Палітзняволеную лекарку Таццяну Талочка асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі»
Справу лекаркі разгледзелі сёння, 30 верасня, у судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Суддзя Вольга Няборская прызнала яе вінаватай у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса), і прызначыла Таццяне тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Дзяўчыну вызвалілі ў зале суда, піша «Вясна».
Таццяна Талочка — анестэзіёлаг-рэаніматолаг, яна працавала ў 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы ў Мінску. Яе затрымалі 12 мая 2022 года проста на працоўным месцы.
У жніўні 2020 года палітзняволеная выратавала ад пераследу падлетка Цімура Міцкевіча, які пасля збіцця сілавікамі патрапіў у кому. Яна падпісала паперы, што дапытваць яго нельга, але галоўная лекарка не падпісала гэты дакумент. Цяпер 19-гадовы хлопец ваюе ва Украіне ў Палку Каліноўскага.





