Знайсці
01.10.2022 / 14:3912РусŁacБел

«Нас проверяют, местные мы или нет. Просят сказать «чучинщина». Што пішуць у чатах расіян, якія хаваюцца ў Беларусі?

Абвешчаная ў Расіі мабілізацыя справакавала масавыя ўцёкі жыхароў у суседнія краіны. Беларусь адна з іх. Нямала расіян разглядаюць яе як месца, дзе можна перачакаць небяспечныя часы на радзіме або адкуль можна выехаць у трэцюю краіну.

Мінскі вакзал стаў для многіх расіян брамай у іншае жыццё. Фота з сацыяльных сетак

У сацыяльных сетках з'явіліся адмысловыя чаты, у якіх расіяне абменьваюцца лайфхакамі і інфармацыяй. Адзін з такіх чатаў называецца «Граница РФ-РБ Чат».

Самае частае ў ім пытанне — пра стаўленне беларусаў да расіян.

«Нянавісць да рускіх, ці ёсць у вас у РБ, асабліва, да тых хто ўцякае ад «магілізацыі»?» — цікавіцца ўдзельнік чату.

«Усім пофігу, абы паводзілі сябе спакойна і адэкватна», — адказваюць яму.

«А каб жыць у Беларусі, ці трэба ведаць беларускую мову?» — пытаецца расіянін.

«Калі ты ў Беларусі гаворыш на беларускай мове, то наадварот могуць быць праблемы», — засцерагаюць госця ад асаблівасцей лукашызму.

«Вывучыце хаця б базавыя слова: дзякую, калі ласка, вітаю, да сустрэчы», — раяць яму.

Некаторыя расіяне чакаюць, што ў Беларусі іх будуць вызначаць па гаворцы.

«А яшчэ нас правяраюць тутэйшыя, — адзначаецца ў адным з допісаў. — Просяць сказаць «чучинщина», альбо нешта такое. Асцярожна».

У яшчэ адным рэкамендацыя, як слушна называць краіну.

«Беларус і Беларусь, а не «Беларусія», бо адразу «палева», — падказваюць гасцям з суседняй краіны.

Яшчэ адзін супакойвае.

«Ой бач. Яны за гадзіну загэкаюць і задзекаюць. Мае ўжо «калі ласка» навучыліся гаварыць», — піша іншы карыстальнік.

Большасці расійскіх удзельнікаў чату Беларусь падаецца еўрапейскай краінаю з гасцінным народам.

«Людзі тут шчаслівыя нейкія, зычлівыя, адразу відаць, што еўрапейскага ў іх шмат», — адзначае адзін з каментатараў, які апавядае пра свае першыя кантакты з беларусамі.

«Мы рэальна дужа адсталі ад заходняй цывілізацыі ў маральным плане», — канстатуе ён.

Яшчэ адзін удзельнік чату, параўноўваючы норавы ў Расіі і Беларусі, наракае, што на радзіме «яго ў краме па два разы на дзень маглі паслаць», а тут, кажа ён пра Беларусь, «ветлівыя ўсе».

«Нават настрой сам лепшае і часцей усміхацца пачынаеш», — адзначае ён.

Не ўсе беларускія ўдзельнікі чату гатовыя прымаць гасцей з суседняй краіны.

«Не хачу я з распасцёртымі абдымкамі сустракаць людзей, якім 6 месяцаў было «с…ць» на вайну, — гаворыцца ў адным са злых допісаў. — Тыя, хто супраць вайны, выходзілі на плошчы. Такіх людзей я рада бачыць і дапамагаць».

На такі допіс некаторыя агрызнуліся.

«Ім трэба дапамагаць, а не свае нейкія незразумелыя прэтэнзіі выказваць. Хочаце выказваць, пішыце ў Крэмль. Звычайныя людзі ні пры чым», — адзначана ў адным з каментароў.

«Бягуць якраз тыя, хто не хоча нікога «вызваляць», і падмацоўвае сваю пазіцыю дзеяннямі — уцякаючы, кінуўшы ўсё сваё жыццё, якое дзесяцігоддзямі выбудоўвалі», — даводзіць сваё бачанне сітуацыі іншы ўдзельнік чату.

«У цэлым да вас прыедзе шмат турыстаў і гэта моцна прастымулюе вашу эканоміку», — аргументуе карысць ад наплыву гасцей расіянін.

Не ўсе, аднак, яго землякі ўпэўненыя, што Беларусь для іх паратунак. Такія лічаць, што «Лукашэнка будзе здаваць рускіх».

«Я проста спрабую зразумець мэтазгоднасць пераезду, — тлумачыць расіянін, які хоча з'ехаць з Расіі. — Не ўпэўнены, што ў Беларусі будзе нашмат бяспечней, чым у Расіі».

Чытайце таксама:

На мяжы Расіі з Беларуссю — праверкі і заторы, шукаюць мабілізаваных

«Гуманітарная катастрофа! Раздаў уцекачам з Расіі прадукты, якія ў мяне былі». Як беларус трапіў у пекла на расійска-грузінскай мяжы

«Калі расіяне ўжывуць стратэгічную ядзерную зброю, ад Расіі нічога не застанецца». Амерыканскі аналітык апісвае сцэнарыі развіцця падзей, Лукашэнку ён лічыць закладнікам, а не марыянеткай

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
чукчіньшчина/адказаць/
30.09.2022
слухайце.
убіла ваша гэта "zashchishchayushchikhsya" у хоохл-перакладчык... потым Юзікава "Schtschutschinschtschina" і... ён перакладае. з нямецкай на беларускую - Шчучыншчына. але чаму ў слове "Schtschutschinschtschina" "і"? там жа мусіць быць не "і". ці я памыляюся?
01.10.2022
мужу паказала ваш каментар. іржаў
- перашлі мне. - кажа
- ты што - здурэў? - кажу, - зараз жа
нельга
- проста слова Schtschutschinschtschina мне напішы
01.10.2022
За 30 годоу ниразу ниде у Беларуси не слышал каб мне хтось казау - дякуй або кали ласка Не люблю фантазеров
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031