Знайсці
18.11.2022 / 22:288РусŁacБел

«Усё ж такі з ім весялей і ўтульней». Як бяздомнае кацяня стала напарнікам дальнабойніка з Баранавічаў і зоркай інтэрнэту

Жыхар Баранавіч Віталь Канавалік убачыў на адной з расійскіх заправак бяздомнае кацяня і, пашкадаваўшы жывёлінку, узяў яе з сабой. У рэйсе мужчына здымаў забаўляльныя відэа, якія разляцеліся па інтэрнэце, зрабіўшы баранавіцкага дальнабойніка і яго кацяня знакамітасцямі. Дзіўную гісторыю знаёмства і падарожжа з пухнатым «напарнікам» Віталь расказаў выданню Intex-press.

Віталь Канавалік і яго пухнаты «напарнік» Соня ў Баранавічах. Фота: асабісты архіў Віталя

Жыхару Баранавічаў Віталю Канаваліку 36 гадоў, 12 з якіх ён працуе дальнабойнікам. У сярэдзіне верасня, знаходзячыся ў чарговым рэйсе дзесьці паміж расійскімі Уфой і Чалябінскам, ён выпадкова ўбачыў на запраўцы худое, жудасна галоднае маленькае кацяня. І не змог прайсці міма.

Такім Віталь Канавалік сустрэў кацяня на запраўцы паміж Уфой і Чалябінскам. Фота: асабісты архіў Віталя

«На выгляд кацяняці быў месяц-паўтара. Выглядала яно так, што хацелася пашкадаваць, нават толкам мяўкаць не магло, выдавала нейкія хрыплыя гукі. Унутры нешта ёкнула, і я падумаў: будзь што будзе, забяру я яго з сабой, а там паглядзім, — кажа Віталь. — Я вельмі люблю жывёл, гэта ў мяне з дзяцінства. Не магу застацца ўбаку, калі ў некага бяда».

Прыбіральню для кацяняці зрабіў з каністры

Віталь кажа, што спачатку не планаваў пакідаць кацяня сабе. Думаў, уладкаваць яго дзе-небудзь па дарозе, але «як на тое, нідзе нікога не было».

«І я вырашыў: хай пакатаецца пакуль са мной, — распавядае мужчына. — Змайстраваў з 10-літровай каністры невялікую ванначку, набраў туды цёплай вады і памыў кацяня. З гэтай жа каністры зрабіў і прыбіральню. Я быў здзіўлены, што кацяня адразу стала рабіць свае «справы» ў латок, а не дзесьці ў кутах па салоне.

Фота: асабісты архіў Віталя

Прытуленае кацяня Віталь і ягоная жонка Алена, якой ён паспяшаўся расказаць пра новага «напарніка», назвалі Соняй, «бо яна толькі і рабіла, што ўсю дарогу ела і спала». Характар у Соні, па словах Віталя, аказаўся ідэальным для дальнабойніка. Паводзіла яна сябе «вельмі нават спакойна», «графік» сну і бадзёрасці ў іх таксама практычна заўсёды супадаў.

«Вядома, як любому кацяняці, часам Соні хацелася падурэць, пабегаць, паскакаць. Але калі мы знаходзіліся ў дарозе, Соня хутка супакойвалася, уладкоўвалася на свае любімыя месцы: пасажырскае сядзенне, столік побач з прыборнай панэллю або на калені — і назірала за машынамі, якія праязджалі міма, а то і зусім засынала», — кажа дальнабойнік.

Фота: асабісты архіў Віталя

З пухнатым напарнікам адкатаў больш за 20 тысяч кіламетраў

На працы, кажа мужчына, з-за Соні таксама ніякіх цяжкасцей не ўзнікла. Хіба што адкрытыя элементы салона машыны прыйшлося застаўляць рэчамі, ды кіпцюры кацяняці трохі падстрыгчы, каб яно імі не чаплялася і не псавала абіўку.

«Калі б я ездзіў па Еўропе, думаю, да Соні маглі б быць пытанні, былі б патрэбныя спецыяльныя дакументы на жывёліну. А так заехаць на нейкі склад з ёй або перасекчы мяжу паміж Расіяй і Беларуссю — цяжкасцей ніякіх няма. Ніхто нічога ў кабіне кіроўцы не правярае», — запэўнівае Віталь.

У рэйсе з пухнатым напарнікам мужчына правёў 50 дзён, адкатаўшы больш за 20 тысяч кіламетраў. На прыпынках Віталь выводзіў кацяня на прагулкі. Соня любіла пагуляць у траве і «папаляваць», але ні разу нікуды не збегла. Наадварот, пільна сачыла за кожным крокам свайго гаспадара.

Фота: асабісты архіў Віталя

Вярнуўся дадому знакамітасцю

Віталь таксама назіраў за сваёй гадаванкай, здымаючы яе на камеру мабільнага тэлефона і адпраўляючы відэа сваёй жонцы.

«Аднойчы мая жонка вырашыла змантаваць відэаролік пра нас з Соняй з усяго таго, што я ёй дасылаў, і загрузіць яго ў тыкток і Instagram, — распавядае Віталь. — Праз пару дзён відэа разляцелася па інтэрнэце. Я быў шакаваны колькасцю праглядаў, лайкаў, рэпостаў і каментарыяў!»

Так што ў лістападзе Віталь вярнуўся з рэйса дадому ўжо знакамітасцю. Яго нават запрасілі разам з Соняй на здымкі тэлеперадачы ў Маскву. Пры гэтым сам мужчына не лічыць, што зрабіў нешта асаблівае для такой папулярнасці.

«Я не думаю, што здзейсніў нейкі незвычайны ўчынак, проста зрабіў правільна, — кажа Віталь. — Вядома, вельмі прыемна бачыць рэакцыю людзей, чуць ад іх шмат добрых слоў. Раптам мая гісторыя падштурхне людзей рабіць больш добрых учынкаў і быць добрымі не толькі да братоў сваіх меншых, але і адно да аднаго».

Соня рыхтуецца да чарговага рэйса

Цяпер Віталь Канавалік знаходзіцца ў Беларусі і рыхтуецца да чарговага рэйса, у які плануе ўзяць і Соню, бо «ўсё ж такі з ёй весялей і ўтульней». Кацяняці зрабілі ўсе неабходныя прышчэпкі і дакументы, каб яно магла легальна падарожнічаць. Сама ж Соня прывыкае жыць у сям'і з яшчэ адной коткай — Боняй, якую муж і жонка Канавалік таксама ўзялі з вуліцы каля двух гадоў таму.

«Мы вельмі перажывалі, што яны ўдваіх не паладзяць. Спачатку нам нават прыйшлося купляць Боні супакойлівыя таблеткі, таму што на стрэсе яна нічога не ела, — распавядае Віталь. — Але з часам усё наладзілася, і яны сталі ледзь не найлепшымі сяброўкамі. Вядома, Соня з Боняй могуць часам і пабіцца, але гэта ў іх усё-такі больш праз любоў».

Фота: асабісты архіў Віталя

Віталь кажа, што ў другім рэйсе ён хоча зразумець, дзе ўсё ж такі кацяняці падабаецца больш.

«Калі не захоча катацца ў машыне, будзе чакаць мяне з працы дома, у кватэры ў Баранавічах, разам са сваёй сяброўкай Боняй і маёй жонкай Аленай», — рэзюмуе ён.

Паглядзець больш відэа пра тое, як жылося дальнабойніку Віталю і яго пухнатаму «напарніку» ў рэйсе можна па спасылцы ў акаўнце тыкток.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
109
Панылы сорам
1
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
5
19.11.2022
Nia treba raseiskaje brac.
19.11.2022
Tvf, точна!! трэба расстралять кошку!)) каб была кишкай то норм)
1
=^ᴥ^=/адказаць/
20.11.2022
ром, знатна паржалі ўсім нашым адзелам над вашым каментам ;)
лайк
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930