Знайсці
05.10.2022 / 09:242РусŁacБел

Навошта зняволеным, якія сядзяць на сутках, забаранілі мець люстэрка, гадзіннік і кіпяцільнік? 

На тым тыдні МУС змяніла пастанову, якой рэгламентуюцца правілы ўнутранага распарадку ў месцах адбыцця адміністрацыйнага арышту. Па новых правілах дазволена браць з сабой пластмасавы кубак, але нельга мець люстэрка, наручны ці кішэнны гадзіннік, электракіпяцільнік. Зразумела, што палітычных зняволенных такіх рэчаў пазбаўлялі і раней (на Акрэсціна ім наогул не аддаюць перадачы). З чым можа быць звязана такое новаўвядзенне і як адсутнасць гэтых прадметаў можа адбіцца на псіхалагічным стане чалавека?

«Калі ў зняволенага ёсць права мець гарачую ваду — яго трэба забяспечыць»

Праваабаронца Павел Сапелка кажа, што права мець зняволеным, якія адбываюць пакаранне па адміністрацыйнай справе, кіпяцільнік, люстэрка і гадзіннік не замацоўваецца ў міжнародных дакументах. 

У цэлым мяркуецца, што зняволеныя забяспечваюцца гэтым самой адміністрацыяй.

«Камеры павінны быць абсталяваны люстэркам, гадзіннікам, імбрыкам. Калі ў зняволенага ёсць права мець гарачую ваду — яго трэба забяспечыць.

Гэта ж датычыцца люстэрка і гадзінніка. Люстэрка павінна быць убудавана каля рукамыйніцы. Мужчынам, напрыклад, яно элементарна трэба для таго, каб галіцца.

Навошта забараняць гадзіннік — не ведаю. У цэлым арыентацыя ў часе — важны складнік для падтрымання нармальнага псіхалагічнага стану.

Таксама тут ёсць важнасць і юрыдычная. Зняволенага па адміністрацыйных справах павінны адпускаць у тую гадзіну, у якую ён затрыманы. З дапамогай гадзінніка чалавек можа кантраляваць выкананне або невыкананне гэтага правіла», — патлумачыў Павел Сапелка. 

«Усе гэтыя прыёмы з'яўляюцца псіхалагічным ціскам»

Псіхатэрапеўтка Наталля Скібская заўважае, што адсутнасць магчымасці ведаць дакладны час у такіх умовах — гэта пазбаўленне чалавека сваіх межаў. 

«Наша прытомнасць мае пэўную структуру, для падтрымання якой нам патрэбна знешняя структура. Атрымліваецца, што чалавек губляецца ў часе. Восенню і зімой можа ўвогуле блытаць раніцу, дзень і ноч», — кажа яна. 

Люстэрка патрэбна чалавеку, каб разумець, хто ён ёсць. 

«Яно дапамагае вызначыць нам сваю асобу і ведаць, які ты для навакольных, — тлумачыць Наталля. — Адсутнасць магчымасці паглядзець на сябе — удар па асобе. Спроба ў пэўнай ступені пазбавіць свайго «я».

Усе гэтыя прыёмы з'яўляюцца псіхалагічным ціскам. Сюды ж адносіцца забарона на карэспандэнцыю — адразаюць такім чынам сацыяльныя сувязі, якія звычайна падтрымліваюць. У камерах у палітычных пастаянна гарыць святло, у чалавека адбываецца дэпрывацыя сну, што прыносіць шкоду здароўю».

Псіхатэрапеўтка лічыць, што такім чынам дзяржава наўмысна наносіць траўму людзям. 

У сям'і такія паводзіны называюцца эмацыйным гвалтам. У Беларусі гэта на ўзроўні краіны. 

«Не проста так у фільмах паказваюць, як звычайна ўсе зняволеныя малююць на сцяне палачкі і закрэсліваюць іх, вядуць каляндар. Яны так робяць, каб элементарна не звар'яцець.

Наступствы для псіхікі, канешне, будуць ад самога зняволення. Адсутнасць люстэрка, гадзінніка — гэта кампаненты агульнага псіхалагічнага ціску. Супрацьстаяць гэтаму магчыма, напрыклад, можна вызначаць час па сняданку, абеду, вячэры. Для гэтага патрэбная сіла волі, каб самому сабе пра гэта нагадваць», — падсумоўвае яна. 

«Кожную раніцу, калі прачыналіся, услых казалі, якое сёння чысло, каб не згубіцца ў часе»

Затрыманым на суткі па палітычных артыкулах люстэрка, гадзіннік і кіпяцільнік не давалі яшчэ да забароны. 

Дзяўчына, якая правяла 30 сутак на Акрэсціна летам 2021-га, расказала, як жыла месяц без гэтых прадметаў. 

«Прыкладна на суткі чацвёртыя я адчула, што хачу паглядзецца ў люстэрка. У мяне была нейкая сапраўдная ломка, быццам бы забывалася, як я выглядаю.

Пыталася ў сукамерніц, наколькі ў мяне адраслі валасы, наколькі я змянілася ў канцы сутак. 

Яшчэ вельмі хацелася трэніравацца, як глядзець на ахоўнікаў, якія нас выводзілі на калідор. Люстэрка не было, каб гэта рабіць, але я думаю, што ў мяне і так позірк быў для іх непрыемны. Я старалася заўсёды ім глядзець у вочы», — расказвае яна. 

Аднойчы ў камеру да дзяўчыны трапіла жанчына, якая змагла пранесці маленькае люстэрка. 

«Мы па чарзе сталі ў яго глядзецца. Забіраліся пад шконку, каб не было гэта бачна на відэакамеру. 

Час у камеры пазнавалі па нейкім умоўным распарадку дня. У 6 гадзін раніцы будзяць, дзесьці праз гадзіну сняданак, далей абед прыкладна з 14 да 15, вячэра ў 17-18 гадзін. А 19-й забіралі з камеры смецце, а 22-й гадзіне трэба было класціся спаць. 

Кіпяцільніка, вядома, не было. Як і гарачай вады. Раніцай давалі толькі гарбату, і суп быў цёплы. 

Кожную раніцу, калі прачыналіся, услых казалі, якое сёння чысло, каб не згубіцца ў часе. Памятаю, што да нас падсялілі зняволеную, якая сядзела не за палітыку. Праз пару гадзін у яе з’явіліся пытанні, як мы пазнаем час, чаму няма люстэрка. Яна тады вельмі здзівілася, што мы ў такіх умовах. І ёй прыйшлося так з намі сядзець», — падзялілася дзяўчына.

Чытайце таксама:

Забаранілі мець люстэрка, гадзіннікі і электрычныя кіпяцільнікі. Змянілі правілы для адміністрацыйна затрыманых

Груздзіловіч апісаў здзекі з яго ў калоніі. І назваў імя палітвязня, які адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні

Макей: Ніхто ў Беларусі не быў пакараны за свае палітычныя погляды

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
05.10.2022
лукашицкие пыточные все больше и больше напоминают концлагеря
0
Пан Усялян/адказаць/
05.10.2022
Панове, то ўжо непрыхаваны лукапуцінафашызм. Хворыя на галаву падначаленыя двух нелегітымных кіраўнікоў краінаў, спрабуюць людзей патрапіўшых у колы гэтай садыскай сістэмы, знічтожыць псіхічна. На мой погляд, тое, што зараз адбываецца на ўсёй тэрыторыі Беларусі нічым не адрозніваецца ад украінскай Бучы
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера