Знайсці
28.10.2022 / 16:093РусŁacБел

Як падаткавікі выяўляюць тых, хто жыве не па сродках? Расказвае супрацоўнік інспекцыі

Днямі Міністэрства па падатках і зборах справаздачылася, як падчас камеральнай праверкі 9 тысяч грамадзян высветліла, што амаль у траціны з іх мелася перавышэнне выдаткаў над даходамі. «Наша Ніва» даведалася, як падатковыя органы выяўляюць тых, хто зарабляе менш, чым траціць.

Тэхналогіі дапамагаюць сачыць за выдаткамі

Падатковая і іншыя органы кшталу ДФР заўжды сачылі за заробкамі і выдаткамі грамадзян і юрыдычных асоб. Іншае пытанне ў тым, што з цягам часу змяніліся магчымасці і маштабы такіх праверак. 

«З развіццём высокіх тэхналогій выяўляць выдаткі стала прасцей. Праграмнае забеспячэнне, якое дапамагае сачыць за фінансавымі патокамі, з'явілася яшчэ некалькі год таму. Натуральна, што яго паступова ўдасканальваюць, каб можна было збіраць больш рэлевантных даных. Гэта ў сваю чаргу палягчае працу кантралюючым органам.

Калі казаць у двух словах, то ў падаткавіка ёсць магчымасць зайсці ў базу, дзе пасля ўводу асабістых даных патрэбнага чалавека стане зразумела, жыве ён па сродках ці не», — кажа дзейны падаткавік.

Якія выдаткі бачаць падаткавікі?

У базе органы могуць пабачыць пацверджаныя выдаткі. У першую чаргу гэта тыя выдаткі, якія лёгка ідэнтыфікаваць. З буйных сум гэта звычайна купля транспарту і нерухомасці. Такую інфармацыю падатковая атрымлівае ад ДАІ і БТІ. Але трэба разумець, што гэтыя буйныя пакупкі — не адзіныя вашы выдаткі, інфармацыя пра якія трапляе ў базу.

«Па факце ў выдаткі ўваходзяць усе вашыя фінансавыя дзеянні, падчас ажыццяўлення якіх з'яўляюцца асабістыя даныя пра фізічную асобу.

Напрыклад, вы набылі за мяжой тэлевізар, які трэба дэклараваць па ўездзе ў краіну. Пры запаўненні пасажырскай дэкларацыі будзе ўказаны кошт тавару. Калі за ўвоз тавару давядзецца плаціць мыт, то да гэтай сумы дадаюць яшчэ і мытныя плацяжы. Уся сума патрапіць у спіс вашых выдаткаў», — тлумачыць спецыяліст.

Таксама ў такі спіс трапляюць усе аперацыі, якія адбываюцца па сродках безнаяўных плацяжоў. То-бок кожны разлік банкаўскай карткай за тавары і паслугі таксама фіксуецца.

Да пацверджаных выдаткаў адносяць аплату камунальных паслуг, мабільнай сувязі, падаткаў і г.д. То-бок усе фінансавыя дзеянні, дзе фіксуюцца вашы даныя. Згуляць злы жарт з вамі можа нават дысконтная картка, зарэгістраваная на ваша імя.

Інспектар звяртае ўвагу, што сярод тых, хто трапляе ў спісы людзей, што жывуць не па сродках, ёсць аматары папаўняць рахунак банкаўскай карткі наяўнымі.

«Некаторыя дзеля зручнасці кладуць грошы на картку, каб потым разлічвацца на касе тэлефонам. Таму, калі ў чалавека афіцыйная зарплата 500 рублёў, а ён пастаянна недзе знаходзіць яшчэ 500 і кладзе іх сабе на картку, то ў падатковай могуць узнікнуць пытанні, адкуль бяруцца гэтыя грошы».

А калі не па картцы разлічваешся ў крамах?

Нават калі чалавек, які ўтойвае даходы, стараецца не пакідаць лічбавы след пры разліках, у кампетэнтных органаў могуць з'явіцца да яго пытанні.

«Нельга забываць, што ёсць яшчэ паняцце пражыткавага мінімуму. Бываюць выпадкі, калі чалавек купляе дарагое аўто, а потым здзіўляецца, чаму ад яго патрабуюць даказаць, дзе ён узяў на яго грошы. Людзі даволі часта мяркуюць, што калі ў іх ёсць афіцыйная зарплата ў памеры 500 даляраў, то яны могуць сказаць, што кожны год адкладвалі 5000 даляраў на куплю аўто. У гэта ніхто не паверыць.

У любым выпадку ў чалавека будуць выдаткі, той жа пражыткавы мінімум, аплата паслуг сувязі, камунальныя плацяжы і г.д. Таму такі чалавек павінен будзе даказаць, на якія грошы ён жыў, калі ўвесь свой афіцыйны заробак нібыта адкладаў на куплю аўто». 

Калі казаць пра розніцу ў рэгіёнах, то, па словах падаткавіка, традыцыйна больш за ўсё людзей, якія жывуць не па сродках, пражывае у гарадах блізу мяжы з Польшчай.

