Знайсці
03.11.2022 / 17:503РусŁacБел

«Падумалі, што можа вампіры завяліся». Пад Маладзечнам рознакаляровыя норкі вынішчаюць свойскіх птушак і нават кідаюцца на людзей

У ваколіцах Маладзечна сталі гінуць гусі, індыкі, трусы, куры і нават кацяняты. Птушкі і жывёлы былі з укусамі на шыі ці з адгрызенымі галовамі. У чым праблема, разбіраўся Kraj.by.

«Яны паводзілі сябе агрэсіўна»

Настасся — гаспадыня сядзібы каля Маладзечна. Яна распавядае, што першыя ў іх загінулі трусы. Месяц таму яна пачала знаходзіць мёртвых, але некранутых трусянят з плямамі крыві на шыі.

«Жартам яшчэ падумалі, што можа вампіры завяліся, — кажа Настасся. — Затым пачалі знікаць кацяняты, іх дачнікі часам падкідваюць нам, мы іх выходжваем. Раніцай 20 кастрычніка я прыйшла ў хлеў пакарміць птушку і ўбачыла, што ўсе куры-нясушкі ляжаць скамянелыя на падлозе. У адных былі адгрызеныя галовы, у іншых на шыі была кроў».

У тую ноч загінула адразу 14 птушак. Настасся распавядае, што спачатку думалі на шашкоў. Але праз тыдзень, 28 кастрычніка, адбыўся яшчэ адзін напад, які раскрыў «злачынцаў».

«Увечары ў куратніку з пародзістымі курамі я пачула незвычайны крык птушак. Прыбегшы на месца, убачыла мёртвага гусака Марціна. Тут у мяне пачалася істэрыка, — успамінае гаспадыня. — Гусака ўсе нашы госці ведалі, ён быў ручны. Даваўся ўсім сябе пагладзіць, фатаграфаваліся з ім, яму было 10 гадоў».

У траве яшчэ ляжалі тры мёртвыя курыцы.

Настасся падсвяціла ліхтарыкам і ўбачыла ўсярэдзіне вальера, перад куратнікам чорных звяркоў.

«Раней я такіх жывёл не бачыла ніколі. Яны паводзілі сябе агрэсіўна. Я хацела адну курыцу рэанімаваць і ўзяла яе ў руку, дык норка стала кідацца на яе. Мы кінулі курыцу і пайшлі дадому, каб апрануцца ў нешта больш бяспечнае, каб нас не ўкусілі. А калі вярнуліся, то ўсе птушкі ляжалі мёртвыя, акрамя дзвюх курэй, адна з якіх сядзела высока на жэрдцы, а другая трапяталася на падлозе. У памяшканні стаяў нейкі рэзкі спецыфічны пах», — кажа жанчына.

Жывых курэй забралі і перанеслі ў іншае месца. Але і там норкі неўзабаве дасталі птушку. У выніку выжыла толькі адна пародзістая курыца.

«Людзі баяцца пра гэта заяўляць»

Гаспадыня Настасся выклала відэа з норкамі ў сацсетцы. Яна распавядае, што пасля гэтага ёй пачалі пісаць і тэлефанаваць іншыя жыхары горада і прылеглых населеных пунктаў.

«На адным хутары паклалі курэй, гаспадары злавілі чатырох норак. У горадзе таксама былі выпадкі гібелі свойскіх птушак. Бачылі і белых, і карычнева-чорных, і чорных звяркоў», — кажа Настасся.

Гаспадыня сядзібы лічыць, што звяркі, якія нападаюць на куратнікі, — з мясцовай зверагаспадаркі, таму што яны не баяцца людзей.

«Я выклікала міліцыю і напісала заяву, — працягвае гаспадыня сядзібы. — Аднак мне міліцыянты сказалі, што за забойства норкі можа быць штраф да 200 рублёў. І людзі баяцца пра гэта заяўляць».

«Я баюся за сваіх дзяцей, калі яны гуляюць па пасёлку»

Жыхарка пасёлка Сасновы Бор Людміла распавяла, што норка напала і ўкусіла пажылую жанчыну, калі яна спрабавала абараніць сваіх курэй. Пасля гэтага жанчына прайшла курс лячэння ад шаленства.

Па словах Людмілы, 20 верасня ў яе на падворку норкі паклалі 6 індыкоў, 2 качак і 5 пародзістых курэй. У іншых жыхароў у тую ж ноч таксама загінулі хатнія птушкі. Таму людзі лічаць, што норак шмат.

«Па пасёлку бегаюць і белыя, і блакітныя. Дзікія норкі такіх афарбовак не бываюць — хутчэй за ўсё яны са зверагаспадаркі. І яны не баяцца людзей наогул. Мой муж цягнуў параненага індыка за ногі, а норка індыка за галаву — у іншы бок, — успамінае жанчына. — Я баюся за сваіх дзяцей, калі яны гуляюць па пасёлку. Хто дасць гарантыю, што норка не нападзе на іх?»

Адну норку людзі забілі

Жыхары пасёлка Сасновы Бор напісалі калектыўную заяву ў зверагаспадарку. Атрымалі адказы на двух лістах. «Але на нашы пытанні мы адказу так і не атрымалі. У адным нам напісалі, што мы маем права звяртацца ў суд, у іншым — у вышэйшую інстанцыю», — удакладняе Людміла.

«Ніякая гэта не чупакабра»

Начальнік раённай інспекцыі Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў, расказаў Kraj.by, што атрымліваў відэа і фатаграфіі норак ад гаспадароў сядзібы.

«У нас у рэгіёне жыве два віды норак: еўрапейская і амерыканская. Апошняя выцесніла еўрапейскую. Амерыканская норка большая па памеры і больш агрэсіўна сябе паводзіць. Я не сцвярджаю, што нападаюць менавіта амерыканскія норкі са зверагаспадаркі ў Сасновым Бары, але яны не баяцца людзей, таму што прывыклі да іх, — тлумачыць Уладзіслаў Чарноў.

Адначасова спецыяліст лічыць, што не варта «дэманізаваць» жывёл.

«Нічога ў гэтым звышнатуральнага няма, ніякая гэта не чупакабра. Баяцца звера варта, каб ён не ўкусіў. А птушку на падворках трэба трымаць у абароненых вальерах і прымаць меры па ахове сваёй маёмасці», — кажа Уладзіслаў Чарноў.

Kraj.by патэлефанаваў у ПУП «Маладзечанская зверагаспадарка Белкаапсаюза», адкуль, як мяркуюць суразмоўцы, збеглі норкі. Тэлефон кіраўніка не адказваў, а па іншым нумары журналістам адказалі, што за ўсімі норкамі замацаваныя матэрыяльна адказныя асобы. Усе норкі сядзяць у клетках. «За далейшымі каментарамі звяртайцеся да кіраўніцтва», — сказалі яны і паклалі слухаўку.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Пан Усялян/адказаць/
04.11.2022
Зараз імі зоймецца Пан Церцель. Пан Азаронак зробіць рэпартаж для "Зразумелая палітыка". Бо глядзіце, норак ужо паспелі падзяліць па нацыянальнай прыкмеце: еўрапейская і амерыканская норкі (дзякуй Богу, што не расейская і амерыканская). І будзе як з пацукамі ў каналізацыі Менску, памятаеце?
0
Пан Усялян/адказаць/
04.11.2022
Баявыя, зверхгукавыя амерыканскія норкі! Во як ;)
04.11.2022
Як мы бачым праблему мясцовыя улады i мiлiцыя выращаць не хочуць, бо гэта не «змагароу» лавiць
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера