Знайсці
10.11.2022 / 17:241РусŁacБел

«Праблема не ў гаджэтах, а ў тым, што вяртаецца прымусоўка». Бацькі і настаўнікі пра забарону тэлефонаў для школьнікаў

Сёлета Мінадукацыі зрабіла больш строгімі правілы пра смартфоны для вучняў. Карыстацца імі нават на перапынках можна толькі для аператыўнай сувязі з блізкімі сваякамі і толькі «ў выпадках неадкладнай неабходнасці». «Наша Ніва» запытала ў бацькоў і настаўнікаў, што змянілася ў беларускіх школах на практыцы і як яны ставяцца да гэтага.

Сцісла пра нормы

Дзяржаўны школьны стандарт — пастанова калегіі Мінадукацыі, дакумент набыў сілу з новага навучальнага года. Тут прыводзяцца ўсе правілы, правы і забароны ў адносінах да настаўнікаў і школьнікаў. Асобная глава прысвечаная і выкарыстанню гаджэтаў.

У дакуменце прапісана, што школьнікам забаронена карыстацца прыладамі мабільнай і інтэрнэт-сувязі «падчас адукацыйнага працэсу» без дазволу педагогаў.

Таксама там сказана, што не пазней як за 5 хвілін да пачатку занятку кожны навучэнец павінен ставіць тэлефон на бясшумны рэжым і класці яго ў прызначанае для гэтага прыстасаванне — яно знаходзіцца ці на стале настаўніка, ці на асобнай парце.

Паводле дзяржстандарта, па заканчэнні занятка навучэнцы забіраюць свае прылады мабільнай сувязі. Але ж затым, у асобнай главе, прапісана наступнае:

«Карыстацца прыладай мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) ва ўстанове адукацыі на перапынках паміж заняткамі (тэлефанаваць, адпраўляць паведамленні) навучэнцам дазволена выключна для аператыўнай сувязі з бацькамі (законнымі прадстаўнікамі), братамі (сёстрамі), іншымі блізкімі сваякамі толькі ў выпадках неадкладнай неабходнасці».

То-бок на перапынку можна мець тэлефон, але карыстацца ім забаронена? Не кажам ужо пра фармулёўку пра неадкладную неабходнасць, якую можна трактаваць як заўгодна. За парушэнне нормы вучням трэба будзе напісаць тлумачальную, а за паўторнае ў іх забяруць тэлефоны да прыходу бацькоў у школу (размова з апошнімі таксама ўключана ў пакет пакаранняў).

Бацькі: «Калі б наогул забаранілі гаджэты ў школе, вучні ў бялізне пранеслі б»

Алена — маці дзвюх вучаніц адной са сталічных гімназій. Адна яе дачка вучыцца ў трэцім класе, другая — у сёмым. Скрыні для тэлефонаў ёсць і там, і там, але ж у трэцім класе здаваць гаджэты патрабуюць заўсёды.

«У сёмым некаторыя настаўнікі патрабуюць здаваць і нават учыняюць праверкі ў дачыненні да тых, хто не здаў. А некаторыя (такіх прыкладна 60%) да тэлефонаў ставяцца нястрога», — адзначае Алена.

Таксама ў класе яе малодшай дачкі дзецям забаронена тэлефанаваць падчас перапынкаў, а ў сёмым такой перашкоды няма.

«Увогуле, старэйшая дачка карыстаецца планшэтам замест падручнікаў і спакойна можа ўсё паглядзець і звязацца са мной анлайн, асабліва ў тых кабінетах, дзе добра ловіць гімназічны інтэрнэт. А для вучэбных пытанняў дазваляецца ўзяць тэлефон са скрыні», — гаворыць мінчанка.

Яна ўпэўненая, што гаджэты вельмі дапамагаюць у атрыманні інфармацыі і новых ведаў. Паводле Алены, на ўважлівасць яе дзяцей выкарыстанне мабільнікаў і планшэтаў ніяк не ўплывае.

«Дзеці ў класе прызвычаіліся здаваць тэлефоны. Палова сёмага класа карыстаецца планшэтамі замест падручнікаў. І, канешне, выдумляюць хітрыкі: здаюць адзін тэлефон, а ў кішэні ляжыць другі, — распавядае Алена. — Старэйшая дачка сказала, калі б наогул забаранілі гаджэты ў школе, былі б пратэсты з боку вучняў. Кажа, што ў бялізне пранеслі б…»

Мінчук Аляксей дзеліцца досведам сваіх дзяцей 14 і 17 год. Ён кажа, што ў іх школе таксама ёсць скрыня для захоўвання тэлефонаў і настаўнікі патрабуюць здаваць мабільнікі на кожным уроку, як і прадпісана загадам зверху. Але ж на перапынках карыстацца тэлефонамі можна.

«Карыстацца гаджэтамі на занятках нельга, але ж выключэннем з’яўляюцца планшэты, калі на іх запампаваныя падручнікі. Калі патрэбны калькулятар, то толькі не тэлефонны. Некаторыя настаўнікі дазвалюць на занятках гугліць. Як правіла, гэта педагогі, здольныя зацікавіць вучняў: яны паказваюць, што інтэрнэт — гэта інструмент», — адзначае Аляксей.

Ён прызнаецца, што ў дзяцей існуе праблема залежнасці ад гаджэтаў, але ж гэта інструмент, якім трэба ўмець карыстацца.

«Паспяховасць, як мне падаецца, не карэлюе з безапеляцыйнай адсутнасцю гаджэтаў на занятках, — гаворыць мужчына. — Дзеці навучаюцца рабіць, што ім трэба так, каб не дазнаўся той, каму не трэба ведаць: праходзяць партызанскі практыкум і кладуць у скрыначку для смартфонаў старыя. Сапраўдная праблема не ў гаджэтах, а ў тым, што вяртаецца прымусоўка».

А бацька першакласніцы Вадзім гаворыць, што ў класе яго дачкі няма скрыні для сматрфонаў. Наконт таго, ці строга там ставяцца да мабільных, яму пакуль цяжка вызначыць, бо далёка не ўсім аднакласнікам яго дачкі бацькі купілі тэлефоны.

«У нашай дачкі, напрыклад, ёсць і тэлефон, і гадзінік з магчымасцю званкоў. Часцей за ўсё яна ходзіць з гадзінікам, бо мы забараняем карыстацца смартфонам у вольны час. Толькі вечарам перад сном пагуляць ці мульцікі паглядзець, — распавядае мінчук. — Наколькі мы маглі назіраць, гаджэты для сувязі мае добра калі пятая частка класа, а можа, і таго менш».

Таксама ў гэтым класе навучаецца хлопчык, які ў свае шэсць гадоў стаіць на міліцэйскім уліку за крадзеж, таму бацькі зводзяць да мінімуму карыстанне каштоўнымі рэчамі ў школе.

А як за мяжой? Распавядае беларуска з Польшчы. Малодшая дачка Надзеі навучаецца ў прыватнай школе ў Варшаве ўжо другі год, зараз яна ў 5-м класе.

«Дзецям не дазваляецца карыстацца тэлефонамі ў навучальны час, але ні ў якія скрыні яны мабільнікі не мусяць складаць. Калі дачка заходзіць у школу, выключае мабільнік, пакідае ў верхняй вопратцы разам з іншымі «вулічнымі рэчамі», выходзіць са школы — уключае», — дзеліцца жанчына.

Таксама, паводле слоў Надзеі, у дзяцей няма асаблівай патрэбы карыстацца гаджэтамі, бо ў школе ёсць усё неабходнае тэхнічнае абсталяванне і запланаваныя спецыяльныя гадзіны для камп’ютараў.

«У Баранавічах, дзе мы жылі раней, усё забараняецца: нават бацькі праходзяць праз турнікет і запісваюцца ў журнале, куды ідуць. Пакуль мы вучыліся ў гімназіі, мабільнікі не забіралі, але было непажадана карыстацца імі нават на перапынках».

Настаўнікі: «Скрыню больш карысна было б выкарыстоўваць для бацькоў на бацькоўскіх сходах»

Валянціна выкладае ў пачатковых класаў у адной з мінскіх гімназій. Яна адзначае, што ў яе сітуацыі правілы наконт мабільнікаў — больш рэкамендацыі, строгіх патрабаванняў няма. Нягледзячы на гэта, у гімназіі Валянціны ўжо даўно на кабінетах вісяць знакі, што забараняюць карыстацца тэлефонамі.

«Я скрыняй не карыстаюся, — кажа яна. — У нас ёсць дамоўленасць з бацькамі і дзецьмі: бязгучны рэжым, у гульні не гуляць. Патэлефанаваць бацькам я не забараняю, маленькія дзеці і самі пытаюцца дазволу — ім гэта неабходна».

Ёсць рабочыя моманты, калі настаўніца сама просіць вучняў патэлефанаваць бацькам і нешта нагадаць. Але ўсё гэта — толькі на перапынку.

«Паколькі тэлефонамі не карысталіся і раней, то і дысцыпліна ў нас не кульгае. Можа, веданне таго, што дзіця можа пачуць голас матулі, робіць іх больш спакойнымі?» — задаецца пытаннем яна.

Паводле слоў настаўніцы, у пачатковых класах амаль не бывае неабходнасці выкарыстоўваць гаджэты для адукацыі падчас заняткаў.

«Скрыню больш карысна было б выкарыстоўваць для бацькоў на бацькоўскіх сходах», — усміхаецца жанчына.

Міхаіл — таксама настаўнік у сталічнай гімназіі. Ён адзначае, што ў яго школе, як і ў многіх іншых, прынцыпова нічога не змянілася. Да таго ж татальнай забароны на тэлефоны ва ўстанове няма.

«Прыстасаванні для захоўвання тэлефонаў з’явіліся яшчэ два ці тры гады таму і ўяўляюць сабой фанерныя скрыні з ячэйкамі і нумарамі. Аднак практычнай карысці ў іх аніякай, таму што дзеці прыносяць у школу два тэлефоны: адзін з іх разбіты (які і здаюць), а другі застаецца ў іх», — распавядае педагог.

Таксама ён абураецца, што ў пачатку занятку для збору тэлефонаў яму трэба змарнаваць 3—5 хвілін, якія можна было б скарыстаць на вывучэнне новага матэрыялу.

«Таму амаль усе настаўнікі перасталі гэтым займацца яшчэ пасля мінулага распараджэння збіраць тэлефоны. Вось і прыходзіцца змагацца з тэлефонамі нейкім іншым чынам, уцягваць гаджэты у навучальны працэс: даваць дзецям тэсты ці іншыя заданні, а таксама ілюстрацыі, якіх няма ў падручніку. А калькулятарам на ўроках фізікі часцей за ўсе карыстаюцца менавіта з тэлефона. Да таго ж Viber або Telegram — вельмі зручныя сродкі, каб перадаць дзецям заданне на ўрок, калі сам па нейкай прычыне адсутнічаеш», — гаворыць Міхаіл.

Ён адзначае, што цяперашнім новаўвядзеннем павінны былі стаць металічныя скрыні, якія зачыняюцца на ключ і куды дзеці кладуць тэлефоны напачатку ўрокаў і забіраюць пасля.

«Аднак на такі крок адміністрацыя школы (і не толькі нашай) не пайшла. На гэта ў школы проста няма грошай, ды і адміністрацыя не хоча браць на сябе адказнасць за маёмасць вучняў і ўцягвацца ў канфлікты, якія непазбежна ўзнікнуць».

На думку Міхаіла, забарона тэлефонаў у школе мае свой плён. Таму што ў дзяцей шмат часу ідзе на мабільныя гульні і не толькі на перапынках, але і на занятках.

«Таму калі ў нейкім класе пачынаеш «рэпрэсіі» і некалькі ўрокаў запар збіраеш тэлефоны, то гэта непазбежна пазітыўна адбіваецца на паспяховасці. Аднак на кожным уроку немагчыма быць паліцэйскім, трэба і заняткі хоць час ад часу праводзіць, — усміхаецца настаўнік. — Наколькі я ведаю, у нашым раёне толькі ў адзінай гімназіі былі пастаўлены металічныя шафы для захоўвання тэлефонаў, і за імі ўстаноўлена відэаназіранне. Ключ ад шафы знаходзіцца ў класнага кіраўніка, і калі вучань мае патрэбу пазваніць, ён ідзе да настаўніка».

На думку педагога, абмяжоўваць выкарыстанне тэлефонаў трэба, але ж не забараняць цалкам. Перад тым, як гэта рабіць, трэба спачатку стварыць умовы: надзейнае месца для захоўвання тэлефонаў і відэаназіранне.

«А без гэтага пастанова Міністэрства адукацыі застецца проста на паперы, дарэчы, як і шмат якія іншыя», — заключае ён.

Імёны герояў публікацыі змененыя ў мэтах іх бяспекі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
16
0
Андрэй/адказаць/
10.11.2022
патрэбна, как усё было дыстылявана чыста і правільна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930