Што чакае «чаўнакоў»?

«Чаўнакі і кантрабандысты атрымліваюць неафіцыйныя заробкі ад сваёй дзейнасці, даказаць гэтыя факты часам атрымліваецца даволі лёгка. Такія людзі за ўзнагароду перавозяць тавары праз мяжу, частка з іх — тавары, якія падлягаюць абавязковаму дэклараванню (як у вышэй апісаным прыкладзе з тэлевізарам — НН).

Такі чалавек за год прывозіць ноўтбук коштам 500 даляраў, тэлевізар за 800, гульнявую прыстаўку за 300, а потым высветляецца, што цягам года ён толькі на пакупкі за мяжой патраціў 2000-3000 даляраў, у той час як яго афіцыйны заробак складае 200-300 далараў на месяц. Натуральна, што падатковая спытае, адкуль чалавек бярэ грошы. Калі даказаць крыніцу даходаў не атрымаецца, з сумы, якая перавысіла афіцыйныя заробкі, давядзецца заплаціць падаходны падатак».

Падатковым не хапае людзей, каб выявіць усіх

Міністэрства па падатках і зборах падчас камеральнай праверкі 9 тысяч грамадзян высветліла, што больш чым у 2,8 тысячы з іх устаноўлена перавышэнне выдаткаў над даходамі. То-бок амаль кожны трэці з тых, хто трапіў пад праверку, меў пацверджаныя выдаткі на суму, якая перавышае яго афіцыйны заробак.

Чаму тады падатковая не правярае ўсіх запар, калі гэта частая з'ява? Тлумачыцца проста — у інспекцый не хапае супрацоўнікаў, каб апрацоўваць столькі людзей. 

«Праграмы хоць і даволі сучасныя, але без удзелу чалавека, які будзе даволі шчыльна над гэтым працаваць, усё адно не абысціся. Праз гэта і атрымліваецца, што мы фізічна не можам займацца кожным, хто мае прыкметы таго, што жыве не па сродках. У першую чаргу ўвага надаецца тым асобам, у каго выдаткі заўважна перавышаюць заробкі», — кажа інспектар.

Правяраюць не толькі фізічных асоб

Таксама суразмоўца звяртае ўвагу на тое, што сёлета асабліва актыўна падатковыя працуюць па льготніках, якіх выкарыстоўваюць для ўвозу аўто з-за мяжы. 

Апроч выяўлення асоб, якія жывуць не па сродках, падатковыя органы актыўна займаюцца праверкамі фірм і ІП на прадмет выплат заробкаў у канвертах. 

Абодва гэтыя працэсы маюць паміж сабой шчыльную сувязь. Паколькі некаторыя з тых, хто нібыта жыве не па сродках, аказваюцца ў такіх спісах праз тое, што частку заробкаў атрымліваюць у канверце.

Праверкі даюць плён

«Нават нягледзячы на тое, што летась была ўведзена крымінальная адказнаць за выплату заробкаў у канвертах, гэтая з'ява дагэтуль застаецца даволі распаўсюджанай. Наймальнікі часцяком плацяць афіцыйную зарплату ў памеры мінімальнай па краіне або блізкую да яе, а астатнія грошы выдаюць у так званых канвертах. Некаторыя для большай эканоміі на падатках увогуле афіцыйна афармляюць чалавека толькі на 0,5 або 0,25 стаўкі.

Праз такую розніцу ў афіцыйным і фактычным заробку людзі нярэдка трапляюць у поле зроку падаткавікоў, бо выглядае, што яны жывуць не па сродках», — кажа супрацоўнік падатковай.

Нягледзячы на тое, што пасля праверак органы налічылі немалыя сумы даплат як для фізічных асоб, так і для кампаній, інспектар лічыць, што асноўная мэта дзяржавы ў дадзеным выпадку не спагнаць як мага больш грошай ад выяўленых недаплат, а прадухіліць нясплату падаткаў у будучыні. 

«Пасля леташняга ўзмацнення адказнасці за выплату заробкаў у канвертах мы заўважылі, як у многіх суб'ектаў гаспадаркі цягам 2-3 месяцаў нейкім дзіўным чынам значна выраслі заробкі ва ўсіх супрацоўнікаў. Таму ўсе гэтыя праверкі маюць не толькі кароткатэрміновы плён, але і доўгатэрміновы», — лічыць супрацоўнік падатковай.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
2
Уже это происходит/адказаць/
28.10.2022
Дотерпелись, хатаскрайнички. Сейчас вас за шкирочку возьмут и с помощью высоких технологий отчитаетесь за каждый рублик. Терпим дальше! Ведь ваша хата с краю и вам боятся нечего! Вас точно не коснется! Вас никогда не коснется! Это совершенно точно!
28.10.2022
Не даныя, а звесткі
0
Саша/адказаць/
29.10.2022
Бандиты решили что пора грабить не только коммерсантов. 
Прычом па закону у стране у каторай не да закону. 
Почему бандиты? А вы посмотрите на лицо налоговой системы, министра Наливайко и все поймёте.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера