Знайсці
19.11.2022 / 18:33РусŁacБел

Вядоўца тэлеканала «Дождь» Ганна Мангайт: Беларусь аказалася краінай выключна прагрэсіўнай, беларусы ўмелі аб’ядноўвацца

Вядоўца незалежнага тэлеканала «Дождь» Ганна Мангайт у эфіры Свабоды Premium гаворыць, што сапраўдны росквіт YouTube-канала «Дождь» адбыўся падчас беларускіх пратэстаў 2020 года, і якое ўражанне на журналістаў канала зрабілі беларусы. 

Ганна Мангайт

«Падчас беларускіх пратэстаў быў адзін з самых вялікіх поспехаў у гісторыі «Дождя»

— У вас было шмат беларусаў у эфіры ў 2020 годзе і пазней. Можа, ужо і беларускую мову разумееце?

— Па-беларуску яшчэ не гавару, хаця гэта была наша самая ўлюбёная аўдыторыя. Яе стала адразу вельмі шмат разам з беларускімі пратэстамі, калі пачалі адключаць інтэрнэт і пазбаўляць беларусаў магчымасці камунікаваць са СМІ, мы прынялі на сябе гэтую ролю, не выходзілі з эфіру і працавалі канкрэтна на беларускую аўдыторыю, спрабуючы злучыць яе саму з сабой — не толькі з намі. І гэта быў натхняльны момант. Адзін, напэўна, з самых вялікіх поспехаў у гісторыі «Дождя». Мы толькі пачалі працаваць у адкрытым YouTube без пэйволу (платны доступ. — РС), і нам удалося сабраць шмат людзей вакол сябе. Гэта былі натхняльныя падзеі. Я згадваю іх у пэўнай ступені з настальгіяй. Тады была надзея на радыкальныя гістарычныя змены не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі.

— Ці вымяралі вы ў лічбах, якая была тады беларуская аўдыторыя ў «Дождя», і якая яна цяпер, калі вы аднавілі трансляцыю з-за мяжы?

— Мне складана сказаць у агульных лічбах. Памятаю, мы палічылі пасля таго, як пратэсты пайшлі на спад, што на піку нас глядзеў кожны трэці грамадзянін Беларусі, калі лічыць колькасць унікаў тых, хто далучаўся да эфіру. Магчыма, гэта былі адныя і тыя ж людзі, але з розных гаджэтаў, але лічба была прыкладна такая — кожны трэці ў Беларусі глядзеў наш эфір у разгар пратэставых падзеяў. Мы шмат у чым пачуваліся ўжо і беларускім СМІ, бо былі моцна ўцягнутыя ў тое, што адбывалася, ведалі ўсіх актыўных дзеячаў, лідараў пратэсту. Нам увесь час не хапала спікераў, бо хацелася ўсё больш і больш пашыраць кола магчымых каментатараў на беларускую тэму. Дагэтуль засталася вельмі вялікая база ўсіх, хто разбіраецца ў беларускай тэматыцы і ў беларускай палітыцы.

Гэта гісторыя не толькі ў нейкай ступені нашага вялікага поспеху, але і вялікага расчаравання ў тым, як могуць скласціся падзеі. Здавалася, што гэта ўсе незваротна, што гэта шлях толькі ў адным кірунку. Калі пачаліся гэтыя пачварныя рэпрэсіі, калі ўсіх, каго магчыма, перасаджалі, калі людзі былі вымушаныя замаўчаць, гэта была і праекцыя нашай будучыні ў Расіі. Мы так гэта і ўсведамлялі: усё, што адбываецца ў Беларусі, гэта мадэль, за якой сочаць расійскія кіраўнікі, каб потым дзейнічаць і ісці гэтай дарогай. Ніхто не мог уявіць, што іх дарога акажацца яшчэ больш крывавай і жорсткай.

«Калі ўдасца разваліць сістэму, якую выбудаваў Лукашэнка, і пазбыцца самога Лукашэнкі, то, значыць, немагчымае магчыма і ў Расіі»

— «Калі ў Мінску будзе дэмакратычная ўлада, з Масквой будзе скончана», — сказаў нядаўна ў інтэрв'ю беларускай Свабодзе брытанскі медыяаналітык, журналіст і пісьменнік Пітэр Памяранцаў. Ці вы згодныя з гэтым?

— Хацелася б думаць, што можна на нешта абаперціся — на чужы досвед, на чужую будучыню, — каб разабрацца са сваім. На жаль, сітуацыя ў Расіі настолькі складаная, што немагчыма разлічваць толькі на змены ў Беларусі. Хоць, шчыра кажучы, мне таксама так здаецца: калі ўдасца разваліць сістэму, якую выбудаваў Лукашэнка, і пазбавіцца ад самога Лукашэнкі, то, значыць, немагчымае магчыма. Быў такі фільм «Mission: impossible». І калі гэтая impossible mission адбудзецца і будзе паспяховай, то, адпаведна, немагчымае магчыма і ў Расіі.

Колькі можа гэта ўсё працягвацца? Відавочна, у нейкі момант гэта закончыцца, і ёсць шанец, што ў Беларусі закончыцца раней проста таму, што беларусы аказаліся больш актыўнымі ў нейкі момант, бо краіна меншая і менш косная, чым Расія, якая прыняла вайну і арганічна з ёю злілася ў цяперашнія восем месяцаў.

«Цяпер мы звяртаем увагу на важныя падзеі ў Беларусі, але ўсе яны так ці інакш звязаныя з рэпрэсіямі»

— Наколькі цяпер улічваюць тэму Беларусі ў рэдактарскай палітыцы, пры планаванні эфіру?

— Беларусь, вядома, шмат у чым адышла з рэдакцыйнага парадку дня. Быў момант, калі ўсе навіны, усё найважнейшае адбывалася ў Беларусі. Мы пачыналі заўсёды Беларуссю, расійскія навіны здаваліся менш займальнымі, менш важнымі, бо ў Беларусі сапраўды кіпела палітычнае жыццё ў тым немагчымым градусе, якога датуль мы не маглі сабе ўявіць. Цяпер мы звяртаем увагу на важныя падзеі ў Беларусі, але ўсе яны так ці інакш звязаныя з рэпрэсіямі. Гэта ці рэпрэсіі ў Беларусі, ці нейкія чарговыя няўяўныя выказванні Лукашэнкі. На жаль, падзеяў, якія здаваліся паваротнымі, цяпер у Беларусі фактычна для нас не адбываецца.

Гэта абвастрэнне сітуацыі, але не рэвалюцыйныя зрухі. Нічога тэктанічнага, на жаль, мы не бачым. На жаль, лідары беларускага пратэсту, якія знаходзяцца за мяжой, таксама не даюць нам інфармацыйных нагодаў, якія б прымусілі затрымаць увагу не толькі людзей у Беларусі, але і ўсіх нас. Бо мы працуем на вялікі свет людзей, якія ў той ці іншай ступені гавораць па-руску, ведаюць рускую мову. У нейкі момант Беларусь цікавіла кожнага. Не толькі кожнага трэцяга, які жыў у Беларусі і глядзеў нас, але і ўвогуле кожнага. Цяпер навінаў проста меней.

— Як шмат беларусаў/беларусак працавала/працуе на тэлеканале?

— На тэлеканале «Дождь» працуюць тыя ж людзі, якія працавалі раней. Мы паставілі задачы, калі рэлакавалі канал з Расіі, максімальна даць працу ўсім нашым супрацоўнікам. Мы паспрабавалі размеркаваць іх паміж трыма офісамі, якія цяпер маем — у Тбілісі, Рызе і Амстэрдаме. Ёсць некалькі новых супрацоўнікаў, сярод іх некалькі ўкраінцаў і адзін беларус — гэта наш прэсавы сакратар, які займаецца камунікацыямі «Дождя» са светам.

І мы вельмі ўдзячныя, бо Беларусь аказалася краінай выключна прагрэсіўнай. У ёй людзі ўмелі рабіць вельмі шмат перадавога і важнага, таго, што мы яшчэ на той момант не ўмелі ў Расіі. Беларусы ўмелі аб’ядноўвацца, здолелі пабудаваць новы тып сувязяў, распаўсюджваць інфармацыю пра сябе абсалютна новым чынам. Яны першымі ў нашай частцы свету так актыўна залучылі тэлеграм-каналы для палітычнай камунікацыі. Таму беларускі досвед што да прасоўвання сябе выявіўся вельмі важным.

Паколькі Беларусь прайшла гэтую пачварную драму крыху раней, было бачна, як беларусы аказаліся адаптыўнымі ў свеце. З другога боку, яны, гэтаксама як і ўсе аб’яднаныя ідэяй, абавязкова калі-небудзь вернуцца ў сваю краіну, калі яна стане той цудоўнай Беларуссю будучыні. Ці цудоўнай Расіяй будучыні. Яны гэтак жа накіраваныя на вяртанне ў абноўленую радзіму. У гэтым сэнсе мы вельмі блізкія адно аднаму.

«Праз месяцы два ты перастаеш дакладна разумець, што маюць на ўвазе твае сябры, якія засталіся дома»

— У межах Беларусі не засталося незалежных журналістаў, гэта проста немагчыма цяпер, але незалежныя СМІ пасля рэлакацыі працягваюць працаваць з-за мяжы. Я хацела вас спытаць аб працы незалежнай тэлевізіі за мяжой. Якія галоўныя выклікі перад вамі стаяць? Ці ўдаецца вам захоўваць аўдыторыю ў краіне? Ці застаюцца крыніцы інфармацыі ў краіне?

— Найважнейшае — не толькі захаванне аўдыторыі. У нас вялікая аўдыторыя ў краіне, больш за 60% — гэта людзі, якія жывуць у Расіі. Пакуль нас без праблем можна глядзець у YouTube. Наша велізарная праблема ў тым, што калі ты перастаеш жыць у краіне, то траціш з ёю біялагічную інфармацыйную сувязь, горш адчуваеш грамадcтва і працэсы, якія ў ім адбываюцца. А трымаць там карэспандэнтаў стала цяпер вельмі небяспечна. Мы не можам сабе дазволіць адправіць туды журналістаў, якія б працавалі ў карэспандэнцкім пункце «Дождя», бо не можам гарантаваць ім бяспеку.

Мы ўвесь час уцягнутыя ў гэтую тэму — як не страціць кантакт з рэальнасцю, не ператварыцца ў зусім адарванае ад жыцця эмігранцкае мэдыя. Гэта праблема для ўсіх незалежных СМІ, вымушаных з'ехаць. Думаю, вы ўяўляеце, як хутка траціцца гэтая сувязь: ужо праз месяц-два ты перастаеш дакладна разумець, што маюць на ўвазе твае сябры, якія засталіся дома. Якія яны перажываюць эмоцыі, мы толькі здагадваемся. Таму наша задача — не страціць гэты кантакт.

«Яны не разумеюць, што адбываецца, яны толькі разумеюць, што трэба тэрмінова выратаваць свайго хлопчыка ці свайго мужа»

— Я хацела пагаварыць пра вашу праграму «Женщины сверху». Працытую яе вызначэнне з сайту «Дождя»: «Не пра прыгажосць, уборы і мужчын, а пра жаночыя пытанні, якія з другарадных за апошні год сталі галоўнымі. Гэта сучасны погляд на права жанчын удзельнічаць у палітыцы, супраціўляцца гвалту, зарабляць на роўных». Я хацела пагаварыць аб жанчынах і вайне. Я вельмі шмат, пачынаючы з лютага, слухала, чытала, што кажуць жонкі, маці, сяброўкі прызыўнікоў, расійскіх вайскоўцаў. Магу памыліцца, але амаль 99% — гэта скаргі на ржавыя аўтаматы, на тое, што добра не падрыхтавалі, не далі адпаведнага рыштунку, што начальства хлусіць. Яны не хочуць, каб блізкіх забілі на вайне «хахлы» або «ўкропы», як яны кажуць. Але я не чула, каб гэтыя жанчыны казалі: мы не жадаем, каб забівалі дзяцей, мужоў, бацькоў украінак, вайна злачынная. У вас вялікая выбарка, вы больш чуеце і лепей ведаеце кантэкст. Я памыляюся ці гэта сапраўды так?

— Гэта ж размова пра грамадства. Грамадства неймаверна інфантыльнае. Не магу сказаць, што яно апалітычнае, яно проста вельмі інфантыльнае, і адчувае сябе вельмі далёкім і адарваным ад гэтай вайны, яно яе ўвогуле не ўсведамляе. Гэта недзе там адбываецца, за рубяжамі, недзе далёка, недзе на экране тэлевізара. І цяпер, калі ў Расію прыйшла мабілізацыя, калі вайна прыйшла ў кожны дом і ў кожную сям’ю, калі ў кожнай сям’і ёсць пагроза гібелі мужа, дзіцяці, брата і гэтак далей, яны з вайной сутыкнуліся нос у нос.

Яны ўвогуле абсалютна да гэтага не гатовыя. Ні ў кога з іх няма ўласнага пункту гледжання. Гэтыя людзі заўсёды існавалі ў кокане. Большая частка — амаль уся краіна — абсалютна «адмарожвалася», ёй было нецікава, яе не цікавіла палітыка. Нехта там ля тэлевізара нешта абмяркоўваў. Лічылася, што палітыка — гэта для ўлады, асабліва вонкавая палітыка — дакладна для ўлады. Ёсць нейкія вонкавыя ворагі, нейкія там «укропы», нейкія там «амерыканцы-піндосы», як яны гаварылі.

Большая частка людзей ніколі не падарожнічала. Толькі 7% расіян маюць замежныя пашпарты. І была нейкая асобная рэальнасць у федэральным эфіры. І раптам іхных уласных дзяцей, уласных мужоў адпраўляюць на гэтую вайну, на смерць, і яны абсалютна не могуць гэтую гісторыю зразумець і адрэфлексаваць. Не разумеюць, што адбываецца. Яны толькі разумеюць, што трэба тэрмінова выратаваць свайго хлопчыка ці свайго мужа. І не разумеюць як. Не разумеюць перадумоваў таго, што адбываецца цяпер. Такія крыху прымітыўныя пачуцці.

Каб атрымаць пацыфісцкі імпульс, каб зразумець, што з іхных родных робяць забойцаў, трэба крыху задумацца, трэба навучыцца думаць. Большая частка краіны не думае, не разважае, не аналізуе і не разумее. Але я перакананая, што неўзабаве пачне, што гэтае ўсведамленне прыйдзе ў кожны дом. Але пакуль яны знаходзяцца ў такім жа мораку прапаганды, ім здаецца, што глабальна ўсё адбываецца слушна, проста канкрэтна з іхнымі блізкімі выйшла нейкая непрыемная памылка, бо на нізавым узроўні заўсёды падманвалі, была карупцыя, былі праблемы з мянтамі і гэтак далей.

Праблемы на нізавым узроўні яны разумеюць, адкуль усё ідзе. Чаму не даюць нармальнай зброі, нармальнага рыштунку, абароны, не кормяць, не даюць піць, не плацяць — гэта ім зразумела. А ў тым, што на глабальным узроўні ўсё слушна, яны не сумняюцца. Гэта такое раздваенне свядомасці, вымушаная сацыяльная шызафрэнія. Так, мы ўсе расчараваныя, расчараваныя ў гэтых жанчынах, расчараваныя ў сваіх сябрах і суседзях, якія падтрымліваюць вайну, якія дагэтуль не «ўрубіліся», куды іх уцягнулі.

Але дадзенасць такая — вельмі шмат людзей, якія не разумеюць, што адбываецца, не хочуць думаць і не хочуць рабіць гэтае намаганне, бо гэта вельмі непрыемна. Бо любое намаганне, любы аналіз сітуацыі пакажа, што і яны вінаватыя ў тым, што адбываецца, што і яны не пастараліся змяніць уладу, паўплываць на падзеі, на свой лёс. Усведамляць гэта яшчэ больш балюча, чым усведамляць памылкі на месцах. Таму і такая драма, якую мы назіраем. І жанчыны тут не вінаватыя, тут вінаватыя глабальна людзі, якія гадамі іх адурманьвалі, абалваньвалі, не спрабуючы ўцягнуць у грамадзянскую супольнасьць.

— Што жанчына можа змяніць у вайне? Што расійская жанчына можа змяніць у гэтай вайне?

— Жанчына можа тое самае што і мужчына. Яна можа праявіць сваю пазіцыю. Тут няма ніякай гендэрнай розніцы. Жанчына можа гэтак жа праявіць волю, яна можа не даць свайму мужчыну пайсці ў армію, схаваць яго, зберагчы яго. Як уласна і мужчына. Дастаткова проста не быць мяшком, не адгароджвацца да таго, што адбываецца. Бо гэтая вечная расійская ілюзія, што ўсё адбываецца недзе далёка адсюль, развеялася, перастала працаваць. Усё цяпер адбываецца з табой самім.

Цяпер трэба быць актыўным, а далёка не ўсе разумеюць гэта і гатовыя гэта рабіць. Сітуацыя дайшла да таго, што гэтыя няшчасныя жонкі павінны ісці праз мяжу пешкі, без падрыхтоўкі, без нічога, без кантактаў з мужамі, і мужы ім тэлефануюць толькі з пунтку сутыкнення з украінцамі і кажуць: у нас нічога няма — ані камандавання, ані зброі, ані ежы, ані вады — і нас ніхто эвакуяваць не хоча.

І вось яны ідуць ратаваць сваіх мужоў, пераходзяць мяжу, спрабуюць туды трапіць. Гэтаксама, як і салдацкія маці падчас чачэнскай кампаніі, што гэтаксама ехалі ў Чачню ратаваць сваіх хлопчыкаў, якіх ніхто, акрамя іх, не ратаваў. Гэта вечная расійская «штука». Сітуацыя даведзеная да той крайнасці, калі смерць грукаецца табе ў акно, і ты павінен расчыніць акно, выйсці ў яго і вырашыць праблему сваімі рукамі. Хаця б праблему сваёй сям’і.

«Я лічу сябе адэсіткай. Гэта мая галоўная ідэнтыфікацыя»

— Ганна, вы нарадзіліся ў Адэсе. Ці лічыце сябе адэсіткай? Што цяпер з вашым адэскім домам, з вашымі блізкімі, знаёмымі?

— Так, я лічу сябе адэсіткай. Гэта мая галоўная ідэнтыфікацыя. Толькі так сябе і называю. Было б дзіўна ад гэтага адмяжоўвацца. Не разумею людзей, які адмяжоўваюцца ад сваёй радзімы, калі яны яе любяць. Я з'ехала з Адэсы, калі мне было 9 гадоў. Мае родныя, якія там заставаліся, ужо ўсе ці памерлі, ці эмігравалі. Адэса ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х перажыла фенаменальны эміграцыйны вал, эміграцыйную інфекцыю, вірус. З'ехала вельмі шмат людзей.

Засталося некалькі сяброў. Маёмасць, што ў нас была, мы даўно прадалі. Засталася кватэра, дзе я жыла ў дзяцінстве, ужо не ў нашай уласнасці. Я сачу за яе лёсам. Гэта стары адэскі дом, ён на 17 гадоў маладзейшы за сам горад. Ён на Грэцкай вуліцы, там цяпер грэцкі рэстаран, які называецца «Нікас». Тыдзень таму дом гарэў якраз у раёне нашай кватэры. Выкладалі відэа на адным з украінскіх сайтаў.

Гэта было вельмі балюча. Для мяне гэты дом — сімвал нечага важнага дзіцячага, найлепшага, што са мной адбывалася, бо дзяцінства ў Адэсе было бездакорна шчаслівым. Усё, што цяпер адбываецца, для мяне — раздваенне. Вядома, гэта адбываецца з маёй радзімай, і для мяне няма выбару — натуральна, я на баку Украіны. І мне вельмі балюча, што ўсю гэтую вакханалію ўчынілі людзі, з якімі ў мяне адно вызначэнне грамадзянства.

Я — грамадзянка Расіі, і для мяне вельмі балюча, што расійская ўлада выдае сябе за прадстаўнікоў усёй краіны. Вядома ж, не ўся краіна іх падтрымлівала, і значная частка краіны спрабавала змагацца з ёй, не даваць, каб нармальнае жыццё ператварылася ў дыктатуру.

Але ўсё гэта адбылося, і мне вельмі непрыемна, што ўсё гэта адбываецца ад майго імя. Я спрабую неяк разабрацца з сабой. Гэта праблема ідэнтычнасьці, якая цяпер стаіць перад велізарнай колькасцю расіян — хто яны, як сябе самавызначыць у свеце, як патлумачыць іншым, якіх поглядаў ты трымаешся і чаму ты не зрынуў умоўнага пуціна за ўсе гэтыя дваццаць з нечым гадоў. І чаму ў нас не атрымалася. Мне гэта прыходзіцца тлумачыць кожнаму новаму знаёмаму. Я жыву ў Латвіі, мне вельмі хочацца перад кожным у гэтым сэнсе апраўдацца.

«Украіну чакае фенаменальны поспех»

— Што будзе з Украінай пасля вайны?

— Я перакананая, што Украіну чакае фенаменальны поспех, што Украіна будзе культавым месцам для свету, бо Украіна сябе праявіла фенаменальна — як краіна з жалезнай воляй і характарам, дэмакратычная, сучасная. Сацыяльна неймаверна перспектыўная, зрабіла фенаменальны рывок на фоне гэтых драматычных абставінаў, і нам усім (ураджэнцам Украіны) хочацца пастаяць побач, бо мы ўсе ў нямым захапленні. Я думаю, што папраўдзе не толькі мы, а ўвесь свет.

Украіну падтрымліваць вельмі лёгка, гэтая сітуацыя афарбаваная ў такія відавочныя колеры, абсалютна зразумела, дзе белы, а дзе чорны. Я думаю, што ўвесь свет будзе шчаслівы Украіне дапамагаць і з захапленнем назіраць, як яна расквітнее, інвеставаць у яе ўрбанізацыю і аднаўленне, бо гэта відавочна добрая справа. Гэта не проста плюсікі ў карму, гэта сапраўдны кайф — назіраць, што ёсць людзі, якія ўмеюць настолькі ўпэўнена адстойваць свае каштоўнасці. З Украінай будзе ўсё ў парадку.

А вось што будзе на тэрыторыі Расіі, пакуль не зразумела, і пакуль гэта змрочная перспектыва. А там вельмі шмат блізкіх і родных мясцінаў, хочацца, каб там таксама было ўсё добра, каб там таксама расквітнела нешта новае наўзамен таго палітычнага балота, што цяпер ёсць.

— Што будзе з Беларуссю пасля вайны?

— Я лічу, што гэтая вайна зменіць усіх нас, што яна паўплывае і на лёс Беларусі. Беларусь вельмі звязаная з Расіяй, і параза Расіі немагчымая, на жаль ці на шчасце, без паразы цяперашняй Беларусі — у яе цяперашнім выглядзе. Мне здаецца, што гэта капітальна пойдзе на карысць усім. Але расчараванне будзе велізарным. Лукашэнку ў Беларусі называюць «сіняпалым». Гэтыя людзі будуць хапацца за сваю ўладу да апошняга і цягнуць усіх нас за сабой — усіх сваіх грамадзянаў, і тых, хто ў краіне, і тых, хто з'ехалі, і ўсіх, хто з імі быў звязаны.

На жаль, Беларусь таксама чакае трагічны перыяд, калі скончыцца вайна ва Украіне. Я веру, што яна закончыцца перамогай. І трэба нейкім чынам Беларусь выцягваць з балота, як усе мы рыхтуемся выцягваць з балота Расію. Калі-небудзь нашы навыкі спатрэбяцца.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
46
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
7
Абуральна
13
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930