Знайсці
14.11.2022 / 18:25РусŁacБел

Украінскія войскі ўвайшлі ў луганскую Макееўку

Франтавыя блогеры паведамляюць пра цяжкую для расіян сітуацыю пад Крамянной.

«Учора ў ходзе цяжкіх баёў нашым войскам прыйшлося пакінуць сяло Макееўка і адысці», — піша расійскі прапагандыст WarGonzo.

Раней украінскія войскі занялі Неўскае на поўдзень ад Макееўкі і Кармазінаўку на поўнач ад яе. У гэтым раёне на захадзе Луганскай вобласці ідуць зацятыя баі. Паміж вызваленнем Неўскага з Кармазінаўкай і суседняй з імі Макееўкі прайшоў 21 дзень.

Да вайны ў гэтай Макееўцы жыло каля 800 чалавек. Не трэба блытаць яе з вялікім горадам Макееўка пад Данецкам.

«Сёння праціўнік працягвае ціснуць з гэтага кірунку ў бок трасы Крамянная—Сватава, — піша WarGonzo. — Таксама УСУ праз тэрыторыю Серабранскага лясніцтва, на поўдзень ад Крамянной, падыходзяць да ўскраін горада і вядуць абстрэлы з боку лесу, прамацваючы нашу абарону. Такім чынам праціўнік спрабуе акружыць Крамянную з двух кірункаў. Як і меркавалася, праціўнік вядзе на нашым участку фронту актыўныя наступальныя дзеянні. Відавочна, падцягнуўшы новыя рэзервы».

Пасля вызвалення Лімана ў пачатку кастрычніка перадавыя ўкраінскія войскі замацаваліся ў Торскім, Цярнах і занялі ваколіцы Крамянной — горада, размешчанага за 35 кіламетраў на ўсход ад Лімана. Расійскія войскі выстраілі новую лінію абароны на захад ад лініі Крамянная—Сватава, па рэчцы Жарабец.

«Паўстае пытанне аб утрыманні Крамянной — аднаго з ключавых пунктаў, якія забяспечваюць паўночны фланг абароны Лісічанска. Крамянную здаваць нельга ні ў якім разе», — заклікаў палкоўнік Гіркін.

Крамянная — горад, у якім да вайны жыло 18 тысяч чалавек. Ëн стаіць на левым беразе Северскага Данца адразу над далінай ракі. Ад яго 30 км да Лісічанска. Крамянную расіяне занялі 18 красавіка.

Нагадаем, што 1 кастрычніка расійскае Мінабароны прызнала страту Лімана. «У сувязі са стварэннем пагрозы акружэння саюзныя войскі былі адведзеныя з населенага пункта Чырвоны Ліман на больш выгадныя рубяжы», — гаварылася ў заяве Масквы.

Паўночней украінцы стварылі шматлікія плацдармы на левым беразе ракі Аскол і наступаюць ад Лазавой, Купянска ды Двурэчнай.

Сватава — райцэнтр на поўначы Луганскай вобласці, да вайны ў ім жыло 16 тысяч чалавек. Расійскія войскі акупавалі горад 6 сакавіка, на 11-ы дзень вайны.

Вызваленне Сватава або Крамянной мела б як стратэгічныя, так і маральныя наступствы. Гэта быў бы першы вызвалены райцэнтр Луганскай вобласці, якая на сёння амаль цалкам кантралюецца расійскімі войскамі.

У цэлым сітуацыя на луганскім кірунку паказвае, што ініцыятыву захоўвае ўкраінская армія.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
105
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
6
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930