Знайсці
01.10.2022 / 10:292РусŁacБел

ЛСД, псілацыбін і экстазі ў аптэках: як навукоўцы даследуюць псіхадэлікі, каб стварыць новыя лекі

Псіхадэлікі маюць гісторыю, напэўна, такую ж доўгую, як і гісторыя цывілізацыі. Лекавыя прэпараты на іх аснове змяняюць свет медыцыны і сёння, піша The Economist.

Яны аказваюць моцнае ўздзеянне на мозг, і вакол іх заўжды багата розных гісторый пра ўплыў на псіхічнае здароўе — ці то ў лепшы, ці то ў горшы бок. Пакуль фармацэўтычныя кампаніі спрабавалі знайсці новыя падыходы да працы з мозгам, патэнцыял псіхадэлікаў мог здавацца відавочным шляхам, па якім трэба ісці. Але закон і стыгматызацыя ў грамадстве ўвесь час блакавалі гэта. Яшчэ гадоў пяць таму карпаратыўныя інвестыцыі ў псіхадэлікі як лекі было цяжка сабе ўявіць.

Праца шматлікіх арганізацый дапамагла змяніць гэта. Спрыяла таксама і змена стаўлення рэгулятараў і даследчыкаў да правядзення належных выпрабаванняў прэпаратаў.

Піянерам у гэтай пераацэнцы стаў кетамін — анестэтык, які таксама выкарыстоўваецца ў рэкрэацыйных мэтах. Каля 20 гадоў таму сведчанні таго, што прэпарат уплываў на дэпрэсію, прывялі да навуковых выпрабаванняў; праца выклікала цікавасць Johnson & Johnson's, буйной фармацэўтычнай кампаніі. У выніку на свет з’явіўся першы назальны спрэй пад назвай Spravato, які ў 2019 годзе быў зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя ЗША ў якасці лячэння цяжкай дэпрэсіі.

Але гэта не прынесла вялікага камерцыйнага поспеху па прычыне вялікага кошту прэпарата і неабходнасці прымаць яго пад медыцынскім наглядам, што дадае выдаткі.

Нягледзячы на ​​​​гэта, разнастайныя лекі, якія ў 1960-я гады лічыліся карыснымі ў псіхіятрыі, нарэшце праходзяць сур’ёзныя клінічныя выпрабаванні пад наглядам строгіх рэгулятараў, такіх як Міністэрства аховы здароўя ЗША. Сярод іншых выпрабоўваюцца такія вядомыя псіхадэлікі, як ЛСД, МДМА і псілацыбін. Гэтыя прэпараты накіраваныя на лячэнне алкагольнай, наркатычнай і іншых залежнасцяў, трывогі, дэпрэсіі, расстройстваў харчавання і посттраўматычнага стрэсавага расстройства (ПТСР).

Некамерцыйная група MAPS вывучае тэрапію ПТСР з дапамогай МДМА. Шырока вядомая пад назвай «экстазі» — гэта невялікая малекула, якая здольная выклікаць пачуццё эмпатыі. Па выніках выпрабавання MAPS 67% удзельнікаў у групе MDMA страцілі прыкметы дыягназу «посттраўматычнае расстройства» у параўнанні з 32 адсоткамі ў групе плацэба.

Псілацыбін — у цэнтры ўвагі лонданскага стартапа Compass Pathways. 

У мінулым годзе ён апублікаваў вынікі выпрабаванняў, у якіх параўноўваліся розныя дозы псілацыбіну ў спалучэнні з тэрапіяй у выпадках устойлівай да лячэння дэпрэсіі. Праз тры тыдні пасля лячэння 29% тых, хто атрымаў самую высокую дозу, былі ў рэмісіі.

Адна з асноўных здольнасцяў псіхадэлікаў, якая цікавіць даследчыкаў, заключаецца ў тым, што яны здольныя хутка выклікаць нейронную пластычнасць — фізічныя змены ў росце нейронаў і сувязях паміж імі. 

Нядаўняе даследаванне на мышах Медыцынскай школы Ельскага універсітэта паказала, што на працягу 24 гадзін пасля аднаразовай дозы псілацыбіну колькасць нейронных злучэнняў у мозгу павялічваецца на 10%.

У ходзе даследавання сувязі паміж нейронамі ў мазгах мышэй сталі больш шматлікімі і мацнейшымі. Змены ў паводзінах жывёл, звязаныя са стрэсам, былі ўсё яшчэ бачныя і праз месяц.

Пры гэтым вучоныя кажуць, што псіхадэлікі самі па сабе наўрад ці будуць лекамі для большасці людзей з хранічнымі захворваннямі, такімі як дэпрэсія. Змяненне нейронных сувязяў можа зрушыць некаторыя з гэтых злучэнняў са сваёй каляіны, але гэта не перашкодзіць ім потым вярнуцца назад.

Але многія думаюць, што новыя лекі адкрыюць шлях для таго, каб праца з тэрапеўтам дзейнічала значна лепш у комплексе з новымі прэпаратамі. А самі пацыенты маглі б разглядзець новыя падыходы да жыцця. 

Такія прэпараты, верагодна, будуць дазволены для выкарыстання толькі ў сертыфікаваных медыцынскіх установах і са строгімі пратаколамі. Пацыент, які атрымаў дозу псілацыбіну або МДМА, патрабуе некалькі гадзін нагляду — таму, імаверна, яны будуць дазволеныя для выкарыстання толькі ў кантэксце псіхатэрапіі.

Адной з альтэрнатыў можа быць распрацоўка лекаў другога пакалення. Кампанія Delix Therapeutics, якая базуецца ў Бостане, ідзе поўным ходам да стварэння псіхадэлічных рэчываў без галюцынаторных эфектаў, што азначае, што пацыенты могуць выкарыстоўваць іх без нагляду. У кампаніі звяртаюць увагу на даследаванні, якія паказваюць, што пацыенты стаматалагічных клінік, якія атрымалі кетамінавую анестэзію, прачынаюцца з павышаным настроем. Такім чынам, калі лекі дзейнічаюць менавіта таму, што спрыяюць нейрапластычнасці, то псіхадэлічны «трыпінг» можа не спатрэбіцца, кажуць у кампаніі.

Відавочна, што будуць патэнцыйныя пацыенты, што будуць прытрымлівацца такога пункту гледжання. І відавочна, што некаторыя прыхільнікі псіхадэлікаў наадварот будуць лічыць, што містычны вопыт з'яўляецца неад'емнай часткай лекавага эфекту, адкрываючы разуменне псіхікі, якое немагчыма атрымаць іншым спосабам.

Некаторыя мяркуюць, што псіхадэлікі з’яўляюцца адзіным верным шляхам да павышэння свядомасці і да далейшай эвалюцыі чалавецтва. А некаторыя проста хочуць пазбавіцца ад невыносных трывог і дэпрэсіўных станаў, без павышэння самасвядомасці і містычнага вопыту.

І відавочна, што псіхадэлікі не з'яўляюцца канцом усіх новых падыходаў да клінічнай неўралогіі. Але даследаванне псіхадэлікаў у клінічных умовах мае даць некаторыя карысныя тэрапеўтычныя дасягненні і новае разуменне таго, якім чынам розум утрымліваецца ўнутры нашага мозгу.

РУ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Максим Дизайнер/адказаць/
04.10.2022
Легалайз!Не токасириозным отношениям!
0
Живаго/адказаць/
04.10.2022
Так заболеть захотелось…
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера