Знайсці
18.11.2022 / 20:49РусŁacБел

Суддзі прызналі, што малайзійскі «Боінг» быў збіты расійскай ракетай. Што вядома пра дзеючых асоб?

У ліпені 2014 года расійская ракета трапіла ў лайнер Boeing 777 над Украінай. Загінулі ўсе, хто знаходзіўся на борце. На гэтым тыдні нідэрландскі суд завочна асудзіў траіх падазраваных у гібелі 298 чалавек.

Падазраваныя: Сяргей Дубінскі, Ігар Гіркін, Алег Пулатаў, Леанід Харчанка

Пасля судовага працэсу, які доўжыўся два з паловай гады, суд у Гаазе прыйшоў да высновы, што прычынай катастрофы сталі прарасійскія сілы, якія дзейнічалі пад камандаваннем Масквы. Суд пастанавіў, што падкантрольныя Маскве сепаратысты выстралілі з ракетнай устаноўкі «Бук» у самалёт Boeing 777, калі той пралятаў над Данецкай вобласцю 17 ліпеня 2014 года.

Усе пасажыры і 15 членаў экіпажа рэйса МН17 загінулі. Суд праходзіў у Нідэрландах, бо з 283 пасажыраў 196 былі грамадзянамі Нідэрландаў.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што прысуды важныя, паколькі расійскія вайскоўцы, у тым ліку найміты, працягваюць здзяйсняць ваенныя злачынствы. «Трэба, каб на лаве падсудных апынуліся і заказчыкі, таму што пачуццё беспакаранасці вядзе да новых злачынстваў, — сказаў ён. — Пакаранне за ўсе расійскія зверствы — як тады, так і цяпер — будзе непазбежным».

Трое асуджаных (двое былых супрацоўнікаў расійскіх спецслужбаў і адзін украінец) застаюцца на волі. Мяркуецца, што яны знаходзяцца ў Расіі, і няма перспектыў іх экстрадыцыі, пакуль Пуцін застаецца ва ўладзе.

51-гадовага Ігара Гіркіна, былога афіцэра ГРУ, які займаў пасаду «міністра абароны» ў так званай «ДНР», 60-гадовага Сяргея Дубінскага, яшчэ аднаго адстаўнога афіцэра ГРУ, які быў яго намеснікам, і 50-гадовага Леаніда Харчанку завочна асудзілі на пажыццёвае зняволенне і абавязалі выплаціць «як мінімум» 16 мільёнаў еўра ў якасці кампенсацыі сем'ям ахвяр.

Міністарка юстыцыі Нідэрландаў пры гэтым заявіла, што прысуд быў толькі пачатковым крокам, а не апошнім. «Тым часам мы ўсё яшчэ расследуем датычнасць іншых асоб, якія могуць несці адказнасць; і судовыя працэсы супраць расійскай дзяржавы ўсё яшчэ працягваюцца», — сказала яна.

Што вядома пра дзеючых асоб?

Гіркін

51-гадовы Ігар Гіркін вядомы як «Стралкоў». Адразу пасля трагедыі MH17 ён напісаў у сацыяльных сетках: «Мы толькі што збілі АН-26». Неўзабаве пасля гэтага паведамленне было выдалена.

Гіркін удзельнічаў у абедзвюх чачэнскіх войнах. Таксама яго звязваюць з масавым забойствам 3000 баснійскіх мусульман у 1990-я гады. Пасля захопу кантролю над Славянскам у красавіку 2014 года ён кіраваў катаваннямі і забойствамі трох украінскіх актывістаў, двое з якіх былі студэнтамі. Паводле яго, украінцы — гэта рускія, а поўдзень і ўсход Украіны належаць Маскве.

Украіна дае за яго галаву 100 тысяч даляраў. Паводле разведкі, ён не ваюе на фронце ва ўсходняй Украіне, а рыхтуе і набірае добраахвотнікаў на тэрыторыі Расіі.

Гіркін раней гаварыў пра «маральную адказнасць за гібель [MH17]», працягваючы пры гэтым адмаўляць, што яго падначаленыя збілі самалёт.

Пулатаў

56-гадовы Алег Пулатаў, альбо «Гюрза», — адзіны падазраваны, які накіраваў свае заявы ў суд і з'явіўся на відэа, зробленых яго адвакатамі ў Расіі, адмаўляў сваю датычнасць.

Калі Пулатаў быў грамадзянінам Расіі, ён у 1986 годзе, як мяркуюць, вучыўся ў Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ ў Кіеве. А потым служыў у Чачні, паведамляюць украінскія СМІ.

Пракуратура сцвярджае, што Пулатаў удзельнічаў у транспарціроўцы ракетнага комплексу «Бук» ва Украіну і абмежаванні доступу ў гэты раён адразу пасля крушэння. «Я спадзяюся і чакаю справядлівага і юрыдычна абгрунтаванага прысуду, — заявіў Пулатаў суддзям у чэрвені. — Калі ласка, апраўдайце мяне».

Пулатаў быў прызнаны каардынатарам ва ўзброеных сілах «ДНР», але суддзі заявілі: «Няма доказаў таго, што ён сам унёс нейкі ўклад у размяшчэнне «Бука». Таму вынікае, што яго трэба апраўдаць». Яго адзінага з чатырох апраўдалі. Некаторыя сваякі заклікалі галандскую пракуратуру абскардзіць яго апраўдальны прысуд.

Дубінскі

60-гадовы Сяргей Дубінскі, або «Хмуры», правёў дзяцінства ў Вялікай Навасёлцы, што на захадзе ад Данецка. Некаторыя ўкраінскія СМІ паведамляюць, што ў яго ёсць брат, які з'яўляецца грамадзянінам Украіны і жыве ў Кіеве.

Ён служыў у «ГРУ ДНР». Дубінскі нібыта быў адным з намеснікаў Стралкова падчас ракетнага ўдару па MH17.

Дубінскі нясе адказнасць за транспартаванне з Расіі ракетнага комплексу «Бук», які збіў самалёт. У тэлефонных размовах, перахопленых спецслужбамі Украіны, можна пачуць, як ён пытаецца ў калегі, набылі яны адну або дзве пускавыя ўстаноўкі, і каардынуе іх перамяшчэнне па краіне.

Дубінскі, як і іншыя падазраваныя, адмаўляе сваю датычнасць да збіцця MH17 і толькі паўтарае абвергнутыя сцвярджэнні аб тым, што адказнасць нясе ўкраінскі «Бук».

Харчанка

50-гадовы Леанід Харчанка, альбо «Крот», — адзіны грамадзянін Украіны, абвінавачаны ў гібелі MH17. Мяркуецца, што Харчанка дапамагаў Дубінскаму з бяспечным транзітам ракетнага комплексу «Бук» і яго вывазам пасля крушэння самалёта.

Ён звязаны са Стралковым і «ДНР» як былы камандзір разведвальнага батальёна, паведамляе Bellingcat. У яго атрадзе нібыта былі і ўкраінцы, і расіяне.

У перахопленай размове запісана, як Харчанка даручыў падначаленым суправаджаць яго на ракетную пляцоўку, а потым паведаміў Дубінскаму, што «яны на месцы і ўжо збілі» самалёт — нібыта яшчэ да таго, як даведаліся, што быў збіты менавіта пасажырскі самалёт.

На камеру ён заяўляў, што ніколі не бачыў «Бук» на тэрыторыі «ДНР». Следчыя дагэтуль высвятляюць яго месцазнаходжанне, але апошнім вядомым месцам яго жыхарства была Канстанцінаўка Данецкай вобласці.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера