Знайсці
24.10.2022 / 20:033РусŁacБел

Рыбацкія боты да пояса і трактары, што плаваюць у вадзе. Як збіраюць журавіны на Палессі

«Як кажа наш дырэктар, зараз пачнецца танец маленькіх лебедзяў», — жартуюць супрацоўнікі, калі пяць спецыяльных трактароў па чарзе заходзяць на ягадную плантацыю. Прадстаўленне ўражвае: тэхніка амаль бясшумна перасоўваецца па вадзе, а за ёй усплываюць яркія дарожкі чырвоных журавін. У нейкі момант яны расцягваюцца па ўсім затопленым участку, пачынаючы пералівацца на сонцы. Такім спосабам ягаду ў «Палескіх журавінах» збіраюць амаль 40 гадоў. За тым, як ловяць журавіны з вады, адпраўляюць на экспарт і робяць з іх цукаты, паназіралі журналісты выдання Smartpress.

Фота тут і далей — Джайлан Сільвановіч

На світанку Піншчына сустракае шчыльным малочным туманам. Як адказ на першыя замаразкі, у хатах паляцца печкі, вёска ажывае і па ёй ужо коцяцца раварысты. Усё размытае, як на малюнку. І, праязджаючы ўздоўж палёў, разумееш: зіма блізка. Шэранем агорнутыя сухацветы, нават павуцінкі ператварыліся ў бліскучыя ніткі.

Але для супрацоўнікаў «Палескіх журавін» гэтыя замалёўкі прыроды значаць адно: збор журавін прыйдзецца адсунуць на гадзіну пазней, ягада павінна адтаяць. 

Плантацыі гаспадаркі амаль упіраюцца ў агароды жыхароў вёскі Селішча Пінскага раёна, за 30 км ад горада. Гэта велізарнае поле ў 85 гектараў, падзеленае на спецыяльныя ўчасткі — чэкі (кожны — крыху больш за гектар). І вырошчваюць тут не толькі буйнаплодныя журавіны, але і буякі, айву, парэчкі.

— Давайце адразу паглядзім, як ягаду збіраюць мокрым спосабам, — прапануе Ірына Марозава, галоўны бухгалтар ААТ «Палескія журавіны».

Крыху пазней прывыкаеш да новай тэрміналогіі: чэкі, карты (участкі буякоў), мокры спосаб. Апошні — самы эфектны, можна ўбачыць, як трактары плаваюць па вадзе.

«Журавіны адрываюцца ад галінкі і, як мячык, падскокваюць у вадзе дагары»

Прасцей за ўсё па вялікай тэрыторыі перасоўвацца на «Газелі», камунікацыя супрацоўнікаў выглядае так: «Давай каля 27-га чэка». Гэта дазваляе тут жа зарыентавацца.

Пакуль мы дабіраемся да месца, вядучая бухгалтарка Кацярына Ражко распавядае:

— Журавіны — сезонная ягада, таму чакаем яе кожны год: «Ну, калі ж?» Асабіста я доўгімі зімовымі вечарамі саджуся, наразаю журавіны колцамі. І так кожную ягадку, гэта такі рэлакс! Потым трэба засыпаць яе цукрам адзін да аднаго, ягада пастаіць дзень, змяшайце ўсё — і па слоіках. Усю зіму можна есці. Калі чалавек дыябетык, журавіны лепш заліць мёдам.

Каля чэка, які збоку нагадвае невялікае возера, сталі міні-трактары. Вось-вось яны зойдуць у ваду. Пад ёй — больш за гектар журавін. Напярэдадні зборшчыкі выбралі рукамі ягаду экстра-класа, затым чэк суткі заліваўся вадой, і цяпер ён гатовы да працы.

Трактары ў «Палескіх журавінах» не зусім звычайныя, іх спецыяльна распрацавалі на Мінскім трактарным заводзе, каб менш траўмавалі ягаду і глебу.

— Наперадзе тэхнікі-матавілы, трактары абмалочваюць журавіны ў вадзе. Яны адрываюцца ад галінкі і, як мячык, падскокваюць дагары, — распавядаюць тонкасці збору супрацоўнікі «Палескіх журавін».

Пакуль трактары плаваюць, за імі пачынаюць цягнуцца сцежкі з яркіх чырвоных журавін.

Праз дзве гадзіны такога абмалоту ў ваду заходзяць мужчыны. На іх — высокія рыбацкія боты да пояса. Іх задача: сцягнуць ягаду ў адно месца. Туды, дзе стаяць транспарцёр і трактар з прычэпам.

— Жанчыны на гэтым участку не працуюць?

— Вы што! Гэта неверагодна цяжкая фізічная праца, — адзначае галоўны інжынер-гідратэхнік Віталь Садуха.

Самі мужчыны ад размоў адмахваюцца, маўляў, што тут распавядаць. Для іх кастрычнік кожны год аднолькавы. Што дзіўна, усе брыгады, якія працуюць у халоднай вадзе, не хварэюць. Загартаваныя палешукі.

За дзень на журавінах можна зарабіць 100 рублёў

Віталь Садуха і яшчэ пяць мужчын заходзяць у ваду. Гледзячы, як яны сцягваюць ягаду, разумееш: гэтая праца круцейшая за любую спартзалу.

Падчас перапынку яны ўспамінаюць, як аднойчы з журавін зрабілі сэрца на вадзе. Журналісты папрасілі для прыгожага кадра.

За дзень мокрым спосабам ягаду збіраюць на двух чэках. Усё залежыць ад ураджайнасці: на адным участку яе можа быць шмат, на другім — не. На гэта ўплывае надвор'е: цёплая зіма, замаразкі, дажджы, а яшчэ самі саджанцы. Гэты год нельга назваць найлепшым, лета выдалася занадта спякотным.

— Учора з аднаго чэка сабралі дзве тоны. У лепшыя гады выходзіла па 20, — прыводзіць лічбы галоўны аграном Віталь Буката. У гаспадарцы ён працуе 13 гадоў. — У самы ўраджайны год у нас вырасла 652 тоны журавін. У мінулым сезоне — больш за 220.

Недалёка ад плаваючых трактароў працуюць зборшчыкі, яны рукамі збіраюць ягаду на полі. Кожную раніцу людзей з Пінска прывозіць аўтобус, на якім вялікімі літарамі напісана «Палескія журавіны». Падзарабіць можа кожны, было б жаданне.

— У нас штодзённы разлік. Ёсць тыя, хто працуе на плантацыях некалькі гадоў. Мінімальны заробак у дзень — 50 рублёў, — гаворыць вядучая бухгалтарка Кацярына Ражко. — Да абеду людзі збіраюць ягаду, потым сартуюць. Клас «А» — роўная і чырвоная ягада, клас «B» — астатняя. Кілаграм каштуе 1 рубель 40 капеек. Затым усе важыцца, падлічваецца сума, падаткі адымаюцца. Учора адзін са зборшчыкаў чыстымі атрымаў 97 рублёў.

Новая газавая пліта, мэбля, пластыкавыя вокны — на што трацяць грошы зборшчыкі

Каля чэка, дзе спрытна працуюць людзі, стаяць скрыні з ягадамі. Спачатку напаўняюцца мяшкі на полі, а ўжо потым журавіны прыносяць сюды, каб раскласці, пасушыць і падрыхтаваць да сартавання. Журавіны тут не збіраюць, а грабуць, у прамым сэнсе гэтага слова. Умела, хутка, ягада выкочваецца ў рукі з-пад усіх галінак.

Для пінчанкі Сафіі Іванаўны гэта ўжо дванаццаты сезон збору ягад.

— Чакаю не дачакаюся, калі паспеюць буякі і журавіны, каб прыехаць сюды. Для пенсіянераў гэта вельмі добрая дапамога. Стандартна збіраю ў дзень 40-50 кілаграмаў, — жанчына на некалькі хвілін адхіляецца ад журавін, каб пагутарыць з журналістамі. — І чаго сядзець дома, калі цяпер бабіна лета, надвор'е такое добрае?

— Патрэбна нейкае спецыяльнае адзенне для збору? — удакладняем, хлюпаючы гумовымі ботамі па вадзе. Узровень хоць невысокі, але ўсё ж…

— Лепш, калі адзенне з плашчавай тканіны, тады не чапляюцца калючкі. І яшчэ патрэбныя добрыя пальчаткі.

На заробленыя грошы Сафія Іванаўна хоча памяняць мэблю ў доме. У іншай зборшчыцы, Таццяны Юшкевіч, таксама ёсць мэта — памяняць газавую пліту ў кватэры. Для яе гэта трэці сезон збору журавін.

— Памятаю, у той год купіла гумовыя боты, каб хадзіць у грыбы, а потым убачыла аб'яву па тэлевізары: «Патрэбныя рабочыя». Вырашыла паспрабаваць. Проста на месцы мне ўсё паказалі і, ведаеце, стала атрымлівацца, — смяецца Таццяна Юшкевіч. — Думала, пасля першага дня не падымуся. Было цяжка, але справілася. Тут працуе азарт: хутчэй напоўніць вядро.

— Памятаеце, што купілі ў мінулым годзе за грошы ад збору журавін?

— Вядома! Паставіла вокны на балконе. Я тады сабрала 1,2 тоны ягад.

Да абеду ад туманнага і халоднага надвор'я нічога не засталося: неба яснае, сонца паспела прагрэць паветра так, што даводзіцца здымаць верхнюю вопратку:

— Алеся Анатолеўна, забярыце нас з поля на гадзіну пазней! Ягада сёння добрая! — крычаць услед аграному Алесі Шамінай зборшчыкі, а ўжо потым звяртаюцца да журналістаў: — І напішыце, толькі не забудзьцеся, яна для нас як «бальзам на душу». Першы год тут працуе, а мы яе ўжо ацанілі.

Каўбаса з журавінамі і цукаты з айвы

Найлепшыя журавіны, якія збіраюцца рукамі, раней пастаўляліся ў Англію. Іх спецыяльна куплялі для каляднага стала. Цяпер сітуацыя змянілася: санкцыі, дарагая лагістыка. Асноўнай краінай для экспарту застаецца Расія, але гаспадарка шукае новых партнёраў. Спрабавалі выйсці на рынак Узбекістана і Таджыкістана, там беларускую ягаду пакуль не ацанілі.

Журналісты пакідаюць чэкі з чырвонымі журавінамі і на «Газелі» едуць у пункт перапрацоўкі і сартавання. Тут пакуюць скрыні па чатыры кілаграмы і адпраўляюць у Расію. Але перад гэтым «разумнае» абсталяванне сартуе ягаду па колеры і памеры, а людзі сочаць, каб тэхніка спрацавала дакладна.

«Палескія журавіны» робяць з журавін сок, парашок. Дарэчы, яго купляе мясцовы камбінат і выпускае каўбасу з журавінамі. З навінак гаспадаркі — цукаты з журавін і айвы, а яшчэ вяленыя ягады. Іх можна купіць на месцы або ў пінскіх крамах.

— Мы выкарыстоўваем ашчадную тэхналогію, каб захаваць карысныя рэчывы. Гэта здаровы прадукт, ніякіх фарбавальнікаў, араматызатараў, харчовых дадаткаў у іх няма, — распавядае Лілія Петруковіч, галоўны тэхнолаг. — Цяпер нарошчваем аб'ёмы, каб выйсці на беларускі рынак. Паглядзелі, што цікава спажыўцу. Аказалася, у роўнай ступені і журавіны, і айва.

Каб падладзіцца пад пакупніка, «Палескія журавіны» выпускаюць дарожныя наборы па 100 грамаў, падарункавыя наборы ў экаўпакоўцы, а яшчэ мікс з айвы і журавін. Кожны месяц з цэху выходзіць тона рознай прадукцыі; усё, што зроблена з леташняга ўраджаю, ужо прададзена.

Збор журавін у гаспадарцы працягваецца. Ён будзе ісці ў любое надвор'е да пачатку лістапада. А завершыцца старой традыцыяй: жыхары суседніх вёсак прыйдуць сюды, каб сабраць для сябе ягаду, якая засталася на палях.

Чытайце таксама:

Беларускі арэхавы цуд. Пад Маладзечнам ёсць цэлыя плантацыі фундука, пра якія мала хто чуў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Загадка беларускай ментальнасці/адказаць/
24.10.2022
"Клюква" на рускай мове значыць -- фантазійная мана. Навошта так пакецікі з журавінамі называюць?
0
Андрусь/адказаць/
24.10.2022
Гадоў колькі таму амаль такі самы рэпартаж быў на ТУТу. 
0
Андрусь/адказаць/
24.10.2022
Загадка беларускай ментальнасці, у кіраўніцтве фірмы працуюць такія нацыянальныя БДСМаўцы, якія любяць прыніжэнне і самі гатовыя казаць: "Мы ніхто, мы - ні на што не здольныя, у нас няма ні імя, ні назвы, ні нейкіх сваіх адметнасцяў, у нас няма гонару і годнасці..."
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера