта не магільныя ямы, мы ж ведаем. А яны выстаўляюць, што вось тыпу трупы». Гэтую супярэчнасць, што мясцовых вайскоўцы расстрэльвалі, таму што падазравалі ў дапамозе УСУ, Сяргей не патлумачыў.

Вайскоўцы шмат пілі, кажа Сяргей. Алкаголь знаходзілі ўсюды — па дамах, у крамах. Гарэлка, віскі, бурбон, настойкі, джын, ром, каньяк, грапа і чача. Але калі ў гэты момант прыходзілі каардынаты па цэлі — вылазілі і ішлі страляць п'янымі.

— Цверазелі ад адрэналіну?

— Ды не. Адстралялі і далей пайшлі бухаць.

У дні зацішша ў дварах самі смажылі мяса. 

Мясцовыя не прыходзілі. «Яны ведалі, калі яны выйдуць з дамоў, з падвалаў — па іх адкрываюць агонь. Ім адразу гэта сказалі, калі мы прыехалі ў Бучу. Калі абыходзілі дамы і зачышчалі тых, хто працаваў у паліцыі, УСУ, хто з дакументамі, у каго ў тэлефонах што было… Насамрэч, забіралі ўсіх мужыкоў».

— А з жанчынамі што рабілі?

— Па-рознаму было. Я нічога. І мая першая батарэя таксама нічога.

«Танк нават не ездзіў»

Баявая задача была абстрэльваць Ірпень, што за пяць кіламетраў ад Бучы. Два тыдні артылерысты кожны дзень стралялі, а пяхота спрабавала ўзяць горад. «Нашы рабілі тры-чатыры заходы, але далей за пяцьсот метраў рушыць наперад не змаглі, не тое што яго ўзяць. Ва ўкраінцаў стаялі танкі, а наша пяхота была на БМП — гэта не праб'е танк. Кожны дзень вярталіся са стратамі».

Ім казалі, што хутка іх зменяць. «Хутка, маўляў, прыйдуць іншыя. Зараз пасёлак возьмем — і вас зменяць. Хутка ўжо». Але ніхто не прыходзіў.

19 сакавіка па расійскім танку прыляцеў снарад украінскай артылерыі. Ён выбухнуў і загарэўся, пачалася паніка, з яго агонь перакінуўся на суседнія танкі, у выніку адзін паспелі адагнаць, а шэсць танкаў згарэлі дашчэнту, расказвае Сяргей.

Разам з машынамі згарэлі ўсе рэчы, ад спальнікаў да трусоў, нават бронекамізэлькі з каскамі і аўтаматы.

Новую зброю выдалі праз паўтара дня, праз двое сутак прыгналі два танкі — у аднаго не ўтыкаўся рычаг [пераключэння] перадач, а іншы, 1964 года выпуску, і зусім не страляў. «Ды ён нават не ездзіў — яго ўвесь час прыкурвалі дратамі ад іншай машыны». Новых рэчаў нікому не выдалі.

Ірпень расійскія вайскоўцы так і не ўзялі. 2 красавіка, калі Мінабароны заявіла аб адводзе войскаў з кіеўска-чарнігаўскага напрамку, роту Сяргея абстрэльвалі шэсць гадзін — «высунуцца не маглі». 

Вычакаўшы яшчэ гадзіну, якая прайшла без адзінага стрэлу, яны выйшлі з падвалаў, выпусцілі 28 снарадаў у бок украінцаў і паехалі назад. Амаль усе танкі згарэлі, так што 40 вайскоўцам прыйшлося абляпіць браню трох — і ехаць звонку.

«Ім усім па 19 гадоў. І цяпер яны зніклыя без вестак»

Полк Сяргея вярнуўся ў Расію праз Беларусь. Ужо на першым прыпынку сысці захацелі дзве роты па 90 чалавек у кожнай. Але камандзіры пераканалі іх, што яны ўсе сядуць у турму — і роты засталіся ў батальёне.

У Белгарадзе яны прасядзелі два тыдні ў намётах у лесе, на КамАЗе ездзілі ў горад, куплялі ежу — таму што там «таксама не кармілі, ніякіх сухпайкоў не было». 

Там Сяргей двойчы пісаў заяву аб звальненні, пісаў адмову ад спецаперацыі — і «нічога, нікуды яна не даходзіла па-любому, мы аддавалі іх камандзіру палка — ён іх нават не чытаў».

Кантрактнік з іншага батальёна, 19-гадовы Антон з Іванава расказвае «Бі-бі-сі», што яго з таварышам камандзіры ў маі «пужалі трыбуналам, гнабілі, гарлапанілі, што расстраляюць у спіну, калі павернемся і пойдзем». «Але некаторыя хлопцы проста так, без рапарта, з'язджалі, на варце зброю складалі і сыходзілі. Пастаянна з'язджалі. Батальён сувязі — іх там 60-80 чалавек, напрыклад, наогул усе адмовіліся. Аж да таго, што камандзіра ў кайданках хацелі ў Іванава везці».

«Ведаеце, там былі такія хлопцы, фанатычныя, якія добраахвотнікамі на месяц, на тры месяцы кантракт заключылі. Яны ідуць у бой разам з намі, заходзяць, потым разгортваюцца проста на полі, кладуць зброю і кажуць «Я ўсё» — і сыходзяць. Мы таксама ў выніку проста з'ехалі».

— А што здарылася? Чаму?

— Ну… страты там вялікія. У траўні там ад многіх батальёнаў добра калі 10 чалавек засталося. Ды і на псіхіку вельмі моцна ўплывае. Я як пачаў у людзей страляць і разумець, што гэта… цяжка… І яны яшчэ хлопцаў дадому не адпраўляюць, якія забітыя. Проста там хавалі пры мне. Вельмі рэдка робяць груз 200. Асабліва калі там спякота была амаль 40 градусаў. Яны проста адразу раскладаюцца. А бацькам нічога не гавораць, пішуць — знік без вестак. Там вельмі шмат хлопцаў, у якіх кантракт заканчваўся праз месяц-два. Ім усім па 19—20 гадоў. І цяпер яны зніклыя без вестак. Для бацькоў — проста зніклі. А я калі дадому ехаў, на мяжы бачыў мужыкоў, якія проста рвуцца ваяваць. Але яны не разумеюць — што гэта. Ім у навінах усё не так паказваюць.

— Вы снайпер, кажаце, што прабылі на вайне два тыдні і ўдзельнічалі ў трох баях. Вы лічылі, колькі людзей забілі?

— Там няма часу лічыць.

«У вёсцы 21 дом. Мы яе бралі паўтара тыдня»

У сярэдзіне красавіка Сяргея адправілі назад на тэрыторыю Украіны. Па дарозе да мяжы зламаўся, здавалася б, новы танк — яго рухавік награваўся да 120 градусаў кожныя тры кіламетры. «На такім ездзіць нельга, мы спыняліся і чакалі, пакуль астыне. Яго 12 дзён рамантавалі, і, як толькі знялі з КамАЗа, які дастаўляе тэхніку да мяжы Украіны, мы з ім паехалі «за стужку» — і праз 5 км ён зноў закіпеў. Цяпер яго павезлі на рамонт у Луганск — але там зноў не ўдалося паправіць».

Увесь гэты час, кажа Сяргей, ён думаў, як уцячы. «Я кожны дзень прачынаўся з думкай, што хачу адмовіцца». Але ў выніку аказаўся ў «буханцы», якая везла яго на перадавую без танка другім наводчыкам да іншага экіпажу.

Сяргея прывезлі пад Ізюм. «Але наш полк яго не браў. Мы стаялі там проста месяц і ні разу не стрэлілі з арты. Мы змазвалі танкі ды акопы капалі. Начамі хадзілі ў патрулі. Ну, туды хоць ежу прывозілі».

Атрады, якія на пачатку красавіка ў Ізюм заходзілі, выбрацца адтуль не маглі: «У іх жа гэтыя жавяліны. Нам танкісты распавядалі, як заводзіш танк там, думаючы з'ехаць — і тут жа ад жавяліна прылятае». (Javelin — амерыканскі пераносны супрацьтанкавы ракетны комплекс, украінскім войскам іх пастаўляюць ЗША, — «Бі-бі-сі»)

З-пад Ізюма Сяргея адправілі браць мост, назвы якога ён ужо не памятае, за 20 кіламетраў ад Лісічанска. Украінскія войскі стаялі на ўзгорку і абстрэламі не давалі навесці пантоны. «І там мы таксама проста стаялі. Не стралялі. Я не ведаю, чаму і навошта. А танкі, якія з'язджалі да ракі, плануючы перасекчы яе па пантонах, назад не вярталіся адтуль». Вакол і ўздоўж дарог там калісьці быў лес — у красавіку яго ўшчэнт выпаліла артылерыя, кажа Сяргей.

Яго полк пайшоў у бок Лісічанска. Там вайскоўцам сказалі займаць сяло Берастава, якое стаяла на дарозе, адкуль было відаць усе лясы навокал: «Дваццаць адзін дом. Мы яго бралі паўтара тыдня».

Падчас аднаго з абстрэлаў снарад не вылецеў з расійскага танка — узарваўся проста ў ствале. «Разарвала ўсю вежу. Згарэлі ўсе, хто быў унутры і хто стаяў побач». Тлумачыць Сяргей надзвычайнае здарэнне тым, што снарады былі новыя — ТБС [тэрмабарычныя], «з імі ніхто толкам працаваць не ўмеў, імі амаль не карысталіся і не ведаюць, як з імі абыходзіцца».

Ішлі чуткі, што ў Лісічанску стаяць тры палкі УСУ з паўтара тысячамі вайскоўцаў, а на заводзе за Лісічанскам іх пяць тысяч. «Нас на той час было ўжо вельмі мала — два палкі аб'ядналі ў адзін, і ўсё роўна засталося чалавек 300. І там амаль не было людзей, старэйшых за 20. Усе ішлі па прызыве і падпісвалі ў часці кантракт, не думаючы, што могуць апынуцца на вайне».

З 600 чалавек, якія заехалі з боку Беларусі ў лютым, у батальёне Сяргея да гэтага часу засталася адна рота ў 90 чалавек, кажа ён. Па словах іншага кантрактніка, Антона, за кожны нядоўгі бой ён бачыў «каля 10 чалавек параненых, каля 10 забітых».

І Антон з Іванава, і Сяргей з Краснадара сцвярджаюць, што ўкраінская артылерыя «па два-чатыры разы на дзень» выкарыстоўвае касетныя і забароненыя Жэнеўскай канвенцыяй фосфарныя бомбы (відэа аднаго з абстрэлаў, падобнае на мігатлівы салют, ёсць у распараджэнні «Бі-бі-сі», але ва ўмовах ваеннага часу рэдакцыя не можа пацвердзіць або абвергнуць сапраўднасць гэтага запісу). У атрадах расійскіх кантрактнікаў касетныя бомбы таксама былі, Антон сцвярджае, што імі стралялі «толькі ў адказ», Сяргей — што ім «не дазвалялі выкарыстоўваць гэтую зброю».

Падчас вайны арганізацыя Human Rights Watch паведамляла, што і Расія, і Украіна выкарыстоўваюць касетныя бомбы. «Бі-бі-сі» таксама знаходзіла сведчанні прымянення Расіяй касетных боепрыпасаў.

«Ці ў турму, ці назад паедзеш»

У ліпені полк Сяргея вывелі ў Папасную — «горад з руін, знішчаны абодвума бакамі, куды кожны дзень прылятаюць бомбы ад УСУ», — і ён збег. Здаў зброю камандзіру ў рукі і з'ехаў. З ім беглі яшчэ сем чалавек з розных гарадоў.

10 ліпеня на мяжы ля Першамайска яны сустрэлі падпалкоўніка пагранслужбы, сказалі: «Мы сышлі з вайны, што нам рабіць?» Па словах Сяргея, той адказаў: «Вы тут не адны такія, я па сотні кожны дзень бачу, зараз прыедзе КамАЗ і павязе на пункт допыту ФСБ».

Там кантрактнікаў доўга не дапытвалі, кажа Сяргей, толькі дзівіліся аповедам пра забітых: «У нас то кажуць, што страт няма ніякіх», — паціскалі плячыма следчыя. З Каменск-Шахцінска Сяргея забраў сябар на машыне. У часць ён не паехаў. За пяць месяцаў вайны ён атрымаў каля 700 тысяч рублёў, прыкладна па 140 тысяч за месяц.

Праз некалькі тыдняў Сяргея выклікалі на допыт у вайсковую камендатуру. «Пыталіся, калі выйшаў з зоны дзеянняў, чаму. Я сказаў, што надакучыла, і паказаў відэа разбітай і спаленай дашчэнту нашай дывізіі ў Бучы (гэтае відэа ёсць у распараджэнні «Бі-бі-сі»)». Кантрактніка адпусцілі.

А 23 верасня Сяргея зноў выклікаў да сябе вайсковы пракурор. У часці яму далі накіраванне на медкамісію і сказалі: «Выхады ў цябе два. Ці ў турму, ці назад туды паедзеш».

Артылерыст тры дні прасядзеў за відэагульнямі (аддае перавагу хорарам) і вырашыў нікуды не хадзіць. Ён пагаварыў з адвакатам і цяпер выбірае з двух варыянтаў: атрымаць умоўны тэрмін за скасаванне кантракту і непадпарадкаванне мабілізацыі або выкарыстоўваць у ваенкамаце заключэнне ад псіхіятра.

Іншы кантрактнік Сяргей Бокаў з Урала, які ў маі расказваў «Бі-бі-сі» , як беспаспяхова ездзіў браць Кіеў, у нядзелю паспеў выехаць у Казахстан і плануе атрымліваць гуманітарную візу ў Германіі.

Антон з Іванава 25 верасня зноў з'ехаў на перадавую.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
28.09.2022
"Ён напіўся і палез на другі паверх дома, удалечыні разарваўся нейкі снарад — ён саскочыў уніз, пераламаў ногі. Яго забралі, грошай не выплацілі, цяпер у псіхушку ходзіць"

Чем-то напоминает поведение путина в этом году.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31