Знайсці
01.10.2022 / 14:53РусŁacБел

Журналіста «Прэсбола» звальняюць пасля 10-сутачнага арышту

Беларуская федэрацыя футбола, якая валодае кантрольным пакетам акцый спартыўнай газеты «Прэсбол», разрывае кантракт з карэспандэнтам Андрэем Ільенем. Раней журналіст быў пакараны адміністрацыйным арыштам за «пікетаванне ў сацсетках».

Футбольнага аглядальніка «Прэсбола», каментатара матчаў чэмпіянату Беларусі на тэлеканале «ЯСНАе TV» Андрэя Ільеню сілавікі затрымалі 14 верасня, суд пакараў яго 10 суткамі зняволення. 

Як кажуць калегі Андрэя Ільені, пад «зачыстку» той трапіў збольшага выпадкова. У ліку іншых быў акрэдытаваны ў склад афіцыйнай дэлегацыі на выязныя матчы нацыянальнай зборнай у навастворанай Лізе Нацый пад эгідай УЕФА. А з улікам таго, што цяпер ад супрацоўнікаў СМІ патрабуецца яшчэ і поўная лаяльнасць, ідэолагі праверылі сацсеткі на наяўнасць крамолы. І вельмі хутка знайшлі «істотныя парушэнні дзейнага заканадаўства». 

Аказалася, што Андрэй Ільеня на аватарцы ў Facebook змясціў бела-чырвона-белы сцяг (цяпер сацсеткі татальна «стэрылізаваныя»). Уласна кажучы, за «віртуальнае пікетаванне» і затрымалі. У выніку замест камандзіровак у Казахстан і Сербію журналіст выправіўся на 10 сутак на Акрэсціна.

Выглядае, што яшчэ адным раздражняльнікам для кантралёраў стала і працоўная мова Андрэя Ільені — ён прынцыпова каментуе тэлетрансляцыі на беларускай мове, на ёй жа вёў запісы ў сваіх акаўнтах.

Паколькі цяперашні «Прэсбол» цалкам падкантрольны Беларускай федэрацыі футбола, кіраўніцтва якой ухваляе ўсе кадравыя ратацыі, скасаванне кантракта з нелаяльным журналістам было вызначанае практычна ў момант яго затрымання.

Як распавёў карэспандэнту службы маніторыгу БАЖ адзін з дзейных супрацоўнікаў спартыўнага выдання, Андрэю Ільеню «пашанцавала» ўжо ў тым, што выйшаў без форс-мажору пасля 10 сутак. Аднак далей спадзявацца няма на што — «хутка звольняць». Кіраўнік асацыяцыі, адстаўны вайсковец Уладзімір Базанаў дэманструе поўную салідарнасць з дзейным палітычным рэжымам і не трывае нават мінімальных праяваў апазіцыйнасці. 

Адметна, што ў «Прессбол» Андрэя Ільеню прыцягнулі як экстранную «затычку ў прабоіне». Пасля гвалтоўнага прызначэння ўласнікам — без папярэдняга абмеркавання з калектывам — на пасаду галоўнага рэдактара газеты экс-каментатара тэлеканала АНТ Сяргея Лісічкіна, вядучыя журналісты ўчынілі дэмарш і салідарна пакінулі рэдакцыю. На вакантныя месцы давялося шукаць «штрэйкбрэхераў». У гэтым пераліку аказаўся і Андрэй Ільеня.

Да таго ён працаваў у дзяржаўнай «Спартыўнай панараме», а таксама выконваў функцыі прэс-сакратара мужчынскай і жаночай камандаў нацыянальнага першынства — «Днепр» і «Надзея-Днепр» адпаведна.

Адносна новага працаўладкавання Андрэй Ільеня прагназаваць пакуль нічога не бярэцца. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера